Шчаслівы характар Меера Аксельрода

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Мастак з сусветным імем Меер Аксельрод пакінуў у творчай спадчыне каля шасці тысяч жывапісных і графічных твораў. Больш за тысячу з іх захоўваюць сёння ў сваіх зборах восемдзесят музеяў свету. Вялікая частка належыць родным мастака. З сямейнай калекцыі было адабрана 85 ілюстрацый, якія ўнук мэтра, мастак Міхаіл Яхілевіч прывёз у Мінск на выставу “Меер Аксельрод. Кніжная графіка”, якая працуе ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

/i/content/pi/cult/705/15456/29.JPGМінская багема

У купалавым “Доме пад таполяй”, які стаяў у некалькіх метрах ад сённяшняга музея, Меер Аксельрод бываў неаднаразова. На Кастрычніцкай вуліцы, на Паплавах — раёне, які атрымаў сваю назву з-за таго, што Свіслач неаднойчы выходзіла тут з берагоў, пагражаючы драўляным аднапавярховым дамам — ладзіліся шматлікія сяброўскія сустрэчы ў дзядькі Янкі, якія працягвалі традыцыю літаратурных салонаў. Іх заўсёднікам быў і модны ў той час мінскі паэт, які пісаў на ідыш, — Зэлік Аксельрод, малодшы брат Меера.

Яны нарадзіліся ў звычайнай сям’і гандляра півам, што жыла ў гарадку Маладзечна. Дзед сямейства, які тлумачыў Тору і клапаціўся пра тое, каб унукі атрымалі традыцыйнае яўрэйскае выхаванне, старанна сачыў за тым, каб усе знойдзеныя аркушыкі з дзіцячай творчасцю — і вершы, і малюнкі — адразу знішчаліся. Але для развіцця талента гэта была не перашкода — як і цяжкае становішча сям’і, вымушанай у пачатку Першай сусветнай вайны пакінуць роднае месца ды з’ехаць ажно ў Тамбоў.

— З прыфрантавой зоны яўрэеў высялялі, бо баяліся, што з-за падабенства моў яны будуць супрацоўнічаць з немцамі, — распавядае загадчыца аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Марыя Барткова. — У 1918-м Аксельроды вярнуліся ў Беларусь, але пасля Рыжскай дамовы Маладзечна адышло да Польшчы. Таму сям’я пасялілася ў Мінску.

У гэты час Меер Аксельрод заканчвае рэальнае вучылішча і зарабляе грошы рэкламнымі плакатамі для кінатэатраў. Год ён працаваў чарцёжнікам ва ўпраўленні сувязі Чырвонай Арміі, а таксама наведваў выяўленчую студыю Пралеткульта. А Зэлік піша вершы і хутка набывае папулярнасць гарадскога лірыка. Усё яўрэйскае насельніцтва сталіцы і шматлікіх мястэчак чакае яго новыя творы, многія вучаць іх на памяць.

— Да Меера вядомасць прыйшла ў 1921 годзе, — кажа Марыя Барткова. — Для першай беларускай выставы, якую зладзіў Народны камісарыят асветы, мастак прапанаваў 25 сваіх работ. Яны выклікалі настолькі моцнае ўражанне, што Меер атрымаў ад Наркамасветы накіраванне на вучобу ў ВХУТЕМАС і з’ехаў у Маскву.

Графічным факультэтам у той час кіраваў вядомы мастак Уладзімір Фаворскі. Да свайго вучня ён ставіўся з вялікай прыязнасцю. Прызнаннем таленту стала запрашэнне ў таварыства “Чатыры мастацтвы” і далейшы ўдзел ва ўсіх яго выставах разам з Робертам Фалькам, Кузьмой Пятровым-Водкіным, Марціросам Сар’янам. Пасля заканчэння вучобы Меер Аксельрод застаўся жыць у Маскве. Там ён выкладаў, шмат падарожнічаў і заўсёды прывозіў з паездак незлічоныя замалёўкі з яўрэйскага жыцця. Акрамя таго, мастак пачаў ілюстраваць кнігі і супрацоўнічаць са шматлікімі савецкімі выдавецтвамі. Афармляў спектаклі ў яўрэйскіх тэатрах Мінска, Масквы і Кіева.

Таўро фармаліста

/i/content/pi/cult/705/15456/28.JPGРазам з мастацкай калекцыяй, сям’я захоўвае яшчэ адзін скарб — гісторыю кахання Меера Аксельрода і яго жонкі Рыўкі. Іх знаёмства адбылося ў Мінску, куды часта прыязджаў мастак. Зэлік Аксельрод у той час збіраў вакол сябе кола сяброў і прыхільнікаў сваёй паэтычнай творчасці, у якое ўваходзіла і маладая паэтка Рэбека ці Рыўка Рубіна. Так яна і пазнаёмілася з Меерам.

Шчаслівае каханне яны пранеслі праз усё жыццё, поўнае нястачы і стратаў. Пасля стварэння Расійскай асацыяцыі пралетарскіх мастакоў у СССР была абвешчана барацьба за так званую чысціню пралетарскага мастацтва. Меера Аксельрода далучылі да тых, хто “скатваецца на пазіцыі буржуазнасці” і абвінавацілі ў фармалізме.

— Мне цяжка зразумець, як яго жывыя і рухавыя лініі, пяшчотны, далікатны малюнак можна абвінаваціць у фармалізме, — кажа Марыя Барткова. — Але гэтыя творы не адпавядалі ідэалагічнаму адчуванню партыйных функцыянераў. І ў той час сям’ю карміла кніжная графіка — калі ўдавалася атрымаць заказ. Аксельроды жылі настолькі бедна, што свежы чорны хлеб з маслам маглі дазволіць сабе толькі на дзень нараджэння любімай дачушкі Алены — у якасці святочнага стала. Родныя ўзгадвалі, як перажываў мастак, калі пры адным з пераездаў разбілася люстэрка, з дапамогай якога ён маляваў аўтапартрэты. На новае не было грошай. Дарэчы, жывапісны аўтапартрэт, які дэманструецца на нашай выставе, прапанаваў мінскі калекцыянер Аляксандр Радаеў. А ў складаныя часы выжываць Мееру дапамагаў шчаслівы характар. Ён умеў радавацца, нягледзячы на ўсе цяжкасці.

З вуліцы — на старонкі кніг

Магчыма, менавіта характар і дапамагаў мастаку бачыць свет ва ўсіх яго фарбах, умець ухапіць момант, перадаць рух, заўважыць важную дэталь. Яго дакладныя лініі ўвасабляюць гарадскія побытавыя сцэнкі, ствараюць характары. Для кніжнай графікі Аксельрод часта выкарыстоўваў замалёўкі з натуры. Менавіта на вуліцы быў знойдзены вобраз камінара для ілюстрацыі кнігі Ізі Харыка. Тры работы да яе, якія можна ўбачыць на выставе, засталіся толькі ў накідах, якія захоўваюцца ў сямейнай калекцыі. Кніга была падрыхтавана ў выдавецтве, Меер Аксельрод аднёс туды свае малюнкі, але свет яна не пабачыла. У 1937 годзе Ізі Харык быў арыштаваны і расстраляны. Куды зніклі вершы і малюнкі па-сённяшні дзень невядома.

Можна ўявіць сабе, які гэта быў удар для братоў. Пісьменнік быў добрым сябрам Зэліка. Ва ўспамінах сучаснікаў застаўся і такі цікавы выпадак. У 1936 годзе Зэлік Аксельрод, Ізі Харык і Янка Купала адпачывалі ў Падмаскоўі. Неўзабаве ў іх скончыліся грошы. За фінансаванне беларускіх літаратараў адказваў у той час таварыш Лесін. Менавіта яму сябры і вырашылі даслаць жартоўную тэлеграму, у якой былі і словы на ідыш: “Свет без грошай цесны, гоп рахмонес Лесін”. Апошнія словы азначалі  — “май літасць, Лесін”. Але пільная тэлеграфістка, якая не ведала ідыш, выклікала міліцыю. Толькі дзякуючы Купалу, які хутка прыдумаў гісторыю пра тое, што “гоп”, “рахмонес” і “лесін” — гэта іх прозвішчы, гісторыя скончылася добра.

Дарэчы, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца рарытэтная кніга Янкі Купалы, перакладзеная на ідыш Зэлікам Аксельродам і Ізі Харыкам. А вершы Аксельрода, у сваю чаргу, найчасцей перакладаў на беларускую Змітрок Бядуля.

— Я ўяўляю сабе, як 11 красавіка 1938-га года Янка Купала атрымлівае свежы нумар “ЛіМа” і чытае верш Зэліка Аксельрода “Менскія завулкі” ў перакладзе Петруся Глебкі, — кажа Марыя Барткова.

Можа, вам не любы

(ваша справа!)

Менскія завулкі

з крывізной, —

Мне ж па сэрцы

ў залатой аправе

Месяц над дзіраваю

страхой.

Напярэдадні вайны Зэлік Аксельрод быў арыштаваны і расстраляны. Сям’я Меера паехала ў эвакуацыю, а мастак застаўся ў Маскве, маляваў антыфашысцкія плакаты і ілюстрацыі. Таксама ён паўдзельнічаў у стварэнні фрэсак да знакамітага фільма “Іван Грозны” рэжысёра Сяргея Эйзенштэйна, які здымалі ў Алма-Аце.

Разнастайнасць лініі

— Да нас у музей Міхаіл Яхілевіч прывёз ілюстрацыі да кніг, якія выходзілі ў 1920 — 1960-х гадах. Выкананыя ў розных тэхніках, яны дазваляюць наведвальнікам скласці найбольш поўнае ўражанне пра яго графічную творчасць, — адзначае Марыя Барткова. — Ёсць ілюстрацыі і да кнігі брата, вельмі цікавы іх сумесны партрэт. Увогуле, Меер Аксельрод — майстар мініяцюры. У графічнай серыі да кнігі Самуіла Галкіна “Вершы. Балады. Драмы” ён прыгожа падкэслівае ландшафт Мінска. Дарэчы, гэты пісьменнік таксама быў арыштаваны, і ад расстрэлу яго выратаваў інфаркт.

Ёсць на выставе і ілюстрацыі да п’есы Праспэра Мэрымэ “Жыкерыя”, якая ставілася ў яўрэйскім тэатры ў Маскве. Да спектакля Аксельрод зрабіў столькі выдатных эскізаў, што было вырашана ўзяць іх у якасці малюнкаў да кнігі. Прадстаўлены і малюнкі да казкі Змітрака Бядулі “Сярэбраная табакерка”, варыянты вокладкі да яе, выкананыя ў рознай стылістыцы, і нават партрэт пісьменніка. Вельмі дэталёвыя, рэалістычныя, характарныя ілюстрацыі да кнігі Якуба Коласа “На ростанях”.

Цікавы экспанат на выставе — кніжка Янкі Купалы “Арлянятам”. Справа ў тым, что малюнкі да яе рабіў Меер Аксельрод, ён жа прапанаваў і свой варыянт вокладкі. Гэта было ў 1940 годзе. Але з-за вайны кніжка выйшла толькі ў 1945-м. Вокладка ўжо была зусім іншай, а ілюстрацыі засталіся тыя самыя. Толькі імя мастака ў ёй не было пазначана.

Імя Меера Аксельрода пачало вяртацца да гледача ўжо пасля яго смерці. Работы мастака набылі Траццякоўская галерэя і Музей выяўленчых мастацтваў імя Аляксандра Пушкіна. У 1990-ыя выставы прайшлі ў Нью-Ёрку, Лондане, Іерусаліме. У Год малой радзімы творчая спадчына мастака вяртаецца і да беларускіх аматараў выяўленчага мастацтва. У чэрвені першая экспазіцыя адкрылася ў Маладзечне, у Мінскім абласным краязнаўчым музеі, які дапоўніў яе 12 жывапіснымі работамі са сваіх збораў. А налета плануецца яшчэ адзін буйны выставачны праект.