Цікавы час у Венецыі

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

Да 22 кастрычніка 2018 года прымаюцца заяўкі на конкурс на стварэнне куратарскай канцэпцыі беларускага павільёна на 58-й Венецыянскай біенале сучаснага мастацтва. Арганізатары конкурсу — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў.

/i/content/pi/cult/705/15440/VB_2_opt.jpegУдзельнікамі конкурсу могуць быць мастацтвазнаўцы, мастакі і іншыя фізічныя асобы, якія маюць вопыт арганізацыі і правядзення буйных культурных праектаў у галіне выставачнай дзейнасці. Заяўка ці канцэпцыя праекта, якую чакаюць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, павінна адпавядаць тэме і дэвізу 58-й Венецыянскай біенале — “Каб ты жыў у цікавы час” (“May you live in interesting time”) і ўтрымліваць новыя арыгінальныя ідэі ў рэчышчы сучаснага мастацтва. Асобнае патрабаванне конкурсу тычыцца выкарыстання сучасных мультымедыя-тэхналогій. Да канцэпцыі аўтары заяўкі павінны далучыць каштарыс рэалізацыі свайго праекта.

Ацэнка заявак будзе ўскладзена журы, склад якога зацвярджаецца Міністэрствам культуры краіны. Рашэнне аб лепшым праекце прымаецца на закрытым пасяджэнні журы адкрытым галасаваннем прысутных.

Каб вынесці па магчымасці аб’ектыўнае рашэнне, конкурс прадугледжвае захаванне ананімнасці яго ўдзельнікаў. Так, аўтарская Канцэпцыя мусіць быць прадстаўлена ў канверце, на якім указваецца толькі чатырохзначны нумар. А персанальныя звесткі аўтара ці аўтараў заяўкі падаюцца ўжо ў другім канверце — так званым, канверце ўдзельніка.

Вынікі конкурсу будуць аб’яўлены не пазней за 30 кастрычніка.