Штосьці мяняць мо і трэба. Але далёка не ўсё

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Напярэдадні навучальнага года карэспандэнт “К” запытаў рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіла БАРАЗНУ, што варта было б зрабіць у акадэміі для яшчэ больш якаснай падрыхтоўкі творчых кадраў. Разгорнуты адказ на гэта пытанне мы прапаноўваем чытачам. Гаварыў рэктар пра пытанні “вытворчыя”, але ж вядома, што “творчасць” і “вытворчасць” — словы аднаго кораню.

/i/content/pi/cult/706/15462/6.JPGЧас навучання

— Колькі памятаю сябе студэнтам, выкладчыкам, а цяпер вось і рэктарам акадэміі, столькі ж часу ідзе гаворка пра рэфармаванне яе структур, перагляд пэўных чыннікаў навучальнага працэсу, а калі-некалі робяцца і практычныя захады ў гэтым напрамку. Сёння актуальнай лічыцца тэма тэрмінаў навучання на розных факультэтах. Да нядаўняга часу не ставілася пад сумнеў тое, што менавіта цяперашні час навучання гарантуе высокую якасць падрыхтоўкі спецыялістаў для сферы мастацтва. Але трэба браць да ўвагі тое, што жывём мы ў ХХІ стагоддзі. Сучаснае грамадства нездарма называюць інфармацыйным, бо паўсюдна пануюць камп’ютарныя тэхналогіі, доступ да інфармацыі стаў лёгкім, як ніколі дагэтуль. У гэтых умовах пэўныя, правераныя часам пастулаты, на якіх традыцыйна трымаецца адукацыйная сістэма культуры і мастацтва, падаюцца не такімі ўжо і трывалымі.

Сёння ў нас у акадэміі няма праблем, памятных з часоў майго вучнёўства, калі, бадай, адзіным інструментам для студэнта быў традыцыйны аловак, пэндзаль, стэка, а на некаторыя кнігі па гісторыі мастацтва ў бібліятэцы чарга стаяла. Мастацкія матэрыялы рынак прадстаўляе ў патрэбнай колькасці. Дададзім сюды патэнцыял камп’ютара, без якога зараз нікуды. Вось і атрымліваецца, што працэсы засваення тэарэтычных ведаў і асобных практычных навыкаў аб’ектыўна сталі больш інтэнсіўнымі. Большы аб’ём інфармацыі можна атрымаць за меншы час. Што павінна адбіцца на інтэнсіфікацыі ўмоў навучання. Гэта па-першае.

Тэорыя і практыка

— Па-другое, мы і самі бачым, што мастацкая адукацыя развіваецца ў напрамку больш маштабнай практычнай рэалізацыі назапашаных студэнтамі ведаў. Возьмем, да прыкладу, кафедру манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Гадоў дваццаць таму дыпломнікі абараняліся на аб’ектах даволі рэдка. Дастаткова было прадставіць на абарону фрагмент у матэрыяле памерам метр на метр, планшэты і макет. Цяпер жа амаль кожная дыпломная работа — гэта рэалізаваны вялікі праект, які абапіраецца на творчую канцэпцыю. З гэтага вынікае, што наша сістэма мастацкай адукацыі стала больш эфектыўнай, больш набліжанай да практыкі. Зрэшты, і раней яна была практыкаарыентаванай: чыстая тэорыя ніколі ў акадэміі не дамінавала, хаця тэарэтычныя даследаванні ў нашай навучальнай установе таксама выйшлі на новы грунтоўны ўзровень. Ад кожнага скульптара, графіка, жывапісца, мастака дэкаратыўна-прыкладнога профілю патрабуецца стварэнне рэальнай працы, выканання канкрэтнага твора. Тое самае тычыцца і тэатральнага мастацтва, і экраннага. І рэалізуецца гэты прынцып з першага курса.

Манументальнае мастацтва

Часам я чую, што пад відам манументальнага мастацтва ў нас культывуецца станковы жывапіс. Маўляў, манументалісты
абараняюцца станковымі работамі. Дык вось з гэтым я катэгарычна не згодны. За ўсю гісторыю кафедры станковыя творы былі прадстаўлены на абаронах толькі двойчы. Але ж гэтыя дыпломы былі прызначаны для канкрэтных інтэр’ераў са своеасаблівай прасторай. Адзін — для тэатра Янкі Купалы, другі — для пасольства Рэспублікі Беларусь у Азербайджане.

Кафедру манументальна-дэкаратыўнага мастацтва я згадаў невыпадкова. Тут навучальны працэс пастаўлены асабліва грунтоўна. І дыпломныя работы гэта пацвярджаюць. Скажам, роспіс манастыра ў Баркалабава атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва 2015 года. Магу яшчэ нагадаць дыплом, які ўяўляў сабою вітраж плошчаю 70 м2.

“Аспірантура” для мастакоў

На гэтай кафедры нельга змяняць тэрміны навучання ў бок змяншэння. За меншы час высокакласнага манументаліста не падрыхтуеш. Тут камп’ютар ці іншыя тэхналагічныя навацыі, справу істотна не паскораць. Тое ж датычыць і кафедры скульптуры. І будучым рэстаўратарам трэба вучыцца столькі, колькі вучацца зараз. Увогуле, я за тое, каб найбольш таленавітыя выпускнікі мастацкага факультэта мелі магчымасць пасля абароны дыплома прадоўжыць навучанне ў акадэмічных майстэрнях — кшталту тых, якімі калісьці кіраваў Міхаіл Савіцкі. Малады мастак не можа на пачатку творчай кар’еры дазволіць сабе ўласную майстэрню, а так ён пэўны час будзе мець добрыя ўмовы каб адтачыць майстэрства, і прайсці сталенне ў высокапрафесійным асяроддзі. Падкрэслю: гэта не для ўсіх, але для самых выбітных.

У залежнасці ад спецыяльнасці

Не прапаную кардынальнага змянення тэрміну навучання нідзе. Разумею, што гэта дыскусійная тэма. Яе трэба абмяркоўваць з людзьмі культуры і мастацтва, са структурамі, адказнымі за стан культуры ў Беларусі, кіраўніцтвам прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе запатрабаваныя нашы выпускнікі. Але, да прыкладу, кінааператара і тэлеаператара, як і раней, трэба вучыць па розных праграмах, зыходзячы са спецыфікі прафесій. А вось тэлеаператару не давядзецца здымаць, скажам, маштабныя батальныя сцэны, і таму ягонае навучанне можа быць хутчэйшым.

Па меркаваннях спецыялістаў, для тэатральнага факультэта аптымальны тэрмін навучання — чатыры гады. І ў нас ён ужо даўно менавіта такі. Менш нельга. А ўдасканальвацца выпускніку тэатральнага факультэта зручней па месцы працы. Дызайнер — вельмі дынамічная прафесія, якая мусіць адпавядаць навацыям тэхналагічна развітага свету. Магчыма,
для гэтай спецыяльнасці больш падыходзіць не наш звыклы
падыход, калі пры падрыхтоўцы скарыстоўваюць метады, часткова запазычаныя на мастацкім факультэце, а, напрыклад, балонская сістэма. Прытым, што сваімі дызайнерамі мы можам ганарыцца: яны запатрабаваныя, лічы, ва ўсім свеце.

Падводзячы рысу

Традыцыйныя методыкі і разлічаныя на іх тэрміны навучання варта захаваць там, дзе новыя інфармацыйныя тэхналогіі і сучасны інструментарый прынцыпова нічога не змяняюць. Манументальнае мастацтва, скульптура, рэстаўрацыя і шэраг іншых творчых прафесій былі і застаюцца рукатворнай справай. Тут выпускнік мусіць быць не толькі вынаходнікам творчых ідэй, але і майстрам, здатным разлічваць у асноўным на свае сілы. А ў тых прафесіях, дзе выразна прысутнічае сучасны тэхналагічны чыннік, штосьці ў сістэме падрыхтоўкі трэба мяняць. А што мяняць і як — тэма дыскусійная.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"