Квіток як сувенір

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г


Яшчэ адзін конкурс для дызайнераў аб’явіў Мірскі замак. Да 30 верасня ўсе ахвотныя могуць прапанаваць свой варыянт уваходнага квітка ў адзін з самых папулярных беларускіх музеяў. Галоўным крытэрыем ацэнкі з’яўляецца арыгінальнасць дызайну, здатная матываваць наведвальніка не выкідаць той квіток у сметніцу, а захоўваць яго ў якасці сувеніра.

Што цікава, на час правядзення конкурсу яго ўдзельнікам дазволена бясплатна фатаграфаваць інтэр’еры замка і размешчаныя ў экспазіцыі прадметы. Падрабязней умовы конкурсу – на сайце ўстановы.