Падрыхтавацца да разгерметызацыі!

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

У продаж паступілі білеты на спектаклі VIII міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”, які гэтым разам пройдзе пад слоганам “Разгерметызацыя”. Арганізатарамі гучнай сталічнай падзеі з’яўляюцца Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў “АРТ карпарэйшн”, ААТ “Белгазпромбанк” і “Газпром трансгаз Беларусь”. Форум ладзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарвыканкама.

/i/content/pi/cult/706/15460/4.JPGДля аматараў сучаснага тэатральнага мастацтва арганізатары традыцыйна падрыхтавалі тры праграмы: міжнародную, шоукейс Belarus Open і адукацыйную платформу “Школа ТЭАРТа”.

Калі вы пасля рэцэнзій “К” захацелі пабываць на той ці іншай айчыннай пастаноўцы, але ніяк не атрымлівалася, самы час прыглядзецца да праграмы Belarus Open: з 20 па 24 верасня ў рамках шоукейса пакажуць 10 самых гучных прэм’ер мінулых сезонаў. У абойму ўвайшла вострасатырычная версія “Рэвізора” ад Мікалая Пінігіна і яго вучня Дзмітрыя Цішко і шакавальны праз трапнасць пастаўленых пытанняў “Чалавек з Падольску” рэжысёра Дзмітрыя Багаслаўскага. Сталічныя тэатры разбавяць абласныя калектывы: Брэст прадставіць аўтарскі монаспектакль лідара этна-трыа “Троіца” Івана Кірчука “Дарожка мая”, Магілёў — пастаноўку Саўлюса Варнаса па п’есе Івана Вырапаева “Ліпень”.

У чарговы раз свой высокі ўзровень давялі айчынныя лялечнікі: Аляксей Ляляўскі прадставіць тэатральнай грамадзе свой погляд на класічную прытчу Бертольта Брэхта Mann ist mann, Аляксандр Янушкевіч прывязе з Брэсту эпічную “Новую зямлю”, а Яўген Карняг разам з маладзечанскімі артыстамі пакажа канцэптуальную работу ў жанры фізічнага тэатра “Сёстры Граі”. У праграму патрапіць і яго візуальная паэзія “Бетон” ад Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Упоравень з дзяржаўнымі ідуць незалежныя пастаноўкі: новы праект “ТОК” толькі вясною з’явіўся ў айчыннай прасторы, і ўжо дзве яго работы трапілі ў шоукейс Belarus Open. Гледачоў запрашаюць на нашумелы “Крыжовыпаходдзяцей” Юрыя Дзівакова і чаканую знаўцамі пастаноўку па п’есе Андрэя Іванова “С училища” ў рэжысуры Аляксандра Марчанкі.

У міжнароднай праграме заяўлена дзевяць назваў. У ёй прадстаўлены заўсёднік “ТЭАРТа” літовец Оскарас Каршунавас з сучаснай адаптацыяй п’есы Бертольда Брэхта “Вяселле” і даўні знаёмец форуму Цімафей Кулябін і ягоныя чэхаўскія “Тры сястры”. Упершыню завітае ў беларускую сталіцу легендарны фінскі рэжысёр Крысціян Смедс. З сабой ён прывязе спектакль “Проста кіназдымка” Нацыянальнага тэатра Фінляндыі.

Афішу папоўняць адразу тры харэаграфічныя пастаноўкі: ад паўднёвакарэйскага тэатра сучаснага танца “Мадэрн Тэйбл” (“Даркнес Пумбу”) і ад Польскага тэатра танцу з Познані (“40”) слыннага нарвежскага харэографа Джо Стрэмгена і “Жніво” ў пастаноўцы Ірага Гашкоўскага і харэаграфіі Івоны Пасіньскай). Мінскую публіку чакаюць і дзве работы ўдзельнікаў Авіньёнскага тэатральнага фестывалю: палітычны трылер “Арктыка” ад бельгійскага рэжысёра Ан-Сесіль Вандалем і плён міжнароднай капрадукцыі “Сайгон”.

Закрыццё фестывалю пройде 16 кастрычніка ў культурным інкубатары ОК16, дзе збяруцца акцёры і прадзюсары, сцэнографы і рэжысёры, каб парушыць герметычнасць асабістых межаў і знайсці агульную мову.