Другі Спас спелых яблык прыпас

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Сярэдзіна лета — самая пара ласавацца мёдам і яблыкамі. А таксама ладзіць “мядовыя спаборніцтвы”, конкурсы ды фестывалі з нагоды Мядовага Спаса, які адзначаецца 14 жніўня.

/i/content/pi/cult/705/15452/19.JPGМенавіта так і зрабілі ў аграгарадку Усялюб, што на Навагрудчыне. Як паведаміла “К” дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская, падчас свята “Мядовы вальс” жыхары паселішча змаглі не толькі прадэгуставаць мёд ад найлепшых пчалаводаў краю, але і паўдзельнічаць у вясёлых “мядовых” конкурсах, папіць мядовы квас і гарбату, а таксама паназіраць за выступленнямі мясцовых артыстаў. “Без пачастунку і прыемных сюрпрызаў ніхто не пакідаў святочнай пляцоўкі”, — напісала нам аўтар ліста.

Адметны “Мядовы фэст” зладзілі 12 жніўня і работнікі культуры аграгарадка Цырын. Па словах супрацоўнікаў аддзела метадычнай работы Карэліцкага РЦКіНТ, гэтае брэндавае мерапрыемства праходзіць у Цырыне другі год і з кожным разам набывае ўсё большую папулярнасць. “На фестывалі была арганізавана выстава-продаж мёду, дзе кожны ахвотны мог найперш пасмакаваць, а потым і набыць сабе баначку-другую”, — пішуць аўтары ліста. Таксама працавала і алея майстроў, дзе на продаж былі выстаўлены разнастайныя вырабы народнага і сучаснага мастацтва.

Свой мядовы фестываль зладзілі і ў аграгарадку Граўжышкі, што на Ашмяншчыне. Па словах аўтаркі ліста Аліны Санюк, падчас свята можна было пакаштаваць розныя гатункі мёду, пабавіць час на дыскатэцы, а таксама паглядзець канцэртную праграму, падрыхтаваную як мясцовымі артыстамі, так і гасцямі з Ашмян і навакольных паселішчаў.

Таксама свята з нагоды Спаса прайшло ў доме культуры Крэва. 12 жніўня работнікі ўстановы культуры запрасілі аднавяскоўцаў на канцэртна-забаўляльную праграму “Другі Спас спелых яблык прыпас”, — паведаміла нам дырэктар Смаргонскага цэнтра культуры Галіна Крацянок. Гледачы ўдзельнічалі ў віктарынах, жартоўных конкурсах, вадзілі карагоды, загадвалі жаданні, успаміналі прыказкі і прымаўкі пра Яблычны Спас, гулялі ў “яблычныя” гульні, а таксама з задавальненнем пакаштавалі спелых яблыкаў.

Але гэта яшчэ не ўсе навіны са Смаргоншчыны. Днямі ў раёне прайшло свята, арганізаванае супрацоўнікамі і аматарамі мастацкай самадзейнасці Кушлянскага СК. Каб свята ўдалося, пастараліся не толькі загадчыца клуба Алена Вішнеўская і яе памочнік Улад Ясевіч, — да імпрэзы, па словах Галіны Крацянок, рыхтаваліся ўсе вяскоўцы. Такі характар талакі адчуваўся і ў аграгарадку Солы, дзе 12 жніўня ў мясцовым СДК была прэзентавана канцэртная праграма “Вянок беларускай песні”.

І яшчэ адно паведамленне ад нашай няўрымслівай і сталай аўтаркі Галіны Крацянок. Яна піша, што нядаўна ў аддзеле традыцыйнай культуры Смаргонскага раённага Дома рамёстваў прайшоў майстар-клас па вырабе ўпрыгожанняў са скуры. “Удзел у майстар-класе ўзялі людзі сталага ўзросту, для якіх усё новае заўсёды цікава, а заняткі правялі Ларыса Багданава, Раіса Лявонава і Таццяна Путырская”, — піша аўтар. На выставе было прадстаўлена больш за 30 вырабаў: пано, ваза з кветкамі, сумкі, кашалькі і розныя ўпрыгожванні, а самі майстрыхі распавялі пра адметнасці сваёй працы са скурай і пазнаёмілі з адмысловымі інструментамі і ўнікальнай тэхнікай сваёй работы.

Яшчэ адзін брэндавы фестываль прайшоў днямі ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці. Як паведамляе загадчыца сектара культуры мясцовага райвыканкама Настасся Палуйчык, свята “Малочныя рэкі — хлебныя берагі” адбылося ўжо другі год запар у аграгарадку Дубна. Людзі ўсіх узростаў змаглі знайсці сабе занятак па душы, а таксама пакаштаваць свежую выпечку мясцовых гаспадынь. Як піша аўтар, “нават “жарты” нябеснай канцылярыі не змаглі перашкодзіць святу”.

А ў Жалудку адбыўся днямі фестываль кветак — пад дэвізам “Мы хацелі б уславіць радзіму”. Як адзначае вядучы метадыст Шчучынскага РЦКіНТ Наталля Гардзейчык, на свяце былі прадстаўлены кветкавыя кампазіцыі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, прайшлі конкурсы на лепшыя капялюшыкі і касцюмы. Таксама былі падведзены вынікі конкурсаў на лепшы ландшафтны дызайн, самыя прыгожыя сядзібы і кветнікі.

Яшчэ адзін ліст, які патрапіў у рэдакцыю з Навагрудка, распавёў пра літаратурны марафон “Чытаем “Новую зямлю”. Дзея прайшла 13 жніўня — у дзень смерці народнага паэта Беларусі. А зладзіла мерапрыемства Навагрудская раённая бібліятэка. Па словах галоўнага бібліёграфа ўстановы Святланы Чубрык, падчас марафону прагучалі добра вядомыя радкі з вершаў паэта ў выкананні бібліятэкараў.

На Лідчыне днямі таксама адбылася адметная імпрэза — народнае гулянне “У каліны — імяніны” ў аграгарадку Тарнова. Па словах супрацоўнікаў Лідскага РЦКіНТ, славяне здаўна прыкмецілі, што да 11 жніўня каліна робіцца сапраўды спелай. “Так было і на свяце ў Тарнова: гучалі песні пра каліну ў выкананні вакальнай групы “Славянскі сувенір”, гледачы ладзілі карагоды каля прыгажуні-каліны, дзяўчаты ўпрыгожвалі пунсовымі каралямі імянінніцу каліну і плялі з яе вянкі”, — пішуць аўтары ліста. На свяце можна было пакаштаваць пірагі з каліны (іх называюць “калінікі”), паўзірацца ў работы майстрыхі-рукадзельніцы Аліны Магільніцкай, паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах і гульнях, а таксама пагартаць кніжныя выданні на выставе, якую падрыхтавала бібліятэкар Тарноўскай сельскай “кніжніцы” Таццяна Ашмяна.

У яшчэ адным лісце з Ашмянскага раёна “К” паведамілі пра тое, што на базе адпачынку ў Вячкойнях адбыўся open-air “Захад сонца”. Як піша Інга Гіз, на свяце выступілі народны тэатр “Імпульс”, народны ансамбль цыганскай песні “Джана Рома”, кавер-бэнд Pobin Good і іншыя выканаўцы.

А завяршым нашу падборку лістоў паведамленнем на гэты раз не з Гродзенскай, а з Магілёўскай вобласці — з аграгарадка Новыя Саматэвічы. Яшчэ 4 жніўня там адбылося народнае гулянне “Ільінскі кірмаш”, а таксама адкрыццё памятнага знака вёскам Касцюковіцкага раёна, выселеным пасля Чарнобыльскай катастрофы. Як піша намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава, ініцыятарам устаноўкі помніка выступіў мясцовы ўраджэнец Аляксандр Сцепаненка, а грошы на праект і пабудову збіралі ўсе разам. Пазней распачаўся і сам фестываль. “Мясцовыя жыхары не расходзіліся да апошняга акорда тэатралізаванай канцэртнай праграмы, што падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Новасаматэвіцкага клуба вольнага часу”, — піша аўтар ліста і выказвае спадзяванне, што ў наступным годзе Ільінскі кірмаш пройдзе з яшчэ большым размахам. Спадзяёмся, менавіта так яно і будзе.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"