Кнігі, крылы, акварэль

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

І ў час высокіх інфармацыйных тэхналогій для многіх кніга па-ранейшаму застаецца сябрам, у якога можна многаму навучыцца. Доказам гэтаму тое, што Віцебская абласная бібліятэка імя У.Леніна (адна са старэйшых у Прыдзвінні), абслужыла летась 57 тысяч чытачоў...

У яе сценах віруе цікавае і насычанае жыццё: пастаянна ладзяцца разнастайныя вечары і сустрэчы з творчымі асобамі Віцебшчыны, у холе ўтульнага кніжнага дома кожны жадаючы можа пазнаёміцца з экспазіцыямі работ мастакоў горада над Дзвіной. За апошні час чытачы з задавальненнем наведвалі выстаўку “Жанчына не павінна пакутаваць”, высока ацанілі творчасць суполкі “Віцебская акварэль”, чые прадстаўнікі (Мікалай Гугнін, Аляксандр Карпан, Міхась Ляўковіч, Міхась Цыбульскі і Аляксандр Шыёнак) удзельнічалі ў Міжнародным пленэры ў Германіі.
Не адстаюць ад мэтраў і маладыя віцебскія фотамастакі Аляксандр Велядзімовіч, Аляксей Усовіч і Кацярына Смурага, якія рашуча заявілі пра сябе неардынарнай экспазіцыяй “Тры крылы”.Мастацка-эстэтычны салон “ОЛИ-Art”, які існуе пры аддзеле мастацтва, заўсёды збірае на свае мерапрыемствы культурны бамонд горада. Нядаўнія вечарыны былі прысвечаны 50-годдзю творчай дзейнасці дзіцячай пісьменніцы Маіны Бабарыка, рэжысёру коласаўскага тэатра Юрыю Лізянгевічу.
Аддзел беларускай літаратуры плённа супрацоўнічае з нашымі пісьменнікамі, з метадычнымі аб’яднаннямі настаўнікаў роднай мовы і літаратуры, студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ Віцебска. У аддзеле была арганізавана сустрэча з вядомымі літаратарамі і журналістамі Алесем Бадаком, Анатолем Казловым, Ірынай Тулупавай, Анатолем Зэкавым, якія вялі гаворку з работнікамі бібліятэк і творчай інтэлігенцыяй горада пра стан сучаснай літаратуры. Сектар аўтаматызацыі і краязнаўчы сектар працягваюць працаваць над паўнатэкставым электронным рэсурсам “Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць”. Летась прайшла ў бібліятэцы прэзентацыя зборніка паэзіі студэнтаў і выпускнікоў факультэта беларускай філалогіі і культуры ВДУ імя П.Машэрава “Факультэт паэзіі”, выдадзенага да 125-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. З гэтай нагоды адбыўся вечар “У вянок Песнярам”.
У выніку бібліяграфічнай работы падрыхтаваны і выдадзены паказальнікі літаратуры да юбілеяў віцебскіх пісьменнікаў Генадзя Катлярова і Барыса Беляжэнкі.Прыемна адзначыць, што беларускай літаратурай, культурай, гісторыяй цікавяцца не толькі суайчыннікі, але і жыхары іншых краін. Супрацоўнікі бібліятэкі прымалі ўдзел у Міжнародным кніжным форуме “Рускі Захад”, што праходзіў у Пскоўскай абласной навуковай бібліятэцы. Расіяне выказалі зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве і ў абмене вопытам.
Гэтай восенню Віцебская абласная бібліятэка адзначыць юбілей — 80-годдзе з дня заснавання. Дата сур’ёзная, таму творчы і дружны калектыў установы культуры адказна рыхтуецца да свята. 

Наталля ФЕНЧАНКА,
вядучы бібліятэкар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.Леніна