Галоўны недахоп — хранаметраж

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

Жыццярыс Ігнація Дамейкі даўно прасіўся ў аснову фільма — як, зрэшты, і біяграфіі многіх іншых дзеячаў нашай мінуўшчыны. І вось, прэм’ера такой стужкі ўрэшце адбылася. Зняла яе небезвядомая студыя гістарычных фільмаў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Бокуна. Між іншым, на беларускай мове, якая гучыць на экране вельмі арганічна. І прыйшоўшы спякотным вечарам у добра кандыцыянаваную і зацемненую залу аднаго з лепшых мінскіх кінатэатраў, глядач мог прыемна здзівіцца: маўляў, могуць “нашы”, могуць.

/i/content/pi/cult/703/15408/7.JPGПраект “100 імёнаў Беларусі” дасюль так і не знайшоў трывалага “прытулку” на тым ці іншым тэлеканале (хочацца верыць — пакуль не знайшоў). І гэтую няпэўную сітуацыю яго стваральнікі імкнуцца неяк выкарыстаць у пазітыўным ключы, атрымаўшы рэдкую для серыялаў магчымасць эксперыментаваць з фарматам.

У выніку, публіцы была прапанавана нават не “дакудрама”, дзе аповед пра рэальныя падзеі чаргуецца з прапісанымі сцэнарыстам ігравымі эпізодамі, а чыстай вады ігравое кіно, заснаванае на рэальных падзеях. Прычым гэты фільм зусім не выглядае нізкабюджэтным (хаця, як прызналіся стваральнікі, “чылійскія Анды” былі знятыя ў куды больш даступным Закапанэ).

Фільм, які глядзіцца на адным дыханні, сведчыць пра тое, што вынік залежыць найперш не ад бюджэту, але ад фактару творчага. Ад зладжанай працы ўсёй здымачнай групы: не толькі ад рэжысёра, сцэнарыста і аператара, але і, скажам, ад мастака па касцюмах Дар’і Раманавай, якая дбайна ўлічыла кожную драбнюткую дэталь.

Адпаведна, у плане творчым у беларускім кіно акурат усё даволі прыстойна. Нават у нестабільна-праектных варунках прадзюсару Уладзіміру Бокуну ўдалося сабраць прыстойную каманду прафесіяналаў.

Парадаваў і акцёрскі склад — а агулам у фільме пад два дзясяткі роляў. Асабліва варта адзначыць Андрэя Аліферэнку, які грае Дамейку ў сталасці. Дасюль гэты акцёр быў вядомы перадусім дзякуючы расійскім тэлесерыялам — і, адпаведна, тым, хто іх глядзіць. Але як выкшталцона і пераканаўча ён трапляе ў зусім іншае, куды больш высакароднае амплуа, увасабляючы сталага шляхціца, нават міміка якога выпраменьвае жыццёвую мудрасць! І як натуральна гучыць беларуская мова з яго вуснаў!

Галоўны недахоп фільма — яго хранаметраж. Мала! За 52 хвіліны раскрыць усе жыццёвыя калізіі Дамейкі было амаль нерэальна. Зрэшты, пра гэта казаў падчас свайго ўступнага слова і сам Уладзімір Бокун, падзяліўшыся з прысутнымі намерамі працягнуць працу і пераўтварыць яе ў цэлы ігравы серыял, прысвечаны гэтай постаці. У тым, што цікавага гістарычнага матэрыялу для яго хопіць, сумнявацца не выпадае.