Смех скрозь слёзы

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

“Смешныя людзі” паводле аднаактавых п’ес-жартаў Антона Чэхава ў коласаўскім тэатры
Такі спектакль на коласаўскай сцэне мусіў з’явіцца даўно. У розных рэжысёраў з’яўляліся задумы наконт пастановак чэхаўскіх п’ес-жартаў. Хтосьці іх называе мініяцюрамі, хтосьці вадэвілямі, апошняе вызначэнне ўяўляецца мне найбольш дакладным і правільным, асабліва ўлічваючы вялікі ўнёсак славутага драматурга ў трансфармацыю гэтага жанра, пашырэнне яго рамак.

/i/content/pi/cult/706/15467/11.jpgІ вось у гэтым, цяпер ужо мінулым тэатральным сезоне (прэм’ера “Смешных людзей” адбылася акурат на яго закрыццё), да чэхаўскіх “маленькіх камедый” звярнуўся заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Юрый Пахомаў. Нагадаю, што гэты рэжысёр ужо мае сталы вопыт супрацоўніцтва з коласаўскім тэатрам, зрабіўшы на яго сцэне цэлы шэраг пастановак. Як правіла, ён звяртаецца да моцнага і апрабіраванага драматургічнага матэрыялу, умее знайсці дакладную форму спектакля. І артысты з ім працуюць з вялікім задавальненнем: Юрый Аляксеевіч добра адчувае магчымасці і творчы патэнцыял выканаўцаў, умее выцягнуць з акцёра глыбока ў ім схаванае.

Зусім невыпадкова рэжысёр аб’яднаў у адным спектаклі два вядомыя вадэвілі — “Юбілей” і “Прапанову”, з яе трагікамедыйным (ва ўсякім выпадку, у гэтым прачытанні) маналогам “Пра шкоду тытуню”. Ім пачынаецца дзея, ён працягваецца пасля антракту і завяршаецца на журботна-шчымлівай ноце фіналу. Можна паспрачацца ў дадзеным выпадку з рэжысёрам і яшчэ больш з выканаўцам ролі Нюхіна Генадзем Гайдуком, чаму ў вобразе знік хоць якісьці камізм. Прынамсі, на пачатку спектакля ён мог бы быць, тады і вобраз не стаў бы такім аднастайным, статычным. Але менавіта гэты маналог па прынцыпе кантрасту дазваляе, прымушае іначай зірнуць і на герояў іншых вадэвіляў — так бы мовіць, абсалютна камедыйных.

У Чэхава ўсюды, ва ўсіх творах — смех скрозь слёзы. І гэта прасочваецца ў такім спектаклі. Гумар — толькі абгортка, але далей узнікае і сум, і туга, і гэткі іранічна-з’едлівы погляд на герояў, на рэчаіснасць у цэлым.

Адносіны паміж мужчынам і жанчынай у гэтых п’есах — вядома, галоўнае. Але смею выказаць меркаванне, што яны з’яўляюцца толькі нагодай. Скажам, тут і пра інтэлігенцыю, якая дазволіла падпарадкаваць сябе нахабнаму, агрэсіўнаму мяшчанству, і гэта прывяло да яе дэградацыі. У Чэхава заўсёды верхні пласт хавае другі, больш глыбокі. Таму спектакль гучыць вельмі сучасна.

Чэхаў цудоўна ведаў спецыфіку і законы вадэвільнага жанру, які ён моцна ўдасканаліў. Напрыклад, з вобразаў-масак — героя-каханка, героя-дзівака, героя-шэльмы, гераіні-ўдавы ці пажылой дзявухі — стварыў характары, зусім рэальныя жыццёвыя тыпы. Таму і ў “Юбілеі”, і ў “Прапанове” вялікая роля надаецца інтрызе. Праўда, інтрыгу тут стварае алагізм, непрадказальнасць паводзін і ўчынкаў персанажаў, а гэта значыць — сцэнічныя характары.

Па сведчанні сучаснікаў, падчас аднаго з першых паказаў “Юбілею” публіка не проста рагатала, але каталася ўпокат ад смеху. Магчыма, не зусім такая, але блізкая была і рэакцыя віцебскай публікі на прэм’ерным спектаклі. Бо ў вадэвілі занятыя прызнаныя камедыйныя артысты коласаўскай трупы Раіса Грыбовіч (Мярчуткіна) і Георгій Лойка (у ролі Шыпучына).

Гэткага расфуфыранага дырэктара банка хутчэй можна сабе ўявіць на свецкім раўце альбо дыпламатычным прыёме, чым на чале сур’ёзнай установы. Камедыйнасць якраз і ўзнікае за кошт поўнай неадпаведнасці знешніх манер ды паводзін персанажа яго сацыяльнаму статусу. Магчыма, хіба, артысту не варта захапляцца ўжо назапашанымі прыёмамі, “гульнёй на публіку”. Тады будзе і па-сапраўднаму смешна, і больш пераканаўча.

А вось маладога артыста Яўгена Бераснева (Хірын) мы яшчэ не бачылі ў ролях такога кшталту — па-першае, ярка камедыйных, па-другое, узроставых. Праўдзіва і дакладна адчуваць сябе ў скуры даволі дзіўнага персанажа — відаць, былога інтэлігента, які стаў гэткай старой шэльмай — яму дапамагаюць знешнія атрыбуты ў выглядзе ўскудлачанага парыку, бакенбардаў, барады і акуляраў, а таксама жаночай хусткі, кацавэйкі і валёнак. А яшчэ — прыдуманая кульгавая хада.

Магчыма, не варта было паўтараць рэпрызу са спробай выпіць шклянку вады з пахмелля, некалі знойдзеную артыстам Яўгенам Лебедзевым у спектаклі БДТ “Энергічныя людзі”. Бераснеў робіць яе яскрава, але любому тэатралу гэта нагадвае анекдот з барадой. Усе сцэны з жанчынамі — Мярчуткінай і Шыпучынай — зроблены артыстам таксама віртуозна. Раіса Грыбовіч, пры ўсёй сваёй акцёрскай неўтаймаванасці і здольнасці да яркай імправізацыі, на гэты раз імкнецца падпарадкаваць сябе дакладнаму рэжысёрскаму заданню, упісаць свой вобраз у агульную партытуру спектакля. Чым больш распаляецца Хірын, тым больш спакойнай і ўпэўненай у сабе здаецца Мярчуткіна. Асабліва пацешнай падаецца сцэна, дзе ў самы пік “бітвы” за выжыванне яна раскладае на пісьмовым стале бухгалтара імправізаваны абед і смачна хрумсціць агурком.

Дарэчы, і для Алены Шарэпчанка роля жонкі дырэктара банка Таццяны — таксама нязвыклая, бо раней ёй даводзілася ствараць пераважна гераічныя, альбо лірыка-рамантычныя вобразы. Ёсць у яе рабоце выразнасць, дакладнасць, лёгкасць.

Па-рэжысёрску “мацней збітым” аказаўся другі вадэвіль — “Прапанова”. Ды і акцёры ў ім выглядаюць больш упэўненымі, выдатна адчуваюць жанравую прыроду спектакля, дэманструюць схільнасць да гратэску, гіпербалізацыі — але, разам з тым, не пераходзяць тую мяжу, за якой пачынае безгустоўе. Маладыя акцёры Цімур Жусупаў (Ломаў) і Вікторыя Шамардзіна (Наталля Сцяпанаўна) быццам даводзяць, што любы, нават самы складаны рэжысёрскі малюнак яны здольны апраўдаць бліскучай ігрой.

Камізм тут часткова будуецца на кантрасце знешніх фактур — кволага суседа-залётніка і мажнай будучай нявесты. Адпаведна з імі ўключаецца ў фарсава-вадэвільную стыхію чэхаўскага жарту больш вопытны майстар — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў. Абсурднасць мяшчанскага быцця, абмежаванасць і недарэчнасць некаторых чалавечых прынцыпаў яскрава паказаны Чэхавым і ў гэтай п’есе. Калі ў першым выпадку жарсці кіпяць і даводзяць ледзь не да вар’яцтва з прычыны юбілею банка, то тут прадмет канфлікту — бессэнсоўная прынцыповасць усіх трох герояў, якая робіцца перашкодай для шлюбу.

Разам з акцёрскай ігрой і дакладна прадуманай рэжысёрскай формай, хочацца вылучыць і цікавую сцэнаграфію. Яе аўтар — ужо вядомы ў Беларусі не толькі па коласаўскіх спектаклях, але і па многіх прыватных праектах (скажам, цэнтра “Арт карпарэйшн”) мастак Андрэй Жыгур. Тут ён прапануе варыянт “тэатра ў тэатры”. Адсюль і своеасаблівая зялёная заслона, якая аб’ядноўвае розныя вадэвілі ў адзін спектакль. Але ўнутраная, так бы мовіць, фактура дзвюх частак розніцца паміж сабой. Калі ў “Юбілеі” гэта фотапавільён з інтэр’ерам офіса, то ў “Прапанове” — прыгожы асенні парк з парудзелай лістотай, у які ўпісваюцца камін, кухонная шафа ды іншыя дэталі інтэр’ера жытла Чубуковых.

Спектакль завяршаецца рамансам “У месячным ззянні”, пад які на паклон да гледача выходзяць усе героі. Адпаведна, нягледзячы на заяўлены вадэвільны жанр, фінал у яго — сумна-тужлівы.

Юрый ІВАНОЎСКІ