Шчаслівыя білеты ў Віцебск, Кітай і будучыню

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

30 чэрвеня ў Музеі гісторыі беларускага кіно адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам кіраўніцтва і супрацоўнікаў апарату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

На сустрэчы з журналістамі былі закрануты такія важныя пытанні, як інвесціраванне аб’ектаў культуры, работы па рэстаўрацыі і рэканструкцыі Тэатра оперы і балета, выкананне Указа Прэзідэнта “Аб арганізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці”, падрыхтоўка да святкавання Дня Незалежнасці, правядзенне XVII Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Білеты на адкрыццё і закрыццё апошняга мерапрыемства, дарэчы, як адзначыў міністр культуры Уладзімір Матвейчук, ужо амаль разышліся: сёлета была ўдасканалена сістэма продажу білетаў у абласцях, асабліва — у санаторна-курортных установах, так што наведаць свята змогуць многія.
Міністр адзначыў, што вядзецца актыўная падрыхтоўка да Дзён культуры Беларусі ў Кітаі, якія пройдуць з 15 па 20 ліпеня. Выступіць там Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г.Цітовіча. Ён будзе ўдзельнічаць у Міжнародным фестывалі харавых спеваў у межах Алімпійскага фестывалю культуры, што пройдзе ў Кітаі. Завітае ў Паднябесную з канцэртнай праграмай калектыў “Харошкі”. Таксама адбудзецца выстаўка нашых жывапісцаў, прадстаўляць якіх будзе Валерый Шкаруба. Будуць праведзены сустрэчы нашай дэлегацыі з Міністэрствам культуры КНР, Упраўленнем па справах кіно, радыё і тэлебачання, кіраўніцтвам пекінскай бібліятэкі, таму паездка будзе вельмі наcычанай і карыснай для абедзвюх краін.
Значна пашырыліся культурныя сувязі Беларусі з іншымі дзяржавамі. Як адзначыў начальнік аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры Міхаіл Кажура, да канца 2008 года плануецца правесці Дні культуры Беларусі ў Азербайджане, Ізраілі, Славакіі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. А ў госці чакаем дэлегацыю з В’етнама, якая прыедзе ў верасні.
Паспяхова праводзіцца акцыя “Мы — беларусы!” у краінах бліжняга замежжа, яна выклікае цікавасць і набывае рэзананс у сродках масавай інфармацыі тых краін, да якіх завітваюць беларусы. Узаемавыгаднае пагадненне падпісала нядаўна дэлегацыя нашай краіны з кіраўніцтвам Санкт-Пецярбурга: у 2009 годзе ў нас пройдуць Дні культуры Расіі, а ў 2010 на нашы дасягненні будуць глядзець пецярбуржцы. Канцэрты ў Маскве, Кіеве — усё гэта наперадзе.Былі таксама закрануты пытанні падрыхтоўкі і працаўладкавання маладых творцаў.
Некалькі гадоў запар паўставала пытанне наконт недахопу працоўных месцаў для выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сёлета ўсе маладыя спецыялісты, якія вучыліся за дзяржаўныя сродкі ў гэтай установе, былі размеркаваны. Адбудуцца некаторыя змены ў правядзенні ўступнай кампаніі ў ВНУ і ССНУ культуры і мастацтваў. Наталля Шмакава, начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, паведаміла, што ў вышэйшыя навучальныя ўстановы будзе прынята 997 чалавек, у сярэднія спецыяльныя — амаль паўтары тысячы чалавек. Гэтыя лічбы крыху большыя, чым леташнія. ВНУ культуры ўваходзяць у лік “першай хвалі” прыёму. Прыём дакументаў адбудзецца з 5 па 11, а ўступныя экзамены — з 13 па 21 ліпеня. На аснове базавай адукацыі ў ССНУ дакументы можна будзе падаваць з 15 па 29 ліпеня, а з 15 ліпеня па 6 жніўня адбудзецца прыём дакументаў для тых, хто мае сярэднюю адукацыю. Уступныя ж экзамены пройдуць з 30 ліпеня па 15 жніўня ў залежнасці ад базавай ці сярэдняй адукацыі. 

Алена САБАЛЕЎСКАЯ