Музыка пейзажу ў новым святле

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

1 верасня пасля пяцігадовай рэканструкцыі зноў адкрыецца для наведвальнікаў Музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве. Экспанаты ўжо перавезлі са сховішча Нацыянальнага мастацкага музея ў абноўленыя залы яго рэгіянальнага філіяла. “К” назірала за тым, як пакавалі работы знанага майстра пейзажу.

/i/content/pi/cult/705/15439/1.jpg“Усё патрабавала абнаўлення”

Калі ў красавіку 2013 года музей у Магілёве часова закрылі, рэчы і творы, якія там выстаўляліся, перавезлі ў сталіцу, дзе збіраецца і захоўваецца ўся калекцыя прадметаў, датычных асобы Бялыніцкага-Бірулі. Яе спіс у фондах Нацыянальнага мастацкага музея займае больш за 600 пазіцый: каля 450 жывапісных работ, а таксама каля 200 дакументаў, фотаздымкаў, мэблі і посуду з пабудаванага мастаком лецішча “Чайка” ў Цвярской вобласці. Усё гэта музейшчыкам давялося яшчэ раз перагледзець, каб паклапаціцца пра змены ў самой экспазіцыі, пакуль будаўнікі працавалі над рэстаўрацыяй фасада і заменай даху.

— Філіял у Магілёве працуе з 1982 года, таму абнаўлення патрабаваў не толькі будынак, але і яго музейная “начынка”, — распавядае навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва НММ РБ Дар’я Барташук. — Куратар новай экспазіцыі — намеснік генеральнага дырэктара музея па навуковай рабоце Аляксей Харак. Яго канцэпцыя скіравана найперш на тое, каб паказаць мастака і яго сувязь з Беларуссю. Таму мы звяртаем асаблівую ўвагу наведвальніка на апошні візіт Бялыніцкага-Бірулі на радзіму, калі ў 1947 годзе ён, ужо немалады і хворы, жыў нейкі час на Белай Дачы, у цяперашняй мінскай Курасоўшчыне. Некаторыя эцюды таго часу перавязём у Магілёў. Увогуле, экспазіцыя істотна змянілася. Мы пакінулі знакавыя рэчы, але адлюстравалі і тыя тэмы, якія раней шырока не асвятляліся. Напрыклад, асобны раздзел прысвечаны Поўначы, бо вядома, што Бялыніцкі-Біруля вельмі любіў падарожнічаць.

/i/content/pi/cult/705/15439/2.JPGЗадача новай экспазіцыі яшчэ і ў тым, каб паказаць мастака як майстра пейзажу, адлюстроўваючы розныя перыяды яго творчасці. Таму ў адной з залаў абавязкова будзе знакаміты “Зімні сон”, уганараваны бронзавым медалём на Міжнароднай выставе ў Барселоне. Бялыніцкі-Біруля стаў вынаходнікам жанру мемарыяльнага пейзажу, і такія працы таксама знойдуць месца ў музейнай прасторы. А таксама ўсё тое, што тычыцца яго /i/content/pi/cult/705/15439/3.jpgзнакамітага лецішча “Чайка”.

“Калекцыя — амаль эталонная”

Для адпраўкі ў Магілёў падрыхтавалі 46 жывапісных работ, хаця дызайн-праект абноўленых залаў прадугледжвае іх крыху менш. Запас разлічаны на тое, што ў працэсе размяшчэння экспазіцыі можа ўзнікнуць патрэба ў чымсьці крыху адысці ад першапачатковай задумы. Каб упакаваць экспанаты, патрэбны ўсяго адзін дзень. Але яму папярэднічала шматмесячная праца. З 46 адабраных 21 карціна мусіла прайсці кансервацыю.

— Не трэба толькі блытаць яе з рэстаўрацыяй — гэта маштабнае аднаўленне , а кансервацыя — штосьці накшталт касметычнага рамонту, калі трэба нешта пачысціць ці крыху падправіць, — тлумачыць захавальнік калекцыі “Жывапіс Беларусі” Ала Васілеўская. — Напэўна, Бялыніцкі-Біруля прытрымліваўся ўсіх неабходных тэхналагічных прыёмаў у жывапісе, таму большасць работ захавалася ў добрым стане, яго калекцыя ў нас — амаль эталонная. Вось, напрыклад, той самы “Час цішыні”. У Магілёў вязуць першы варыянт гэтай работы 1911 года. Усяго іх у нас тры, але менавіта за першы Бялыніцкі-Біруля атрымаў медаль на Мюнхенскім міжнародным фестывалі і бронзавы медаль на Міжнароднай выставе ў Барселоне.

/i/content/pi/cult/705/15439/4.JPGУ новых рамах, агорнутыя ахоўнай плёнкай і крафтавым картонам, каб пазбегнуць пашкоджанняў падчас транспарціроўкі, карціны пакуюць у драўляныя скрыні. Праз тры тыдні ўсе ахвотныя змогуць убачыць іх у Магілёве.

І, зразумела, інфакіёск

Бялыніцкі-Біруля ў гэтым горадзе ніколі не быў. Ён нарадзіўся ў Крынках непадалёк ад Бялыніч. Але паколькі яго родны дом не захаваўся, калі абіралі месца для музея, вырашылі, што лепш за ўсё зрабіць яго ў старым двухпавярховым асабняку пад нумарам 37 на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Раней увесь першы паверх займала мемарыяльная экспазіцыя — асабістыя рэчы, фотаздымкі і дакументы. Цяпер гэта выставачная прастора для розных часовых праектаў, як і мансарда.

— Так можна прыцягнуць у музей нашмат больш наведвальнікаў, бо іх значная частка — жыхары Магілёва, якім цікава прыйсці ў знаёмае месца і ўбачыць штосьці новае, — кажа Дар’я Барташук. — Мэбля, здымкі і дакументы будуць, толькі не ў такой колькасці, як раней, і ўжо на другім паверсе разам з творамі мастака. Да таго ж, з архівам дакументаў і фатаграфій можна азнаёміцца праз інфакіёск, які ўсталююць таксама на другім паверсе.

У першы дзень працы абноўленага Музея Вітольда Бялыніцкага-Бірулі там адкрыецца часовая выстава “Калі мы былі дзецьмі” — дзіцячыя вобразы ў творах з калекцый беларускага і рускага жывапісу Нацыянальнага мастацкага музея. У кастрычніку яе зменіць праект, які ладзіцца сумесна з Дзяржаўнай Трэцякоўскай галерэяй і прадстаўляе творы мастакоў з блізкага кола Бялыніцкага-Бірулі — Мікалая Багданава-Бельскага, Аляксандра Маравава, Аляксея Сцяпанава ды іншых.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"