Бясконцасць, памножаная на тры

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

Жыццярыс мэтраў нярэдка абрастае міфалогіяй, а часам яны ствараюць яе самі. Вось і ў лёсе гендырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова спалучэнне трох васьмёрак мае надзвычайную ролю. Ён нарадзіўся 65 гадоў таму 8 жніўня а восьмай раніцы. Менавіта ў такі дзіўны час, які спалучаў тры васьмёркі, у музеі была прызначаная юбілейная імпрэза, якая супала з адкрыццём выставы самаго юбіляра. І нягледзячы на згаданую акалічнасць, яна сабрала сапраўдны бамонд.

/i/content/pi/cult/704/15422/pages-2-3-SSS.jpg

Спяшаючыся па сонечных вулках на юбілейны ранішнік, ты нават міжволі бачыш сляды прысутнасці гэтай асобы ў культурным полі краіны. Менавіта яе стараннямі ў гарадской прасторы з’явіліся шматлікія рэпрадукцыі твораў знакамітых нашых мастакоў — не кажучы ўжо пра вынаходлівую рэкламу музея, якую можна бачыць нават на прыступках падземнага пераходу.

Цяпер гэта нават нікога не дзівіць, але яшчэ зусім нядаўна задума знаходзілася на першым этапе сваёй эвалюцыі. “Гэтага не можа быць!” — казалі многія. І такі самы шлях спазналі ці спазнаюць іншыя смелыя ідэі Уладзіміра Пракапцова — ад “арт-цукерак” і да музейнага кварталу, які можна лічыць ці то яго ідэяй фікс, ці то opus magnum. Але шматгадовыя высілкі прыносяць свой плён. Ідэя фікс чым далей, тым болей набывае канкрэтнае аблічча.

Адначасова ў той ранак Уладзімір Пракапцоў адзначаў і іншы свой юбілей. Без сумневу, 20 гадоў, праведзеныя ім на сваёй цяперашняй пасадзе, ужо сталі сапраўднай эпохай у жыцці Мастацкага музея. Вельмі слушна адзначыў з гэтай нагоды старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца: фантастычныя рэчы дзеяцца, калі пасада чалавека адпавядае жыццёваму пакліканню.

Як і яго легендарныя папярэднікі Ганна Аладава і Юрый Карачун, спадар Уладзімір мае фенаменальную здольнасць адчуваць патрэбы часу — і дзейнічаць згодна з імі. Музей пад яго кіраўніцтвам стаў бадай галоўным ньюсмэйкерам культурнай прасторы. Захоўваючы, у той самы час сваю пачэсную ролю мастацкага ды інтэлектуальнага цэнтра.

І пры ўсёй сваёй сучаснасці, Уладзімір Пракапцоў акурат той чалавек, які не схільны “прогибаться под изменчивый мир” — хаця б таму, каб не сапсаваць сваю шыкоўную фрызуру. Яго пазнае на вуліцы, здаецца, увесь Мінск! Ён не саромеецца сваёй яркай асабовасці, наадварот — усяляк яе падкрэслівае. І таму даўно мае рэпутацыю самага імпазантнага з усіх дырэктараў беларускіх музеяў. Прычым, як прыгадвалі падчас юбілейнай імпрэзы людзі, што даўно яго ведаюць, такім ён быў заўжды, з маладых гадоў. І нават у “застойныя” часы, калі актуальным здаваўся лозунг “не вытыркацца”, многім яго яркасць
падабалася.

Зразумела, падабаецца і цяпер. Вобраз “рыцара ад мастацтва”, які спалучае рамантычнасць Дон Кіхота і дасціпнасць ды кемлівасць Санча Пансы, спалучаецца з папраўдзе неўтаймоўным імпэтам. Здаецца, гэты чалавек проста не ведае, што такое ідэйны крызіс або “прафесійнае выгаранне”. Ды і яго жывапісныя творы радуюць па-імпрэсіянісцку свежым, непасрэдным, папраўдзе летнім і ранішнім успрыняццем рэчаіснасці.

Васьмёрка, як вядома, — сімвал бясконцасці, увасабленне вечнага рухавіка. А спалучэнне трох васьмёрак, здаецца, дае нават не арыфметычны, а геаметрычны эфект.

Рэдакцыя “К” шчыра далучаецца да віншаванняў Уладзіміра Іванавіча з яго юбілеямі. Зычым, каб ваш імпэт быў сапраўды бясконцым, а новыя творчыя ідэі — невычарпальнымі.