Адданы сцэне

№ 32 (1367) 11.08.2018 - 18.08.2018 г

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага артыста Беларусі Віктара Манаева з 60-годдзем. Пра гэта 7 жніўня паведаміў афіцыйны інтэрнэт-партал Кіраўніка дзяржавы.

“Сваёй плённай творчай дзейнасцю Вы заваявалі любоў і павагу ўдзячных гледачоў. Кожная пастаноўка з вашым удзелам уражвае высокім узроўнем прафесіяналізму, вабіць глыбінёй, выразнасцю і душэўнай адкрытасцю, пакідае незабыўныя ўражанні ў сэрцах шматлікіх паклоннікаў”, гаворыцца ў віншаванні.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўнёсак Віктара Манаева ў стварэнне, захаванне і папулярызацыю традыцый нацыянальнай тэатральнай школы з’яўляецца прыкладам для маладых артыстаў, сапраўдным гонарам праслаўленай Купалаўскай сцэны і ўзорам шчырага служэння сваёй краіне. “Упэўнены, што Ваша бязмежная адданасць мастацтву і надалей будзе спрыяць росквіту беларускай культуры”, — цытуе прэс-служба словы Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы пажадаў Віктару Манаеву моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, натхнення, шчасця і дабрабыту.

Газета “Культура” далучаецца да віншаванняў, якія гэтымі днямі злятаюцца з усіх бакоў да юбіляра. Няхай у Майстра, які амаль 40 гадоў плённа служыць нацыянальным падмосткам, будзе яшчэ безліч цікавых, глыбокіх, гучных тэатральных і кінематаграфічных роляў, што прынясуць задавальненне самому творцу і падораць гледачам радасць ад спрычынення да мастацтва.