Фінішная прамая ў шматгалоссі лета

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

“Жнівень... Лета выходзіць на фінішную прамую. А так хочацца падоўжыць гэту цудоўную пару, захаваць сонечны настрой!”, — загадчык бібліятэкай-філіялам № 5 ЦБС Гродна Надзея Гудко ў двух радках выказала пачуцці, якімі поўніцца ці не кожны ліст, які на гэтым тыдні прыйшоў у рэдакцыю. “К” таксама спадзяецца, што ні анамальная спякота, ні грымотныя залевы не змогуць прыгасіць вясёлкі ў шчырых сэрцах беларускіх культработнікаў. Мяркуючы па нашай пошце, установы культуры ў любое надвор’е гатовыя прапанаваць наведвальнікам самую разнастайную праграму для душы і розуму.

/i/content/pi/cult/704/15434/1.jpgРаспачнем з той самай дзіцячай бібліятэкі № 5, што ў Гродне, дзе на гэтым тыдні быў дадзены старт акцыі “Дзень аранжавага настрою”, якая будзе праходзіць на працягу апошняга летняга месяца. Наведвальнікаў чакае яркая выстава “Аранжавае лета. Аранжавая кніга. Аранжавы настрой”, на якой падабрана літаратура па прынцыпе каляровай адпаведнасці. “Калі ж нехта не ў гуморы (здараецца ж рознае), то “Куток добрага настрою” — менавіта тое, што вам трэба. Тут можна пазначыць свае праблемы ў “Бурчалцы”, а ў сшытку “Позитиff-чик” падзяліцца чымсьці добрым, прыемным”, — дадае Надзея Гудко.

У апошні дзень ліпеня над аграгарадком Дварэц Дзятлаўскага раёна лунала песня. Ёй удзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Прымакі” заклікалі мясцовых жыхароў і гасцей паселішча ў Дом культуры, дзе праходзіла ўрачыстае адкрыццё этнаграфічнай экспазіцыі “Побытавая культура беларускага селяніна”. Як перадае Настасся Голуб, на імпрэзе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Калодка зазначыла: “Сёння мы даём старт адкрыццю такіх музейных куткоў і экспазіцый ва ўстановах культуры. Упэўнена, у Год малой радзімы мы будзем усё часцей сустракацца ў дамах культуры, каб захоўваць нашы традыцыі і перадаваць іх моладзі”.

У другі жнівеньскі дзень жыхары вёскі Міхайлаўшчына Ашмянскага раёна традыцыйна сабраліся на свята “Радасць сустрэчы пад покрывам Святога Іллі”. На ўрачыстую службу ў царкву Святога Іллі прыехаў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Пасля набажэнства жыхары і госці Міхайлаўшчыны накіраваліся ў мясцовы клуб-бібліятэку, дзе іх чакала канцэртная праграма. Упрыгожылі свята артысты Канстанцін Яраш, Віялета Суровец, Вацлаў Сідаровіч, Эдуард Булкевіч, Вераніка Свідрыцкая.

Бібліятэкар адзела абслугоўвання Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі Кацярына Ярмалінская распавяла, што падначалены ёй клуб “Літаратура. Музыка. Натхненне” і ў летнюю спякоту працягвае збіраць сяброў. Не так даўно ў госці да аматараў літаратуры і падлеткаў дзіцячага аздараўленчага лагера “Папараць-кветка” завітала маладая паэтка і пісьменніца Ніна Лістота. Яна прэзентавала дэбютную кнігу “Каханні. Дваццаць рэальных гісторый”.

Пра новыя падзеі культурнага жыцця Смаргоншчыны паведаміла дырэктар Смаргонскага цэнтра культуры Галіна Крацянок. У Бялкоўшчынскім Доме культуры сіламі клубных фарміраванняў была праведзена канцэртная праграма “З павагай і любоўю” для людзей, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. У Сінькоўскім ДК ладзіўся канцэрт “Тут залацісты спее колас!” Жыхары аграгарадка Сінькі цёпла віталі кожны нумар, падрыхтаваны самадзейнымі артыстамі сектара культуры і вольнага часу “Крэўскі Дом культуры”. А ў Лылойцінскім Доме культуры прайшоў тэматычны вечар “У спадчыну аддам зямелькі роднай краявіды…” і фотавыстава самых запаветных і таямнічых куточкаў Лылойцінскага краю.

У сельскім клубе аграгарадка Станцыя Ашмяны адзначылі Дзень чыгуначніка. Падчас вясёлага святкавання “Стальная магістраль” прысутным распавялі гісторыю паходжання і развіцця чыгуначнага руху раёна, паказалі канцэрт “Па рэйках добрага настрою”, запрасілі на гульнявую праграму “Вясёлага шляху!” ад правадніцы з аграгарадка Жупраны, зладзілі “Вагон забаў”, у рамках якога ў тым ліку прайшла выстава народных майстроў, і многае іншае. Фінальным акордам стаў флэш-моб на адкрытым паветры “Праспяваем песню чыгуначніка разам”.

Мінулым суботнім вечарам у Міры Карэліцкага раёна прайшоў фестываль “Мястэчка”, прысвечаны культуры народаў, што жылі тут ў 20 —30-я гады мінулага стагоддзя. “Татарскі, яўрэйскі, польскі, беларускі, цыганскі падворкі прываблівалі гасцей прысмакамі, а таксама песнямі і танцамі ў нацыянальных касцюмах, расповедамі пра свае традыцыі”, — напісала “К” загадчык адзела метадычнай работы Карэліцкага РЦКіНТ Аксана Басюк.

Адметнымі стравамі частаваліся і на свяце беларускай кухні “Моц смаку”, зладжаным сектарам культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадку Лелюкі. Па словах загадчыка аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ліліі Кішкель, у праграме мерапрыемства значыліся, у тым ліку, і выступы калектываў аматарскай творчасці Іўеўшчыны і Воранаўшчыны, майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў, выставы народнай творчасці, рэгіянальны конкурс-дэгустацыя “Гаспадыня-2018”. У апошнім перамагла Жанна Хадарцэвіч з Лаздуноў.

У той жа дзень маёнтак Дамбавецкага сабраў на брэндавым свяце ўсіх жыхароў аграгарадка Бердаўка Лідскага раёну, якое ладзіў Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр. Алена Габіс у фарбах распісала праграму, якая на працягу дня даравала наведвальнікам шчаслівыя ўсмешкі. Адным з найцікавых пунктаў імпрэзы стаўся фестываль гумару “Пацешкі ды ўсмешкі — даўгалецця сцежкі”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі аматарскай творчасці з Беліцкага, Крупаўскага, Тарноўскага, Першамайскага Дамоў культуры, Бердаўскага і Мінойтаўскага культурна-дасугавых цэнтраў, а таксама госці свята — удзельнікі аматарскага аб’яднання “Актыўнае даўгалецце” Лідскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Традыцыйна жнівеньскай парой мазалаўскія культработнікі ладзяць святы вёсак і вуліц, выязныя канцэрты па аддаленых населеных пунктах. 5 жніўня артысты аўтаклуба і Мазалаўскага сельскага дома культуры з творчым візітам наведалі вёскі Сакольнікі, Хайсы і Буяны. Як напісаў нам Андрэй Струнчанка, добры настрой жыхарам і гасцям вёсак падарылі ўдзельнікі народнага жаночага клуба “Залаты ўзрост”, народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Вераснянка” і тэатральнага гуртка “Вобраз”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"