Калі добра ўсім

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

Гэтым летам у час адпачынку мне пашчасціла наведаць Каталонію. Вандроўку можна назваць здзейсненай марай, якая з’явілася яшчэ ў той момант, калі мне ўпершыню трапілі на вочы выявы твораў двух геніяльных каталонцаў — дойліда Антоніа Гаудзі і мастака Сальвадора Далі. Было тое ў 1970-я гады, і вось нарэшце — Мансерат, Барселона, Фігерас, Пуболь. Мясціны, звязаныя з гэтымі асобамі і іх творчасцю.

/i/content/pi/cult/703/15410/opt.jpegПераказваць уражанні ад архітэктуры і жывапісу наўрад ці мае сэнс, асабліва калі гаворка ідзе пра сусветна вядомыя творы. Скажу толькі, што Гаудзі і Далі для мяне з’яўляюцца выразнай праявай каталонскай ментальнасці, у аснове якой — самапавага, імкненне да самадастковасці і жаданне жыць паўнавартасным жыццём. Жыць дзеля максімальнай самарэалізацыі, а не засяроджвацца на стварэнні іміджу ў вачах суседзяў — калі гаворка ідзе пра крэда асобы. І ў вачах чужынцаў-замежнікаў — калі гаворка пра нацыю ўвогуле. Той жа Далі хоць і быў геніем самарэкламы, але чужым густам ніколі не патураў. Усё жыццё гуляў паводле сваіх правілаў, ды так удала, што ім нават міжволі падпарадкоўваліся іншыя.

Для каталонскай грамады паводле шкалы прыярытэтаў на першым месцы — Каталонія, потым Іспанія, далей — Еўропа, яшчэ далей — увесь свет. Інтарэсы сваёй роднай нацыі заўжды на першым месцы.

Возьмем, да прыкладу, такі важны чыннік прыбытку як міжнародны турызм. У шэрагу краін для прыцягнення грашавітых гасцей ствараюць гэткія VIP-зоны, куды большасці сваіх грамадзян уваход закрыты — хаця б з прычыны іх невысокіх заробкаў. У апошнія гады мне давялося наведаць Балгарыю, Чарнагорыю і Чарнаморскае ўзбярэжжа Расіі. І паўсюль я бачыў пляжы катэгорыі VIP, замацаваныя за гатэлямі высокай зорнасці і разлічаныя на багатых замежнікаў ці на сваіх грамадзян, але з даходамі значна вышэйшымі за сярэднія.

А вось у Каталоніі пляжы грамадскія, а значыць — бясплатныя. Прычым усе — ад дзяржаўнай мяжы з Францыяй да адміністрацыйнай з Валенсіяй. За выгоды на пляжах (туалетныя кабінкі, душ, трэнажоры праз кожныя 100 — 200 метраў) плаціць таксама не трэба. Усё для ўсіх. Тым часам, як у нас словы “грамадскае” і “занядбанае” часам успрымаюцца як сінонімы, у Каталоніі грамадскія тэрыторыі — тыя ж пляжы — даглядаюцца так, як у іншых краінах VIP-аўскія.

Уражвае спачувальнасць каталонцаў да хворых і нямоглых. На свае вочы бачыў, як на пляж у суправаджэнні медсястры прывозілі маларухомых і, па ўсім відаць, не зусім псіхічна здаровых пацыентаў, каб гэтыя людзі — пазбаўленыя многіх радасцяў быцця — маглі адчуць асалоду ад марскога купання. У Каталоніі нікому нават у галаву не прыйдзе, што такая карцінка можа парушыць псіхалагічны камфорт замежнага турыста. Інтарэсы каталонцаў, прычым усіх сацыяльных катэгорый — перадусім!

Мне цяжка ўявіць, што ў Каталоніі нейкая асоба магла б прыватызаваць чымсьці каштоўны для грамады ўчастак зямлі ці аб’ект, абнесці яго заборам і выставіць ахову. Як і мае быць у цывілізаваным грамадстве, павага да прыватнай уласнасці, закона і правоў асобы тут у наяўнасці, але і правы нацыі і пастулаты маральнасці ніхто не можа, ды і не будзе ігнараваць. Канфлікт кшталту таго, што сёння мы маем у Курапатах з прычыны з’яўлення рэстарацыі ўпрытык да мемарыяльнай зоны, у Каталоніі немагчымы па вызначэнні. Мясцовая улада, азіраючыся на грамаду, будаўніцтва б не дазволіла. Ды і ні адзін бізнесмен на гэты лапік бы не спакусіўся — з той жа самай прычыны. Нават калі б юрыдычна ўсё было бездакорна.

У нацыянальнай святыні каталонцаў — кляштары Мансерат — можна сустрэць гасцей з усяго свету. Але для іх не ствараецца асобная “чарга па-за чаргою”. І каталонцы, і замежнікі стаяць у адной чарзе каб патрапіць унутр. Ды і турыст у Мансераце збольшага мясцовы. Гэтая святыня — найперш чыннік духоўнай еднасці нацыі, а ўжо потым — прыбытковы турыстычны аб’ект. Тое ж можна сказаць і пра архітэктурны шэдэўр Гаудзі. У якасці турыстычнага аб’екта храм Саграда Фамілія ў Барсэлоне можна было б пакінуць недабудаваным. На той стадыі, калі ў 1926 годзе будаўніцтва спыніла раптоўная смерць архітэктара, а творцы, здольнага прадоўжыць ягоную справу, не знайшлося. Ды і сацыяльна-палітычны расклад у франкісцкай Іспаніі далейшаму будаўніцтву не спрыяў.

Але для каталонцаў дабудаваць храм было справай гонару. Не для таго каб уразіць свет, а менавіта дзеля самапавагі. Таму як толькі ў Іспаніі распачалася дэмакратызацыя, працы аднавіліся.

Так, Каталонія — краіна каталонцаў. Але свой жыццёвы лад яны зрабілі настолькі зручным і гарманічным, што тут добра ўсім. Усім, хто не перашкаджае каталонцам жыць паводле іх звычак, маралі, ментальнасці, шанаваць сваіх герояў і любіць уласную гісторыю.
Абавязкова прыеду ў Барселону ў 2026 годзе, калі мусіць завяршыцца будаўніцтва Саграда Фамілія. Гэта будзе свята, не горшае за Алімпійскія гульні і Мундыяль! Нацыянальнае свята, але для ўсіх.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"