У бясконцым спазнанні свету

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

Яго чарговая выстава адкрылася ў баку ад шумных сталічных вуліц, у адным з тых месцаў, куды збочваюць, каб паслухаць ціхі голас горада ці схавацца ў цені стомленых ад спякоты дрэў. У прынцыпе, і ўсё жыццё Віталя ЧАРНАБРЫСАВА праходзіць недзе наўзбоч ад тлуму і мітусні. Але ціхая прысутнасць у арт-працэсе гэтай культавай для некалькіх пакаленняў постаці усё ж адчуваецца неўпынна.

/i/content/pi/cult/704/15436/3.JPGУ невялікай экспазіцыі “Вінаробы” галерэі “Арт-маржэ” можна ўбачыць скульптуры з каменя і графічную каляровую серыю, надрукаваную на палатне. Гэта малюнкі з альбома 1972 года. Летась мастак зноў да яго вярнуўся, дапрацаваў і напоўніў новым жыццём жанравыя сцэнкі з канакрадамі, якім прыснілася, што іх коні сталі цацачнымі, жанчынамі ў маністах і чырвоных світках, мужчынамі з кубкамі з малдаўскім віном.

— Я ж малдаванін! — кажа Віталь Чарнабрысаў падчас нашай сустрэчы ў яго двухпакаёвай хрушчоўцы, ператворанай у майстэрню, музей і бібліятэку адначасова. І дадае: — Часткова. Часткова мінчанін, часткова гамяльчанін, часткова піцерац. Мне заўсёды шырэй хацелася глядзець на свет, далей за родны кут. Я з Азіі, нарадзіўся ў горадзе Фрунзе. Адзін кірмаш там чаго толькі варты! Не трэба ні ў музей хадзіць, ні ў заапарк: тут табе і ішакі, і вярблюды. Людзі ўсіх нацыянальнасцей у сваім адзенні. Суседзі — украінцы, казахі, кіргізы, іранцы. Там — Байрам, тут —Вялікдзень.

— І гэта вас натхніла стаць мастаком?

— Ну так. Да ўсяго, мая маці добра малявала. У мяне ёсць 10 яе карцін. Пасля вайны яна працавала ў Гомелі бібліятэкарам і была загадчыцай клуба. А вучылася архітэктуры ў Ташкенце. Па лініі маці мы з Сярэдняй Азіі. Прадзед — купец першай гільдыі і міравы суддзя грэк Смірноў — адзін з тых, хто заснаваў Акцюбінск, у яго доме два разы спыняўся Мікалай Пржэвальскі. А бацька, малдаванін, быў танкістам, скончыў маскоўскае баўманскае вучылішча.

Пасля вайны бацькі разышліся. Я вельмі цяжка ўрастаў у соцыум. Маці і айчым, а ён быў гісторык-георгаф, рознымі спосабамі заахвочвалі да вучобы. Але я не разумеў, навошта мне ўсе гэтыя прадметы. Любіў заўсёды гісторыю, геаграфію, літаратуру, і цяпер іх люблю, шмат чытаю.

— А як жа мастацкая адукацыя? Няўжо і ад яе вырашылі адмовіцца?

— Я правучыўся толькі адзін год. З другога разу паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, якое ў той час месцілася ў Оперным тэатры. Потым убачыў аб’яву, што ў Каўнасе адкрываецца аддзяленне рэкламнага мастацтва, і вырашыў ехаць. А праз некалькі месяцаў зразумеў, што гэта такі дзіцячы садок! Затое я ўбачыў горад, пазнаёміўся з літоўскім мастацтвам. У іх

/i/content/pi/cult/704/15436/4.JPG

 жывапісе і акварэлі такая сіла была і свабода! Антанас Самоўліс — гэта мой любімы мастак. У Каўнасе было шмат клёнаў, іх лісце не прыбіраюць, ляжыць дываном рознакаляровым — такая прыгажосць! Мы шмат малявалі стары горад, амаль кожны дзень, бывала, што і да раніцы. Вы многа бачыце ў Мінску мастакоў?

— Але ж з Каўнаса вы вярнуліся ў Мінск?

— Ненадоўга. Пайшоў працаваць у мастацкія майстэрні. Там трэба было ў месяц 300 матрошак размаляваць і лакам пакрыць, каб капейкі за гэта атрымаць. А я Аляксандра Грына любіў. Таму амаль пешшу пайшоў у Крым. Пазнаёміўся з Нінай Мікалаеўнай Грын. У той час яна ўжо хворая была, але дзве гадзіны ўдзяліла мне на размову. Я засвоіў яе правіла — карціны трэба толькі ў добрыя рукі аддаваць і ў добрыя месцы.

Потым, ужо пасля войска, рушыў я ў Піцер, і панеслася... Служыў я разам з паэтам Мішам Зарайскім, да яго і паехаў. Ён разам з маці жыў у пакоі камуналкі ў Кузнечным завулку, непадалёк ад Музея Дастаеўскага. Дом стары, тыповая дастаеўшчына. Горад яшчэ блакаду добра памятаў, крыху ўбок ад Неўскага праспекта адыйдзеш — жах бярэ. І толькі вочы піцерцаў — жывыя. Там я з калекцыянерамі пазнаёміўся, сярод іх Леў Каценяльсон, апошні вучань Паўла Філонава. Ён жыў на Неўскім праспекце ў маленькім пакойчыку, скрозь завешаным карцінамі. Можна было да яго прыходзіць і сядзець гадзінамі, глядзець на работы карыфеяў — і раптам сваю заўважыць.

Там я ўпершыню ўбачыў творы Ігара Іванова і ўлюбіўся ў іх. Каценяльсон тады патэлефанаваў мастаку і сказаў, што прыйдзе да яго такі Чарнабрысаў. Так і пазнаёміліся. У 1974-м годзе ў ДК імя Газа прайшла знакамітая “газа-неўская” выстава нефармальнага мастацтва. Я стаў адзіным з беларускіх мастакоў, хто ў ёй паўдзельнічаў.

— Піцер даваў добрую падпітку на жыццё ў Мінску. Але ж і тут трэба было для сябе справу знаходзіць?

— Так, мне заўсёды было складана ў гэты свет упісвацца. Некалі я ўладкаваўся ў Мастацкі музей начным вартаўніком, і столькі тады на сабе карцін перацягаў: мужыкоў жа ў музеі мала працавала. І аднойчы з раніцы паклікала мяне ў свой кабінет тагачасны дырэктар Алена Аладава. Я насцярожыўся, бо ведаў як яна ўмела габлюшку здымаць, відавочцам быў. А яна кажа: “Віталь, мы ведаем, як добра ты карціны расстаўляеш. Але хочам цябе накіраваць вучыцца ў інстытут”. Як я спужаўся, я ж нонканфарміст. Кажу: “Алена Васільеўна, вось ёсць Бялінскі, Чарнышэўскі і Дабралюбаў, няўжо яшчэ і Чарнабрысаў будзе?” Тут яна мяне з кабінета і выгнала, прапаноў больш не было.

— Вось так лёс і прывёў вас і ў дзіцячую студыю, якой вы кіравалі на працягу 30-ці гадоў?

— Калі намаляваць крывую лёсу, то атрымаецца вельмі дзіўна і зразумела, што цябе па гэтым жыцці нехта вядзе. А ты ідзі і не думай, нешта ды будзе. Неяк я патэлефанаваў у ЖЭС з прапановай, і далі мне пад дзіцячую студыю паўпадвал насупраць вайсковай часткі. Першы малюнак там зрабіў хлопчык Лёня. Яго волата на кані, які змагаецца з драконам, я з 1968 года захоўваю. Дзеці рознага ўзросту сядалі за вялікі тэнісны стол і малявалі. І месяцы праз два з’яўляліся сапраўдныя шэдэўры. Скажам, мая вучаніца Таня Бембель распісала дома свой пакой, і на яго хадзіла глядзець мінская інтэлігенцыя!

Увогуле, у 1970 гады ва ўсім свеце адбыўся росквіт дзіцячай творчасці. Толькі ў нашым Першамайскім раёне 9 студый было. А ў 1989-м нам было даручана распісаць жылыя дамы насупраць сённяшняй Нацыянальнай бібліятэкі. Працавалі разам маладыя мастакі, студэнты, Валерый Песін рабіў вітражы. Я разгарнуў там Старажытную Русь, гарады і вёскі, палавецкія шатры. Вопыт атрымалі вялікі. Потым распісвалі школы, дзіцячыя садкі. Сёння ў Мінск запрашаюць рабіць роспісы мастакоў ледзь не з усяго свету, але ў нас ёсць і свае здабыткі!

— Як вучыць мастацтву маленькіх дзяцей — і ці трэба іх наогул вучыць? Да якіх высноў вы прыйшлі?

— Трэба не вучыць, а размаўляць з імі на роўных. Мы — мастакі, мы разам працуем, у нас ёсць агульны інтарэс. Я захоўваю малюнак чатырохгадовай дзяўчынкі — на ім усё расце, цвіце, зіхаціць, рухаецца, лятае! Усё жывое, і гэта ж цуд! Навошта яе нечаму вучыць, падганяць яе пад нейкі “ГОСТ”? Няхай ужо вучыцца як падрасце.

— А хто на вас найбольш паўплываў у плане арт-педагогікі?

— Аднойчы ў Піцеры ў кнігарні “Дружба” ўбачыў альбом Багуслава Ковача “Цудоўны свет дзіцячых малюнкаў”. Ужо значна пазней я знайшоў грошы, каб перакласці гэтую кнігу на рускую мову. А тады, амаль не разумеючы тэкст па-славацку, я гартаў старонкі і бачыў не прыгожыя выкшталцоныя малюнкі, а самыя сапраўдныя дзіцячыя каракулі. Багуслаў Ковач — рэдкі спецыяліст па сюррэалізме. У кнізе ён расклаў псіхалогію творчасці чалавека, якая пачынаецца недзе з палутара гадоў жыцця. Малюнкі ў гэтым узросце — зусім не мазаніна, а пачатак арыентацыі ў прасторы, авалодання тэмай, аркушам, пазнання самога сябе. Вядома, што рух рукі падчас малявання развівае лепей за фізкультуру. Таму ў культуры кітайцаў ці японцаў некалькі гадоў ставяць кісць, каб пісаць іерогліфы. Для гэтага столькі рытму патрэбна. А гэта дыханне, гэта космас — усё звязана! Дзіця з хаоса пачынае вылучаць лініі, кропкі, потым кола — і пайшло авалоданне формай. Так паступова і прыходзяць да рэалізму. Гэта натуральна, і на гэтым большасць дзяцей спыняецца маляваць, абіраючы іншыя спосабы пазнання свету.

Зараз я хачу выдаць кнігу “Прыгажосць выратуе свет”, якая збярэ пад адной вокладкай пераклады артыкулаў пра мастацтва, кнігу Багуслава Ковача, “Габелены з Араніі” егіпецкага педагога Рамзэса Віссы Васеф, “Веткаўскую буквіцу” беларускага мастацтвазнаўцы Галіны Нячаевай. Кніга будзе прызначана для мастакоў-педагогаў. Сёння гэта энтузіясты, публіка рэдкая, халтуршчыкаў сярод іх не засталося.

— Але ж дзіцячых студый па-ранейшаму не бракуе — прычым там цяпер і на камп’ютарах маляваць вучаць.

— Сёння вучаць маляваць у любым стылі — а на свой уласны забываюцца. Шкада, што з прыходам цывілізацыі важнае сыходзіць — народная творчасць, напрыклад. А дзеці губляюць дар каларыстыкі, які, дарэчы, у дзяўчынак развіты больш моцна. Яны глядзяць у камп’ютар, а там жа колер ненатуральны.

— Цікавая сувязь у вас з прыродай праз камень. На выставе ў галерэі можна ўбачыць скульптуры, шмат іх і ў вас дома, яны нагадваюць старажытныя статуэткі з далёкіх астравоў ці старажытных могільнікаў.

— Я люблю камяні, люблю старажытныя цывілізацыі. Вось гэты камень, а магчыма і метэарыт, я знайшоў у Пінскім раёне. Ад Мастацкага музея разам з Надзеяй Высоцкай мы шмат ездзілі ў экспедыцыі па цэрквах і касцёлах, усю Беларусь аб’ехалі. Мне цікавы камень, які ўжо пэўны вобраз мае. Тады трэба з ім умець пасябраваць, каб дазволіў з сабой працаваць. Я прыкладна адну трэцюю частку апрацоўваю, а што атрымліваецца, вы самі бачыце. Вось гэта, напрыклад, урубелеўская прынцэса, а гэта — царыца Тамара. А бывае, камень расколецца, і тады думаеш: што ж такое, так далікатна ты да яго падбіраўся! А часам камяні нібы самі ў рукі трапляюць. Адзін вось усё з паліцы падаў, пакуль я раптам у ім цыгана не ўбачыў. А чаму? Не ведаю. Для мяне мастацтва заўсёды было і застаецца вялікай таямніцай.

 Фота Ганны ШАРКО