За операй-seria — опера-buffa

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

Пялёсткі “Славянскага базару”: як скласці з іх валошку?
Фестывальныя вынікі — справа тонкая. Звесці дэбет з крэдытам — замала. Бо акрамя фінансавага складніку ёсць мастацкі, які звычайна адгукаецца значна пазней. Не наўпрост, а паступова, праз не заўсёды заўважныя праявы ў чалавечых душах. Дык якім застанецца ў гісторыі “Славянскі базар у Віцебску-2018”?

/i/content/pi/cult/703/15409/8.JPGСёлетні фэст асацыюецца ў мяне з рознакаляровымі пялёсткамі. Гэты вобраз узнік не толькі з-за валошкі — даўняга сімвала форуму. На святлодыёдных экранах у афармленні сцэны сёлета не было прамых ліній — толькі авалы, эліпсы. Чым не пялёсткі? Тым больш, што ўсе тыя выцягнута-закругленыя абрысы былі не застылымі, а быццам трымцелі. Адрываліся і павольна зляталі. Па словах аўтара сцэнаграфіі, маскоўскага мастака Аляксандра Халаднова, тое называецца “тэктанічным формаўтварэннем з эфектам ртутнага перацякання аб’ёмных фігур”. Але пялёсткі — гучыць больш паэтычна. І хай адны з іх былі свежымі, а іншыя і пакамечанымі, пажоўклымі, усё ж, мэта аглядальніка — вылучыць лепшае, найбольш жыццяздольнае, што магло б укараніцца і буяць надалей.

Беларускі арнамент

Беларускіх артыстаў на “фестывалі фестываляў” з кожным годам становіцца ўсё больш. З розных прычын, уключаючы эканамічныя. Але куды больш важна тое, што нашы зоркі не толькі трапляюць у прэстыжныя гала-канцэрты, але і ўпрыгожваюць іх, а часам і выцягваюць са стану шэранькай “ніякасці”. Так што замест крытычных стрэлаў на адрас арганізатараў (маўляў, каго запрашаеце?) давайце радавацца за стабільнасць узроўню айчынных салістаў і калектываў.

А якая адданасць сваёй справе! Салістка балета нашага Вялікага тэатра Кацярына Алейнік з гастроляў у Палерма ляцела ў Неапаль, адтуль — у Вільнюс, адтуль ужо дабралася ў Віцебск, каб у абліччы Кітры з “Дон Кіхота” пракруціць належныя фуэтэ ў гала-канцэрце адкрыцця. І гэтак жа, з перасадкамі, — назад. У ноч пасля выступлення. Бо на наступны дзень ёй ужо трэба было выходзіць на сцэну ў Сіцыліі.

Класіка руліць

Негалосная асаблівасць сёлетняга фестывалю — як ніколі многа было акадэмічнага мастацтва (той жа музычнай класікі), сімфаджазу, фольку. Прычым такімі выступленнямі пярэсціла афіша не толькі філармоніі, але і іншых пляцовак. Небывалая колькасць аркестравых калектываў — таксама на розных сцэнах. І самае прыемнае — аншлагі. Народ прагне класіку? Мо і так — пагатоў, на некаторых эстрадных канцэртах вольных месцаў у зале хапала. Дый у гала-канцэртах самыя бурныя авацыі — не папсе, а папулярнай класіцы.

Думаю, шмат у чым спрацаваў фактар навізны. Прага да прыгажосці і гармоніі заўсёды ўласцівая чалавецтву, а ў пэўныя перыяды (цяперашні — акурат такі) яшчэ і ўзмацняецца. Невыпадкова штосьці падобнае мяне вельмі ўразіла два гады таму на фестывалі маладзёжнага аматарскага мастацтва ў Францыі. Уявіце: у кожнай зале, на кожным пятачку маленькага старадаўняга гарадка выступае нейкі калектыў. Канцэрты бясплатныя, слухачоў хапае паўсюль, ды на сімфанічныя выступленні — не прабіцца: каб туды патрапіць, народ займае чаргу задоўга да пачатку. Можа, і ў нас ужо “настала Еўропа”?

Але звярну ўвагу на тое, што ўсе такія канцэрты “Славянскага базару” былі добра ўпакаваны, набліжаны да шоу — і гэтае жанравае азначэнне часам выносілася ў назву: шоу трох раяляў Bel Suono. Чым не падказка акадэмічным музыкантам? Тут адразу ўсплываюць два бакі азначанай праблематыкі. Першы — акадэмічнае мастацтва трэба ўмець прыпадносіць, выкарыстоўваючы яго сінтэз з мастацтвам іншых відаў, прыёмы інструментальнага тэатра, лепшыя напрацоўкі эстраднага маркетынгу і прадзюсіравання.

Другі ж бок — менш аптымістычны. Бо ступіўшы на шлях як мага больш шырокай папулярызацыі “добра прыпраўленых” вечных каштоўнасцей, трэба прайсці выпрабаванне і меднымі трубамі, і Залатым цяля. А гэта вытрымліваюць не ўсе. За гады існавання “Славянскага базару” хапала прыкладаў, калі адкрытыя на ім салісты і калектывы з часам збочвалі на пракладзеную дарожку, тыражавалі знойдзенае, не рухаючыся наперад. Іншымі словамі, сінтэз высокага мастацтва з побытам можа як узвысіць апошні, так і, наадварот, звесці мастацкасць да ўзроўню “ніжэй за плінтус”.

Шансон пашырыў межы

Як ні дзіўна, але працягам згаданай класічнай тэндэнцыі стала і тое, як змянілася напаўненне традыцыйнага ўжо на фестывалі канцэрта “Шансон ТВ”. На першых такіх выступленнях — дзесяцігоддзе таму — сцэну запаўнялі ледзь не спрэс спевакі-аматары з так званым “турэмным шансонам”, хай і на тэму кахання. У час прэс-канферэнцый яны ганарыліся сваёй неадукаванасцю і нявыхаванасцю (маўляў, я гітару засвоіў за паўгадзіны, пакуль сядзеў у прыбіральні). У сёлетнім жа канцэрце побач з “класікам жанра” Вілі Токаравым выступалі Тамара Гвердцытэлі, Аляксандр Малінін, Сасо Паўліяшвілі — і, ужо другі год запар, аркестр Міхаіла Яніса. Рух насустрач?

Вецер у рэжыме 7х7

З пялёсткамі на ветры наўпрост асацыяваўся ІV фэст вулічных мастацтваў “На сямі вятрах”, кіраўніком якога выступіла рэжысёр віцебскага маладзёжнага тэатра “Колесо” Улада Цвікі. Гэты самы малады праект “Славянскага базару” набірае моц і становіцца сапраўдным брэндам. Калі раней амаль усе ехалі ў Віцебск, каб патрапіць у Амфітэатр (часцяком — няважна, на які менавіта канцэрт, бо прыцягвала сама “легендарнасць месца”), дык цяпер усё больш становіцца тых, хто едзе, каб паблукаць па вуліцах і наталіцца гарадской энергетыкай.

У параўнанні з першым “ветраным” фэстам, больш стала арганізаванасці. Вулічныя выступленні сёлета ішлі, што называецца, пры любым надвор’і: раптоўны дожджык не быў перашкодай. За кожнай пляцоўкай быў трывала замацаваны свой від або жанр мастацтва. Вытрымліваўся прынцып нон-стоп: не было такога, каб ты ішоў па цэнтры горада і нідзе нічога не адбывалася б. Ды ўсё навакол віравала!

Былі вылучаны наступныя сем кірункаў вулічных мастацтваў: тэатр, тэатр лялек, перформанс, музыка, паэзія, танец, фаер-шоу. У кожным з іх экспертны савет, старшынёй якога выступіў Юрый Брэус, вызначыў не больш за сем лепшых прадстаўнікоў, назваўшы свае вынікі “сем на сем”.

Планаў у фэсту шмат. Гэта і больш шырокае падключэнне вулічных музыкантаў, і актыўны ўдзел мастакоў, для якіх можна было б стварыць гэткі віцебскі Манмартр. І, магчыма, усталяванне над часткай прасторы даха, які бараніў бы ад капрызаў надвор’я. Веру, што здзейсняцца самыя неверагодныя фантазіі. Бо на чале фестывальна-вулічнага руху стаяць крэатыўныя, зацікаўленыя, неабыякавыя творцы, якія рупяцца, каб зрабіць максімальна прыцягальнай саму гарадскую аўру.

Турыстычным маршрутам

Навінкай сёлетняга “Славянскага базару” стала адкрыццё ў самых наведвальных месцах трох мабільных турысцка-інфармацыйных цэнтраў. Не бачыла, каб да іх выстройваліся чэргі, але было шмат візуальных рэкламных прапаноў, каб дапамагчы зарыентавацца тым, хто хацеў бы больш падрабязна пазнаёміцца з горадам, яго гісторыяй і славутасцямі.

Фірмовыя палаткі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў пачыналіся ажно ад вакзала і вялі ў цэнтр, амаль незаўважна пераходзячы ў Горад майстроў.

Плошча Перамогі, паводле традыцыі, стала цэнтрам Дня моладзі, які сабраў каля тысячы ўдзельнікаў і натоўпы іх прыхільнікаў. У адрозненне ад мінулых гадоў, “Агонь танца” з конкурсу ператварыўся ў фестываль. А для спаборніцтваў па скейтбордынгу была ўсталявана мабільная прафесійная мінірампа. Але ўсё гэта — толькі на адзін дзень.

Так што перспектывы развіцця турыстычных кірункаў у Віцебску — вялізныя. Бо нават у тым жа цэнтры — як толькі збочыш з “магістральных” турыстычных вуліц — ціха і пуста. А ў Арт-цэнтры Марка Шагала, дзе за тры дні да “Славянскага базару” адкрылася выстава, прысвечаная жонцы і музе майстра Бэле, на цябе ўвогуле глядзяць са здзіўленнем: маўляў, гэта ж не фестывальны аб’ект!

Змены курсу

Узяты курс на самаакупнасць зацвердзіў “Славянскі базар у Віцебску” ў якасці летняга фестывалю, разлічанага на турыстаў. Замацаванае азначэнне “фестываль фестываляў” набыло дадатковы сэнс — фестывалю, які ўтрымлівае ўнутры сябе іншыя форумы: тэатральны, лялечны, вулічны, маладзёжны. Неверагодная колькасць тэлетрансляцый, калі запісваліся і выпускаліся ў эфір ледзь не ўсе гала-канцэрты і конкурсныя выступленні, што ладзіліся ў Амфітэатры і Канцэртнай зале “Віцебск”, стварыла свята на адлегласці. Акрамя міжнароднага прэс-цэнтра, быў адкрыты мабільны, дзе таксама адбываліся сустрэчы з зоркамі, якія потым выкладаліся ў сеціва. Усё гэта прывяло да змены фестывальнай падзейнасці: з’явамі “нумар адзін” цяпер могуць стаць самыя розныя імпрэзы — у залежнасці ад колькасці ды імпэту “сваёй” аўдыторыі.

Змянілася і фестывальная атмасфера. Раней яе квінтэсенцыяй было дастаткова дэмакратычнае закуліссе, закрытыя джазавыя вечарыны. Цяпер — вулічныя паказы, якія збіраюць вялізныя натоўпы. Развіццё фестывалю вымушае прывесці гістарычныя паралелі і згадаць колішнія суадносіны оперы-seria, што прызначалася для вышэйшых саслоўяў, і оперы-buffa, якая на пэўным этапе паказвалася ў антрактах сваёй “сур’ёзнай” калегі — як інтэрмедыя. Дарэчы, менавіта тая больш мабільная і камерная разнавіднасць жанру стала рухавіком працэсу — у той час, як напышлівая seria з яе схільнасцю да зорных імёнаў і багатых спецэфектаў — тормазам. Зрэшты, і яна ізноў раптам набыла актуальнасць — але ўжо праз два стагоддзі!

Сённяшняя фестывальная валошка перажывае тое самае: скідвае адны пялёсткі — нарошчвае іншыя. Можа, у выніку і нейкая іншая кветка атрымаецца?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"