Ці народзіцца ісціна ў спрэчках?

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

Даўгачаканая рэстаўрацыя Старога замка ў Гродне ідзе поўным ходам, але адначасова з ёю не сціхаюць і спрэчкі —прычым ужо не толькі ў коле прафесійных рэстаўратараў і ахоўнікаў спадчыны. Да іх заўзята падключыліся і многія простыя грамадзяне, занепакоеныя лёсам колішняй каралеўскай і вялікакняскай рэзідэнцыі. Пра рознасць падыходаў да рэстаўрацыі вельмі значнага для нашай культуры помніка засведчыў і круглы стол па гэтай тэме, праведзены ў Гродне 24 ліпеня.

/i/content/pi/cult/703/15411/9.JPGФота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Не першы круглы стол — і не апошні

Яму папярэднічаў іншы круглы стол, які адбыўся яшчэ ў чэрвені ў Мінску. Ініцыятарам абмеркавання ходу выканання рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на Старым замку выступілі Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і моладзевае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка”. Мерапрыемства атрымалася даволі маштабным. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры краіны, Белрэстаўрацыі, Цэнтра рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый, Беларускага камітэта ICOMOS, Беларускага саюза архітэктараў. У той самы час, гродзенская дэлегацыя ў сталіцу па аб’ектыўных прычынах не патрапіла — хаця і была запрошана.

Старшыня Рэспубліканскага савета БДТАПГК Антон Астаповіч лічыць, што праблемы рэканструкцыі гродзенскага замка літаральна лунаюць у паветры. І таму было прынята рашэнне правесці яшчэ адзін круглы стол — цяпер ужо выязны, непасрэдна на месцы.

Рэканструкцыя паралельна з дэструкцыяй

— Самая галоўная мэта круглага стала — гэта інфармаванне грамадскасці пра тыя працэсы, якія цяпер адбываюцца на аб’екце, — кажа начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. — Дэтальнае інфармаванне пра рэстаўрацыю Старога замка ад непасрэдных яе ўдзельнікаў! Таму мы запрасілі даволі шырокае кола зацікаўленых — у тым ліку і тых, хто выступае з крытыкай. Важна было не толькі распавесці і паказаць, што адбываецца, але і разам абмеркаваць далейшыя магчымыя шляхі рэстаўрацыі замка на другой і трэцяй чарзе правядзення работ.

Алена Клімовіч лічыць, што правесці сустрэчу менавіта ў Гродне было вельмі важна. Удзельнікі круглага стала мелі магчымасць трапіць на аб’ект і на ўласныя вочы ўбачыць, як там вядуцца працы. Зразумела, агляд паслужыў нагодай для далейшага абмеркавання.

І такі дэсант спецыялістаў можа змяніць ракурс бачання самой праблемы. Як адзначыў архітэктар-рэстаўратар Зміцер Савельеў, асаблівую занепакоенасць у яго выклікаў стан захаванасці аркі і фрагмента палаца з паўночнага — самага далёкага — боку. Там ніякіх работ сёння не вядзецца, і руйнуюцца яны “сваім ходам” — ад часу.

— Працэс руйнавання відавочны, ідзе ён вельмі хутка: яшчэ некалькі гадоў таму канструкцыі былі ў больш-менш памысным стане, — кажа ён. — І пакуль да іх дойдуць рэстаўратары, — а гэтыя работы аднесены да самай апошняй, трэцяй чаргі, — яны могуць канчаткова разбурыцца. Таму неабходна неадкладна знайсці фінансаванне на іх кансервацыю.

На важнасць захавання і кансервацыі аўтэнтычных фрагментаў
паўночна-заходняй вежы і паўночнай абарончай сцяны замка акцэнтаваў увагу і спадар Астаповіч. І ў праекце рэзалюцыі, распрацаванай па выніках рабочай сустрэчы прадстаўнікамі БДТАПГК, змешчаны пункт, які тычыцца менавіта гэтай часткі помніка.

— Сярод іншага, у праекце рэзалюцыі адзначана неабходнасць карэкціроўкі праекта другой і трэцяй чэргаў рэстаўрацыйных работ на Старым замку з улікам вынікаў дадатковых даследаванняў, — дадае спадар Астаповіч. — Таксама мы вырашылі хадайнічаць перад Міністэрствам культуры аб неабходнасці правядзення ў Гродне сумеснага пасяджэння Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і Грамадскай назіральнай камісіі па пытаннях распрацоўкі праектнай дакументацыі на правядзенне другой і трэцяй чэргаў работ.

Ці была камяніца?

Спадар Савельеў падзяліўся сваім меркаваннем і пра работы, якія сёння вядуцца на аб’екце. У выніку агляду выявілася, што хаця ўдакладненні ў праект і ўносяцца, гэтыя змяненні толькі павярхоўныя:

— Археолагі ўвесь час робяць нейкія знаходкі, у выніку чаго праект карэктуецца. На жаль, гэта ў першую чаргу тычыцца інжынерных сетак, а не канцэптуальнага падыходу. Напрыклад, у раскопе я не заўважыў падмуркаў камяніцы, якую плануецца аднавіць. Яна і сапраўды як быццам згадваецца ў інвентарах, і таму з’явілася ў праекце. Але рэальных яе слядоў археолагамі не выяўлена. Адпаведна, варта задацца пытаннем: ці не атрымаецца ў выніку поўны наватвор, які не мае археалагічных пацвярджэнняў? І такі падыход да рэканструкцыі замка выклікае большую занепакоенасць, чым, скажам, прапанаваныя варыянты ўсталявання купала на вежы. Бо купал несумненна быў, а тое, якую форму ён меў — пытанне другаснае. А вось ці была камяніца? Я ў гэтым моцна сумняваюся.

На думку архітэктара-рэстаўратара, крытычнай ацэнкі патрабуе і сама канцэпцыя рэстаўрацыі Старога замка. Яе аўтар Уладзімір Бачкоў імкнецца аднавіць аблічча помніка ў адпаведнасці з яго выглядам на канец XVI — пачатак XVII стагоддзя.

Па словах Алены Клімовіч, круглы стол прайшоў даволі плённа — нягледзячы на тое, што ўдзельнікі дыскусіі трымаліся розных падыходаў да вызначэння прынцыпаў працы з гісторыка-культурнай спадчынай і правядзення рэстаўрацыйных работ на гродзенскім Старым замку. Прычым сёй-той з іх даволі рэзка выказаў сваю занепакоенасць як абранай метадалогіяй, так і самім ходам аднаўленчых работ.

Але важнай была сама магчымасць выслухаць часта супрацьлеглыя меркаванні і асэнсаваць розныя метадалагічныя падыходы да правядзення рэстаўрацыйных работ. Гэта можа дапамагчы знайсці найбольш аптымальны сярод іх. На сёння такая надзея ёсць, а ці спраўдзіцца яна — пакажа час і вынікі другой і трэцяй чэргаў работ на замку.