Новыя рэйкі знаёмых правілаў

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Роўна тыдзень застаўся да пачатку новага навучальнага году. Мінулы для многіх бацькоў выдаўся непрыемна нервовым: яны чакалі новыя правілы паступлення ў гімназіі. Хваляваліся і бацькі юных мастакоў, танцораў, музыкантаў. Хоць гімназіі-каледжы мастацтваў стаяць паасобку ад агульнаадукацыйных устаноў, усё ж, падпарадкоўваюцца яны напрамкі Міністэрству адукацыі. Аглядальнік “К” высвятляла, што змянілася для навучэнцаў-творцаў і ці прыйшліся тыя змены даспадобы ўсім удзельнікам навучальнага працэсу.

/i/content/pi/cult/706/15464/7.JPGСпальняў пакуль няма

Пакуль чыноўнікі, настаўнікі і бацькі ламалі дзіды ў спрэчках на тэму, якой павінна быць нацыянальная гімназічная
адукацыя, самі гімназіі-каледжы мастацтваў (ГКМ) чакалі афіцыйнага дакумента, каб зразумець, па якіх правілах праводзіць уступную кампанію. Першы раз дырэктарам гэтых устаноў я тэлефанавала яшчэ ўзімку, але яны прапанавалі перанесці размову. Цалкам зразумела: ГКМ з’яўляецца ўнікальным тыпам
адукацыі, вучэбныя планы распрацоўваюцца для іх індывідуальна, улічваючы запыты, традыцыі і ўмовы кожнай з іх паасобку. Але прыстаўка “гімназія” ў доўгай назве не дазваляла заставацца спакойным падчас перагляду патрабаванняў да агульнага адукацыйнага працэсу.

Дык што за “звер” такі — гімназія-каледж мастацтваў, калі падыходзіць да пытання з юрыдычнага боку? Згодна з артыкулам 156 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, ГКМ — гэта навукова-педагагічны комплекс, у якім адбываецца адукацыя і выхаванне на ІІ і ІІІ ступенях агульнай адукацыі з вывучэннем на павышаным узроўні прадметаў, змест якіх накіраваны на развіццё здольнасцяў навучэнцаў у галіне асобных відаў мастацтва. У такім комплексе павінна рэалізоўвацца і праграма сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Таму яшчэ не так даўно самымі малодшымі школьнікамі ў многіх беларускіх ГКМ былі пяцікласнікі. Іншыя карысталіся ўдакладненнем у норме закона пра магчымасць рэалізацыі адукацыйнай праграмы пачатковай
адукацыі і набіралі вучняў у другі-чацвёрты класы. Аднак паводле новых нормаў кожная гімназія павінна адкрыць першыя класы, і ГКМ тут не выключэнне.

Праўда, для ўстаноў з творчым ухілам рамкі новаўводзінаў не такія жорсткія — спецыялісты ад адукацыі разумеюць, што надзвычай складана адразу знайсці новыя плошчы пад вучэбныя заняткі і спальні. Апошняе —
абавязкова, бо згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 206, рэжым дня навучэнцаў першых класаў павінен прадугледжваць іх дзённы сон.

У ГКМ імя Івана Ахрэмчыка, пытанне аб адкрыцці першых класаў ужо разглядаюць, але сёлетняя ўступная праграма прайшла па традыцыйных правілах. На сайце можна пабачыць кантрольныя лічбы прыёму: 24 чалавекі ў 2 клас і па столькі ж у 5 (мастацкі профіль) і 5 “А” (музычны кірунак).

Пра складаную задачку са спальнямі гаворыць дырэктар Мінскай дзяржаўнай ГКМ Лілія Міцура. Іх установа адукацыі месціцца ў будынку, які ўзводзіўся пад патрэбы звычайнай сярэдняй школы, таму ў праекце не былі закладзены памяшканні пад майстэрні. А згодна з пунктам 36 главы 3 тых жа санітарных нормаў, у ГКМ “для арганізацыі заняткаў па вучэбных прадметах, змест якіх накірваны на развіццё здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтваў […] неабходна прадугледжваць выдаткоўванне спецыяльна абсталяваных памяшканняў для правядзення адпаведных вучэбных заняткаў”.

— Усе памяшканні, якія мы маглі вызваліць, мы аддалі пад майстэрні, каб стварыць неабходныя ўмовы і гімназіі, і каледжу. Мая ўдзячнасць гораду, што нас зразумелі і дазволілі ў гэтым годзе не адкрываць першыя класы, — дадае Лілія Аляксееўна.

А вось Магілёўскай ГКМ пра неабходнасць пачатковай школы пачалі гаварыць яшчэ летась. Калі ва ўстанову на пасаду дырэктара прыйшоў Аляксандр Курсакоў, першыя класы ўжо былі створаны. Сёлета ў так званай пра-гімназіі будуць дзейнічаць ужо дзве паралелі. Аляксандр Яўгенавіч растлумачыў, што навучальныя кабінеты і спальні для малодшых школьнікаў яны арандуюць у іншай школы.

І такую тэндэнцыю можна назіраць па ўсёй краіне. Без зменаў у плане набору працягвае існаваць хіба толькі Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж. Што, па шчырасці, не можа не радаваць: усё ж, адукацыя артыстаў балету мае сваю ўнікальную спецыфіку.

Адмена як падарунак

Грамадскае хваляванне ў мінулым вучэбным годзе выклікала адмена ўступных экзаменаў у гімназіі. Але рашэнне, якое стала яблыкам разладу ў колах агульнаадукацыйных, прынесла сапраўднае збаўленне для творчых устаноў адукацыі. Да апошніх змяненняў перспектыўнае дзіця, якое набрала вялікія прахадныя балы па выніках творчага конкурсу, магло прыкра зрэзацца на іспытах па матэматыцы ці мове. І хоць, як мяне запэўнівалі суразмоўцы, ва ўстановах у якіх ёсць чацвёртыя класы, іх навучэнцы і так добра вучацца і маюць неблагі сярэдні бал, усё ж адмена агульнаадукацыйных экзаменаў, несумненна, дапамагае патрапіць на запаветнае месца больш таленавітым.

— Творчыя дзеці — яны ж асаблівыя! — працягвае Лілія Міцура. — У некаторых пачаткоўцах адразу можна ўбачыць маленькага мастака. І творчым прадметам яны аддаюць перавагу. Калі мы распавялі сваім чацвёртакласнікам навіну пра адмену экзаменаў, тыя былі ў захапленні! Дзеці напрыканцы года сталі больш спакойнымі, бо ў сваіх творчых здольнасцях яны ўпэўнены. Што не заўсёды можна сказаць пра тую ж матэматыку.

Падтрымлівае калегу і Аляксандр Курсакоў. Ён нагадаў: першасную важнасць у дадзеным выпадку маюць менавіта творчыя здольнасці, а ўзровень паспяховасці па агульнаадукацыйных дысцыплінах пасля пачатковай школы не такі істотны. А ўжо ў сценах творчай установы дзецям дадуць у тым ліку і дабротную гімназічную адукацыю.

Такім чынам, у сёлетнюю ўступную кампанію будучым пяцікласнікам засталося спаборнічаць толькі ў таленце. Такому рашэнню асабліва ўзрадаваліся ў харэаграфічнай гімназіі-каледжы, куды на іспыты едуць з усёй краіны.

— Матэматыцы і мове можна навучыць ледзь не кожнага, а вось для балетнай адукацыі неабходныя дзеці ў першую чаргу з адметнымі прыроднымі дадзенымі, — кажа дырэктар установы Зорыя Дусенка.

“Праз недастатковасць здольнасцяў”

У пастанове Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь да 3 сакавіка 2018 года замацавана яшчэ адно правіла:
“Паўторнае правядзенне праверкі здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтва пры прыёме асоб для атрымання сярэдняй адукацыі ў ГКМ не дапускаецца”. Іншымі словамі, прынятых у пяты клас дзяцей абавязаны давесці да выпуску. Выключаць з-за таго, што навучэнец аказаўся не такім здольным у творчасці, як на тое разлічана ў адукацыйнай праграме, нельга. Але дырэктары мяне запэўнілі, што і без такога юрыдычнага радка размовы пра выключэнне праз, умоўна кажучы, недастатковасці таленту, ніколі не ішло.

— Дзяцей мы прымаем паводле іх дадзеных. І наша мэта развіць тое, што закладзена прыродай, — тлумачыць Зорыя Дусенка. — Так, у аднаго дадзеных больш, у другога — менш, але ўсе, каго мы прынялі ў пяты клас — залаты фонд школы. Мы над імі дрыжым, іх вядзём, выхоўваем. Іншая справа, што бацькі маюць законнае права забраць сваю крывіначку, калі палічылі, што ёй цяжка даецца наша нагрузка. У нас жа тут практычна тры школы ў адной: танцоўшчыкі вывучаюць асновы балетнай прафесіі, праходзяць агульнаадукацыйную праграму і курс ігры на фартэпіяна ў поўным аб’ёме. І ўсё роўна мы просім бацькоў яшчэ раз ўзважыць сваё рашэнне забраць дакументы. Нашы педагогі раяць часцей хадзіць на балет, каб дзіця прасякалася мастацтвам — тады ўзрасце матывацыя.

Ад чаго хацела б адысці дырэктар харэаграфічнай гімназіі-каледжа, дык гэта ад уступнай кампаніі пасля 9 класа. Спецыфіка навучання артыста балета ў тым, што яго адукацыя — бесперапынная на працягу доўгіх гадоў. Таму пры любым раскладзе ў конкурсе на паступленне на першы курс удзельнічаюць менавіта дзевяцікласнікі. Навошта ж тады дадатковы стрэс ад экзаменацыйнай віхуры?

Таму ўзнікае пытанне: ці не вярнуцца да старой практыкі, калі пасля заканчэння ІІ ступені агульнай адукацыі клас аўтаматычна пераходзіў на І курс? Конкурс ладзіўся толькі для ахвотных патрапіць на вольныя месцы, бо ў харэаграфічнай вучэльні таксама адбываюцца працэсы, натуральныя для любой школы: кагосьці прыкмячаюць на міжнародных конкурсах і запрашаюць у балетныя класы замежжа, хтосьці сыходзіць з балету па стане здароўя, камусьці захацелася паспытаць шчасця ў другой галіне.

Палёт нармалёвы!

Ахвотныя навучацца ў ГКМ павінны здаваць творчыя іспыты пры паступленні на любую са ступеняў агульнай сярэдняй адукацыі (палажэнне не датычыцца толькі дзевяцікласнікаў названай установы, якія вырашылі працягнуць навучанне ў 10 класе сваёй альма-матэр). Дзякуючы гэтай акалічнасці, ГКМ змаглі пазбегнуць страшнага сну звычайных гімназій — замацавання за мікрараёнам. Па ўсёй краіне правам на вывучэнне творчых дысцыплін на павышаным узроўні можа скарыстацца любы школьнік горада.

Апошняя ўступная кампанія маіх суразмоўцаў цалкам задаволіла. Па сцвярджэнні Аляксандра Курсакова, прыемнасці дадала канструктыўная інструкцыя ад міністэрства адукацыі, у якой былі дакладна прапісаны тэрміны прыняцця дакументаў ад абітурыентаў, правядзення іспытаў і даты залічэння.

— Калі раней мы арыентаваліся на палажэнне аб агульнай сярэдняй
адукацыі, то сёлета ведалі ўсё, датычнае менавіта ГКМ больш дэталёва. Стала прасцей, — адзначае спадар дырэктар.

Суразмоўцы запэўнілі мяне, што без зменаў засталіся лічбы набору, а таксама адукацыйныя праграмы, датычныя профілю кожнай з устаноў. Таму апошні жнівеньскі тыдзень адміністрацыя і педагогі праводзяць спакойна, у звыклых клопатах. Хутка празвініць першы ў гэтым навучальным годзе званок.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"