Конкурс на лепшы знак

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь абвясціла аб правядзенні творчага конкурсу эскізных праектаў нагрудных знакаў да ганаровых званняў. Заяўкі і дэманстрацыйныя матэрыялы прымаюцца Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў да 14 верасня 2018 года ўключна.

Мэтай творчага конкурсу з’яўляецца пошук найбольш выразнага мастацкага вобразу нагрудных знакаў да ганаровых званняў “Народны”, “Заслужаны”, “Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь”, “Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь”. Па кожнай з гэтых чатырох намінацый журы вызначыць трох пераможцаў. За першае месца можна атрымаць 36 базавых велічынь, за другое — 33 базавыя велічыні, за трэцяе — 30 базавых велічынь.

Абавязковая ўмова для ўдзельнікаў — наяўнасць прафесійнай адукацыі ў сферы выяўленчага мастацтва, дызайну, скульптуры ці адпаведны вопыт па распрацоўцы эскізных праектаў дзяржаўных узнагарод Рэспублікі Беларусь. Таксама прымуць заяўкі і ад студэнтаў творчых ВНУ.

Пажадана, каб кампазіцыйнае і пластычнае выкананне нагрудных знакаў адпавядала сфарміраваным ў Рэспубліцы Беларусь падыходам да мастацкага рашэння дзяржаўных узнагарод. Усе конкурсныя праекты павінны прадугледжваць, што нагрудны знак мусіць выраблены з металу і будзе прымацоўвацца да адзення з дапамогай шпількі.

Больш падрабязна пра ўмовы конкурсу і правілы афармлення заяўкі можна прачытаць у інструкцыі, якая выкладзена на сайце Міністэрства культуры ва ўкладцы “Конкурсы і мерапрыемствы”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"