Беларуская дуда ў Караван-сараі

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

З 18 па 25 ліпеня ў адным з раёнаў Стамбула — у мястэчку Шыле, што на чарнаморскім узбярэжжы, прайшоў 31 Міжнародны фестываль культуры і мастацтва.

У фестывалі прынялі ўдзел 94 майстры з 16 краін свету, у тым ліку  і з Беларусі. Нашу краіну на гэтым фестывалі прадставілі пяць майстроў:  Людміла Жукава з вырабамі са скуры (Орша), Аляксандар Кірычык з керамікай (Салігорск), Віктар Кульпін з традыцыйнымі музычнымі інструментамі (Мінск), Маргарыта Саланевіч і Алена Цялушка (Ганцавічы).

А з 28 ліпеня па 4 жніўня ў турэцкім мястэчку Бююкчэкмеджэ, што на беразе Мармуравага мора, прайшоў чарговы 19-ы Міжнародны фестываль народна-прыкладнога мастацтва і культуры, арганізатарам якога з’яўляецца аддзел культуры і сацыяльных сувязяў адміністрацыі горада Стамбула. У фестывалі прынялі ўдзел 127 майстроў з 23 краін свету, у тым ліку пяць ужо названых майстроў з Беларусі.

У помніку XVI стагоддзя — Караван-сараі — была арганізавана выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе наведвальнікі дзеі маглі пазнаёміцца з вырабамі народных умельцаў з розных краін свету. У рамках фестывалю былі арганізаваны экскурсіі па гістарычных мясцінах, выступленні майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, канцэрты, майстар-класы для дзяцей, наведвальнікаў і саміх майстроў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"