Аперэта, джаз і пераказ вядомых сюжэтаў

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

За гады свайго існавання праект “Тэатральныя сустрэчы” на “Славянскім базары ў Віцебску” пачуваў сябе па-рознаму: былі і вяршыні мастацкіх здабыткаў, і простая дэманстрацыя “жывых” кіна- і тэлезорак. Сёлета агульны ўзровень прывезеных спектакляў пачаў патроху змяняцца ў лепшы бок. На жаль, не тымі тэмпамі, як хацелася б, але некаторыя зрухі ўсё ж навідавоку. Хаця да таго напаўнення тэатральнай праграмы, якое было ў пачатку 2000-х, пакуль далёка.

/i/content/pi/cult/704/15430/pages-8-9-copy-2-S.jpgРасчаравалі абодва спектаклі Маскоўскага сучаснага мастацкага тэатра. “Ганна Карэніна” аказалася скарочаным пераказам вядомага сюжэта. “Каліфарнійскае танга” ўвогуле “забіла” бездапаможнасцю рэжысуры, сцэнаграфіі, акцёрскай ігры.

Тры спектаклі тэатральнага агенцтва “Арт-партнёр ХХІ” яднаў зварот да іншых відаў мастацтва, акрамя ўласна тэатральнага. Пад назвай “Мужчыны. Падслуханае” хавалася знакамітая п’еса “Арт” Ясміны Рэза: маўляў, іначай глядач не клюне. Два іншыя былі з жывой музыкай, што адразу вылучала іх на агульным фоне. Так, “Прызнанне” ішло пад акустычную гітару (музыка — ураджэнца Беларусі Глеба Матвейчука). У “Тэрыторыі кахання” з Аленай Якаўлевай быў задзейнічаны невялікі інструментальны ансамбль.

Гэта не толькі звязвала тэатральны складнік фестывалю з выставачным і музычным. Удзел музыкантаў надаваў спектаклям жывое дыханне. А “Аркестр мары. Медзь” з Алегам Меньшыкавым у якасці рэжысёра і выканаўцы (Маскоўскі драмтэатр імя Марыі Ярмолавай) увогуле быў акрэслены як спектакль-канцэрт. Удзел калектыву ў гала-канцэрце адкрыцця вымусіў не толькі тэатралаў, але і ўсіх аматараў эстрады даведацца, што такое дэфіле духавікоў.

На жаль, такі ж зваротны рух — да канцэртаў-спектакляў — быў слабейшым. У мінулым засталіся выбітныя тэатралізаваныя тэматычныя канцэрты — у тым ліку, і на сцэне Амфітэатра. Сольнік “Фанограф-сімфа-джаза” на чале з Сяргеем Жыліным пачаўся яркай сцэнкай, калі айчынны поп-спявак Іван Вабішчэвіч прыкідваўся звычайным гледачом і трапляў на сцэну з залы. Але на гэтым тэатралізацыя скончылася. Хіба што вёў канцэрт (дарэчы, адзін з лепшых у сёлетняй праграме) сам кіраўнік і дырыжор, надаючы дзеянню форму зацікаўленага аповеду.

Упершыню на фестывалі з’явілася аперэта (мюзіклы раней былі, аперэта — не). “Тайну містэра Ікс” паводле “Прынцэсы цырка” Імрэ Кальмана прывёз Даўгаўпілскі дзяржаўны тэатр. Аперэта, пастаўленая яго дырэктарам і мастацкім кіраўніком Алегам Шапашнікавым, займела новае лібрэта, дзеянне ў якім было перанесена ў рыжскае кабарэ 1920-х гадоў, а ў тэксце згадваюцца рэальныя дзеячы культуры, якія наведвалі ў той час гэты горад — што
надало спектаклю яшчэ і асветніцкі характар. Інтэрнацыянальны склад выдатных вакалістаў (у іх складзе — мінчук Анзор Алімірзоеў), спалучэнне оперных спеваў з акцёрскімі, сумяшчэнне і чаргаванне фанаграм-мінусовак з “жывым” гучаннем сцэнічнага ансамбля і фартэпіяна, перадача асобных музычных нумароў іншым дзейным асобам, новыя псіхалагічныя акцэнты… Усё гэта вымушала глядзець спектакль на адным дыханні, успрымаць яго як цалкам новы твор — еўрапейскі, сусветны і ярка нацыянальны ў аднолькавай меры. Дадам, што тэатр з Даўгаўпілса і наш Музычны тэатр неаднойчы праводзілі абменныя гастролі. Была падпісана і дамова аб супрацоўніцтве, праз якую стаў магчымым згаданы абмен салістамі. Але, як высветлілася, нам ёсць чаму павучыцца і ў іх звароце да аперэты!

/i/content/pi/cult/704/15430/pages-8-9-copy-S.jpgГаспадары фестывалю — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа — паказаў адну са сваіх нядаўніх прэм’ер. “Дурнічка” ў пастаноўцы Міхаіла Краснабаева паводле аднайменнай п’есы Лопэ дэ Вэга акцэнтуе не столькі камічныя, колькі лірычныя моманты, набліжаючы гэты касцюміраваны спектакль да меладрамы. Дзеянне адцяняецца танцавальнымі нумарамі, цалкам адпавядаючы жанравай разнавіднасці спектакляў для адпачынку. І хаця хтосьці з віцебскіх журналістаў радасна вітаў першы ўдзел коласаўцаў у “Тэатральных сустрэчах”, згадаю колішняга “Макбета” на адкрытым паветры ў Здраўнёва.

У тым, што ўсё спазнаецца ў параўнанні, пераканалі і два спектаклі Маскоўскага тэатра на Паўднёвым Захадзе. Заўсёднік “Тэатральных сустрэч”, гэты калектыў разбаўляе іх лірыка-камедыйны струмень узняццем больш сур’ёзных тэм. Але “Самазабойца”, пастаўлены ў 2001-м паводле аднайменнай п’есы Мікалая Эрдмана, пацвердзіў думкі пра хуткаплыннасць павеваў у тэатральным мастацтве. Спектакль-візітоўка, які яшчэ зусім нядаўна ўвасабляў перадавыя памкненні трупы, сёння ўспрымаецца як архаізм — найперш з-за крыклівасці сцэнічнага маўлення і аднолькавасці персанажаў.

Гогалеўскія “Гульцы” таксама калісьці былі ў рэпертуары калектыву. Але цяперашняя пастаноўка новая - гэта леташняя прэм’ера. Жанрава азначаны як містычны трылер, з загадкавымі Панначкамі-вядзьмаркамі, спектакль аказаўся блізкім да мюзікла — у стылістыцы фольк-рок, з добра распрацаванай сістэмай лейтматываў, поліфанічным спалучэннем тэм і іншымі прыёмамі сапраўднага сімфанізму, чутнымі ў аўдыёзапісах, з яркай дыферэнцыяцыяй спеўна-размоўных манер герояў, кардынальнай перапрацоўкай тэксту, дзе пакінуты і ўзмоцнены самыя важныя фразы і думкі. Кідкая сучасная эстэтыка спектакля становіцца прынадай для моладзі, а больш трагічнае, чым у арыгінале, заканчэнне вымушае задумацца.

Праз год “Тэатральныя сустрэчы” пройдуць у Віцебску ў дваццаты раз. Трэба спадзявацца, да юбілею будзе падрыхтавана штосьці асаблівае?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"