“Не памятаць сябе матэрыяльна”

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

Сёлета споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння легендарнай для Гомеля 1920-х асобы — мастака і педагога Аляксандра Быхоўскага. У гісторыі горада ён назаўжды застанецца стваральнікам мастацкай студыі-школы імя Міхаіла Урубеля. Нягледзячы на тое, што гэты гомельскі паслярэвалюцыйны феномен праіснаваў усяго каля двух гадоў, яго святло і дасюль струменіцца з глыбінь часу. У сваім лісце-звароце да гомельскіх органаў улады Аляксандр Якаўлевіч тлумачыць поспех студыі наступным чынам: “Такую працу можна было зрабіць выключнай энергіяй і пры ўмове не памятаць сябе матэрыяльна”. І сапраўды, сучаснікам ён найперш запомніўся менавіта сваім неўтаймоўным імпэтам ды пастаяннай прагай творчага і асобаснага росту. Гэтае экспрэсіўнае існаванне было ўласціва Быхоўскаму цягам усяго яго доўгага — ажно дзевяноста гадоў! — жыцця.

/i/content/pi/cult/702/15402/26.JPGЛя вытокаў “гомельскага феномену”

Аляксандр Якаўлевіч Быхоўскі нарадзіўся ў Магілёве 25 мая 1888 года. Сям’я яго, як адзначаюць даследчыкі, была “артадаксальнай, яўрэйскай”. Тым не менш у 1901 годзе хлопец праходзіць навучанне ў мясцовага іканапісца Гарбунова. Затым працуе ў арцелі мастакоў, якая займалася стварэннем абразоў, гандлёвых шыльдаў, роспісамі інтэр’ераў. Разам з ёю нямала павандраваў па гарадах Расійскай імперыі — ад Паволжа да Туркменістана.

Пачынаючы з 1905 года, Быхоўскі ўдзельнічае ў рэвалюцыйным руху. Хаваючыся ад паліцыі, вымушаны часцяком пераязджаць з месца на месца. У 1911 — 1912 гадах наведваў заняткі ў школе Таварыства заахвочвання мастацтваў пад кіраўніцтвам Мікалая Рэрыха ў Пецярбургу. Аднак навучанне не завяршыў, бо мусіў засяродзіцца на прыватных заказах. З 1913 года пачаў удзельнічаць у выставах.

У 1919 годзе жыццёвы шлях прывёў Быхаўскага ў павятовы горад Гомель. Тут ён стаў загадваць секцыяй выяўленчага мастацтва і плакатнай майстэрняй. А неўзабаве разам з мастаком Сяргеем Каўроўскім заснаваў студыю-школу імя Урубеля.

У гэты перыяд усім пачынам Быхаўскага спадарожнічала ўдача. І на тое былі прычыны. У Гомелі склалася анамальнае па сваёй насычанасці мастацкае асяроддзе. Яго душой былі браты Выгодскія — абодва літаратары, мастацтвазнаўцы, рознабакова адораныя, высокаадукаваныя людзі. Леў Сямёнавіч потым стаў знакамітым псіхолагам, яго стрыечны брат Давід Іосіфавіч, які выкладаў у студыі Урубеля гісторыю мастацтваў, здабыў славу паэта і літаратурнага крытыка. “Семи вершков, невзрачен, бородат, / Давид Выгодский ходит в Госиздат / Как закорючка азбуки еврейской…” — пісаў пра яго Восіп Мандэльштам. Дарэчы, іх лёсы склаліся падобна: абодва загінулі ў сталінскіх лагерах.

Для Гомеля гэта быў кароткі перыяд небывалага росквіту культуры на аскепках Расійскай імперыі. Ужо ў той цяжкі паслярэвалюцыйны час у горадзе функцыянаваў музей, названы ў гонар Луначарскага. Размяшчаўся ён у палацы князёў Паскевічаў, які быў нацыяналізаваны разам з усімі сваімі мастацкімі скарбамі. У горад з усіх бакоў сцякаліся музыканты, артысты, навукоўцы, мастакі, паэты... Таму і нядзіўна, што сярод выкладчыкаў студыі апынуліся выпускнікі Венскай, Варшаўскай, Пецярбургскай акадэмій, Кіеўскай і Пензенскай мастацкіх вучэльняў.

Разбойнік-кнігапісец?

/i/content/pi/cult/702/15402/24.JPGНовая эпоха вымагала і новага мастацтва, прычым яго стварэнне тады было пастаўлена на паток. Аляксандр Быхоўскі асабіста прыклаў руку да з’яўлення неймавернай колькасці агітацыйных плакатаў, макетаў помнікаў, лозунгаў, партрэтаў, якія вырабляла студыя Урубеля па заданні новай улады. Яго почырк асабліва выразна прасочваецца ў графіцы, а плакат “Чырвоны набат” (“На фронт, добраахвотнікі!”, 1920) можна лічыць сапраўдным /i/content/pi/cult/702/15402/25.JPGмастацкім дасягненнем той эпохі.

Адметнымі асаблівасцямі стылю гэтага аўтара сталі максімальная экспрэсія, геаметрычнасць, лаканізм канструкцый. Постаці людзей, афарбаваныя ў некалькі колераў і наўмысна пазбаўленыя аб’ёмнасці ды маляўнічасці, пакалыхваюцца бы языкі полымя. Усё гэта нагадвае мастацтва італьянскіх кубафутурыстаў. Форма, рух формы ў прасторы — вось што было галоўным для Быхоўскага як мастака. І ён не стамляўся падкрэсліваць, што “гэта форма не рэчаў, а форма духу Чалавека, яго смутку ці радасці, яго адвагі, парыву або палёту мары ...”.

Аляксандр Якаўлевіч адзначаў у сваіх рукапісах, што “адрадзіць мастацтва Грэцыі, Персіі, Старажытнай Русі чалавеку XX стагоддзя не пад сілу”. Эпоха 1920-х ашаламляльна адрознівалася нават ад пачатку стагоддзя. Імклівая плынь падзей патрабавала ад мастака імгненнага водгуку, хуткаснай рэакцыі і “хуткаспелага” прадукту. Тэмперамент Быхоўскага выдатна для гэтага пасаваў. Як кажуць, ён апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час.

У 1926 годзе ў Маскве была выдадзена кніга яго графікі. Аўтар прадмовы, ужо знаёмы нам Леў Выгоцкі пісаў пра манеру Быхоўскага: “Востры, выразны і рэзкі, ён трушчыць і скрыўляе лініі рэальнага і бачнага, аднак не скажае іх настолькі, каб у яго формах рэальнасць згубілася канчаткова”. Перафразуючы Выгоцкага, мы б сказалі, што мастак любіў гратэск і шырока выкарыстоўваў стылізацыю. Яскравым пацвярджэннем гэтаму служыць, напрыклад, плакат Быхоўскага “Дапамажыце параненаму чырвонаармейцу!”.

Праз усю творчасць Быхоўскага — хай гэта будзе кніжная застаўка, экслібрыс ці станковыя творы — чырвонай ніткай праходзіць вобраз схімніка, адасобленага ў келлі і занятага пісаннем скрутка ці кнігі. Можна тут успомніць шматлікія малюнкі барадатых старцаў з пёрамі ў руках, якія асабліва часта з’яўляліся ў мастацтве эпохі Адраджэння. Цікава, што нацыянальны герой Беларусі — асветнік і першадрукар Францыск Скарына — наогул адлюстраваў у выглядзе летапісца самога сябе.

Летась на сусветна вядомым аўкцыёне Sothby’s за чатырохзначную суму быў прададзены графічны твор Быхоўскага “Кудзеяр”. Фармат малюнка — выцягнуты па вертыкалі васьміграннік. У цэнтры размешчаны чорны прастакутнік са светлай фігурай старога з пяром ды скруткам. Побач з ім — чорны на белым фоне сілуэт сабакі, які варожа наставіў на героя пысу. Злева, справа і зверху — выявы, падобныя да іканапісных клеймаў. Толькі замест жыццярысу тут архітэктурныя пейзажы з малюткімі фігуркамі людзей — можна нават разгледзець дырыжабль у небе. Унізе, сярод прыступак, якія вядуць ці то ўверх, ці то ўніз, дададзены буйны кідкі надпіс “Кудеяр”.

Назва, уласна, і выклікае здзіўленне. Як вядома, Кудзеяр — гэта разбойнік, што, згодна з паданнямі, доўга наводзіў жах у паўднёвай Расіі. А пасля свайго глыбокага раскаяння ў якасці адкуплення павінен быў спілаваць велізарны дуб тым жа нажом, якім здзяйсняў свае злачынствы. Стары спраўна працаваў, але ўжо пачынаў хвалявацца: гады бягуць, а дрэва стаіць па-ранейшаму. Пакуль аднойчы не сустрэўся яму нейкі пан Глухоўскі. Стаў гэты пан, выхваляючыся, пералічваць свае зверствы ды злачынствы і заяўляць пры гэтым, што спілуе дуб імгненна. Не стрымаўся Кудзеяр і забіў Глухоўскага. Тут жа ў лесе паваліўся запаветны дуб на знак адпушчэння яму ўсіх грахоў. Такая яго гісторыя. І, несумненна, Быхоўскі ведаў, што наўрад ці таму гіцлю было калі кнігі пісаць.

“Пушчаны карані культуры”

З 1922 года пачынаецца новы перыяд жыцця Аляксандра Якаўлевіча, звязаны з яго пераездам у Маскву. Ён стаў прымаць удзел у шматлікіх выставах, афармляць кнігі (менавіта ён стаў першым ілюстратарам Бабеля), распрацоўваць дызайн касцюмаў і макетаў да тэатральных пастановак, кіраваць курсамі ў народным універсітэце імя Крупскай. Дарэчы, у тым жа інстытуце падпрацоўваў і Леў Выгоцкі.

У Маскве Быхоўскі ажаніўся. У іх з Соф’яй Лазараўнай нарадзілася дачка Марыям. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у “Вокнах ТАСС” і ў Омскім лялечным тэатры. Пасля Перамогі зноў вярнуўся ў Маскву. У апошнія гады жыцця займаўся праектамі для дэкаратыўнай і скульптурнай секцыі Мастацкага фонду СССР.

У 1978 годзе, праз тыдзень пасля перасягнення дзевяностагадовай мяжы, мастак пайшоў з жыцця, пакінуўшы па сабе не толькі творы, але і мноства рукапісаў, якія ўяўляюць для даследчыкаў, мабыць, не меншую, чым графіка, цікавасць. Пахаваны на Данскіх могілках у Маскве.

Аляксандр Быхоўскі пражыў доўгае жыццё, насычанае падзеямі і творчасцю. Нават цяжка ўявіць, як яго “фармальнаму” падыходу ў мастацтве ўдавалася суіснаваць з абвешчаным адзіна верным у СССР сацыялістычным рэалізмам. Многае, напэўна, маглі б расказаць тыя самыя рукапісы мастака, якія дасюль чакаюць беларускіх даследчыкаў у фондах музея імя Аляксандра Пушкіна.

У пачатку 2000-х у прыналежным да яго Музеі асабістых калекцый прайшла рэтраспектыўная выстава твораў мастака. Разам з ростам цікавасці да эстэтыкі першых пасля-рэвалюцыйных гадоў, яго творчасць зноўку прыцягвае ўвагу, а імя займела новае гучанне ў гісторыі айчыннага мастацтва.

З Гомелем быў звязаны хіба кароткі эпізод біяграфіі Быхоўскага. Але эпізод надзвычай важны як для горада, так і для мастака і асабліва яго шматлікіх вучняў. Не дзіўна, што гэтую асобу не раз з пашанай згадвае ў сваіх мемуарах слынны ўраджэнец Гомеля — народны мастак РСФСР Георгій Ніскі. У маладосці ён нейкі час быў вучнем — або чаляднікам, як іх называлі — студыі імя Урубеля. А праз многія гады, ужо стаўшы мэтрам, пакінуў захоплены водгук пра асобу выкладчыка Быхоўскага, адзначыўшы, што сустрэча з сапраўдным Настаўнікам у перыяд вучнёўства — вялікі жыццёвы поспех для мастака! Быхоўскі ж сціпла прызнаваў, што ў Гомелі “пушчаныя карані пэўнай мастацкай культуры”.

У зборах Гомельскага палацава-паркавага ансамбля ёсць безназоўны накід мужчынскай галавы, выкананы колішнім вучнем студыі Урубеля Якавам Целішэўскім у 1970 годзе, які даносіць да нас вобраз сівога мудрага чалавека з жывым агеньчыкам у вачах і ледзь прыкметнай у пышных вусах усмешкай. Мяркуючы па ўсім, вучань намаляваў свайго настаўніка — Аляксандра Быхоўскага. Мабыць, такім ён і быў.

Алена Калугіна