Дрэва, што пладаносіць няспынна

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

Ігару Лучанку — 80! Цудоўная лічба. Першая яе частка — як увасабленне бясконцасці творчасці. І сапраўды, набыткі кампазітара ўжо даўно сталі класікай, але пры гэтым атрымліваюць усё новыя і новыя выканальніцкія версіі. Другая нібы сімвалізуе кола прыхільнікаў у Беларусі і за яе межамі.

/i/content/pi/cult/703/15403/1.jpgФота Юрыя ІВАНОВА

Народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат шматлікіх конкурсаў, прэмій, уключаючы і Дзяржаўную, уладальнік медалёў і ордэнаў, амаль сорак гадоў — нязменны старшыня Беларускага саюза кампазітараў. Усё гэта вельмі важна і значна.

Але галоўнае — у іншым. У тым, што ягоныя мелодыі нагадваюць галіны дрэва. Яны такія ж натуральныя, “прыродныя”. Гэтаксама цягнуцца да сонца. Не вянуць ад гарачыні часу. Не гнуцца долу ад змены ветру — хіба шамацяць лісцем. А калі скідваюць яго, бы песеннае шматгалоссе аранжыровак, не страчваюць сваёй графічнай сутнасці — быццам бы простай, ды неверагодна прыцягальнай. На гэтых галінах расцвітаюць кветкі-таленты спевакоў, узрастаюць гронкі ансамбляў. Саспеўшы, адрываюцца, знаходзяць іншае творчае прыстанішча. Галіны ж застаюцца, каб неўзабаве даць новы плод. Бо маюць нябачныя карані — глыбокія, разгалінаваныя, моцныя. Недзе ў нетрах зямлі яны сплятаюцца з утоенымі там гістарычнымі артэфактамі.

Агульны лірыка-рамантычны пасыл лучанкоўскіх песень хавае ў сабе шмат іншых інтанацыйных дэталяў: тут і рамансавая плынь, і тонкія фальклорныя павевы, і пячаткі-экслібрысы савецкай патрыётыкі. І ўсё ў крутым замесе аўтарскіх “рэцэптаў”, дзе кожная дробязь — на вагу дыяментаў.

А колькі ў яго іншых твораў, не заўсёды пазначаных нават у даведніках! Ёсць нават акадэмічны оперны клавір, які так і не стаў партытурай: маўляў, не маё. У рэпертуары піяністаў — яго раннія авангардныя прэлюдыі, што не атрымалі працягу: таксама, маўляў, не маё. Затое, колішняя кантата без цяжкасці стала рок-операй. А яе назва — “Гусляр” — шмат у чым адпаведная першай музычнай спецыяльнасці кампазітара: у юнацтве ён быў цымбалістам. Дый дагэтуль сваімі песнямі грае на струнах нашых душ.

Мы вас любім, Ігар Міхайлавіч! Здароўя вам, радасці і творчасці яшчэ на доўгія гады!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"