На мінулым тыдні стала вядома, што Амерыканская кінаакадэмія ў Лос-Анджэлесе зацвердзіла склад оскараўскага камітэта ў Беларусі: мастацкі кіраўнік Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Поршнеў, яе дырэктар Уладзімір Карачэўскі і кіраўнік аддзела маркетынгу Юрый Ігруша, а таксама праграмны дырэктар Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў, рэжысёр-дакументаліст Віктар Аслюк, прадзюсар Валерый Дзмітрычэнка і дырэктар кінатэатра “Піянер” Святлана Саўчык. Але тут важна ўнесці папраўку: зацвердзіла новы склад. Бо ўпершыню беларускія кінаэксперты рэгістраваліся яшчэ ў 1994 годзе.
Фільм, які Беларусь вылучыла тады на “Оскар”, — стужка Іаланды Заберман “Я — Іван, ты — Абрам”. Для гэтага і быў створаны оскараўскі камітэт, які ўзначаліла Святлана Саўчык.
— Той фільм — капрадукцыя Беларусі, Францыі, Расіі і Германіі, што вельмі важна ў дадзеным выпадку, — кажа Святлана Георгіеўна. — Кранальная гісторыя рускага і яўрэйскага хлопчыкаў у час вайны, якую зняла французскі рэжысёр. Там здымаліся Рома Александровіч, Саша Якаўлеў, Уладзімір Машкоў, Аляксандр Калягін, Алег Янкоўскі, Ралан Быкаў, Зіновій Гердт. Францыя выставіла ў 1993 годзе гэты фільм на міжнародны Канскі фестываль, дзе ён атрымаў прыз маладзёжнага журы. Пасля стужку ўключылі ў праграму Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю, і там яе адзначылі прызам "Залаты Георгій" як найлепшы фільм, пасля чаго пачаўся яго пракатны лёс. У той час яшчэ не было наладжанай сістэмы, таму многія фестывальныя стужкі паказваліся праз кінаклубы.
У пачатку 1990-х была створана Беларуская федэрацыя "Кінаклуб" — каманда, якая ўвесь час праводзіла фестывалі замежнай кінематаграфіі і паказы неардынарных фільмаў. Калі да нас звярнуўся прадзюсар фільма ад беларускага боку, мы паказалі шырокай аўдыторыі і стужку “Я — Іван, ты — Абрам”.
Шмат якія сеансы арганізоўвалі разам з пасольствамі. У тым ліку вельмі сябравалі з французскай амбасадай. Адным з першых яе супрацоўнікаў быў граф Аляксандр Талстой — саветнік па культуры, навуцы і адукацыі, прамы спадчыннік Льва Талстога, якому перад прыездам у Мінск давялося папрацаваць дыпламатам і ў Лос-Анджэлесе, дзе змог пазнаёміцца з жыццём Галівуда. Ён заўжды прысутнічаў на цырымоніі ўзнагароджання “Оскар” і дакладна ведаў, як вылучаюцца на гэту прэмію фільмы, бо працаваў з французскімі стужкамі. Калі зоркі сышліся так, што ў нас з’явіўся годны беларуска-французскі фільм і чалавек, які добра ведаў оскараўскую кухню, і ўзнікла думка вылучыць карціну ад Беларусі.
“Падаць можам, але не факт, што прымуць”
Каб прапанаваць фільм на “Оскар”, перад гэтым ён мусіць прайсці ў нацыянальным пракаце, займець пэўную міжнародную рэпутацыю і, пажадана, фестывальныя ўзнагароды. А таксама — магчымасці пракату ў ЗША і не толькі.
— Для намінацыі “Найлепшы фільм на замежнай мове” важна, каб большая частка складнікаў кіно мела адны нацыянальныя карані — грошы, тэма і гэтак далей, — тлумачыць Святлана Саўчык. — Нягледзячы на тое, што рэжысёр была з Францыі, мы маглі назваць фільм беларускім.
Каб ажыццявіць ідэю, заставалася толькі стварыць нацыянальны оскараўскі камітэт.
— Прыярытэт заўжды аддаюць менавіта незалежным грамадскім дзеячам, дасведчаным у кіно. Наш кінаклуб такіх і прывабліваў, таму не было праблемы сабраць з іх каманду экспертаў, — узгадвае Святлана Георгіеўна. — Акрамя мяне, туды ўвайшлі культуролаг Максім Жбанкоў, выдатны перакладчык Алег Рабкоў, рэжысёр Валерый Шышоў, дэкан ЕГУ Сяргей Панькоўскі, прафесар Ефрасіння Бондарава, тагачасны рэдактар студыі “Летапіс” Ірына Дзям’янава, кіраўнік відэасалона на вуліцы Маскоўскай Тамара Туваева.
Усё спрацавала — кінаакадэмія зарэгістравала беларускі камітэт і прыняла ад яго заяўку.
— Падаць фільм мы можам, але не факт, што яго прымуць, таму што шмат краін вылучае свае карціны. Але тады адбыўся цуд — фільм трапіў у лонг-ліст, а вось у фінальную пяцёрку ўжо не. На гэтым гісторыя скончылася, але не для нас, бо з той пары мне штогод прыходзілі з Галівуда лісты з прапановамі адправіць заяўку з фільмам на “Оскар”. Даводзілася выбачацца і адказваць, што годных стужак пакуль няма. Асабіста я атрымлівала такія лісты да 2010 года, потым, наколькі ведаю, гэтым планавалі займацца іншыя людзі.
“Пакуль гаворым пра адзін фільм”
Чаму цяпер гісторыя паўтараецца і чаму менавіта са стужкай “Крышталь”?
— Зноў зоркі сышліся, і гэта ўжо проста патрабаванне часу, — лічыць Святлана Георгіеўна. — Фільм Дар’і Жук падыходзіць пад усе крытэрыі, з ім працуе міжнародная дыстрыб’ютарская кампанія, а гэта яшчэ адна важная ўмова для падачы. Таму, калі стужка пачала з’яўляцца на фестывалях і атрымліваць прызы, прадзюсар з амерыканскага боку запытаўся ў прадзюсара з беларускага боку, ці можам мы вылучыць фільм на “Оскар” і ці маем свой камітэт. Тады ўжо звярнуліся да мяне. Мы параіліся з калегамі і вырашылі, што оскараўскі камітэт зноў павінен дзейнічаць. Яго склад можа змяняцца — гэта толькі трэба ўзгадніць з кінаакадэміяй.
Усе ўмовы, звязаныя з заяўленай на прэмію стужкай, мусяць быць выкананымі да 1 кастрычніка. “Крышталь” выйдзе ў нацыянальны пракат 30 жніўня.
Сама ж цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 24 лютага 2019 года. Калі для “Крышталю” ўсё складзецца паспяхова, то ў сярэдзіне кастрычніка мы ўбачым яго ў лонг-лісце прэтэндэнтаў, якія падалі заяўкі ў намінацыю “Найлепшы фільм на замежнай мове. Далейшы адбор праводзіцца ў два этапы. З кастрычніка па снежань кінаакадэмікі адглядаюць стужкі з лонг-ліста і ў выніку абіраюць для другога этапа каля дзясятка. Потым спецыяльная камісія адглядае з 7 па 14 студзеня гэтыя дзесяць фільмаў, толькі пасля чаго і фарміруецца канчатковы шорт-ліст намінантаў — яго агучаць 22 студзеня.
— Працяг гэтай гісторыі ў любым разе для нас адзін — здымаць як мага больш фільмаў, — упэўнена Святлана Георгіеўна. — Для мяне пытанне оскараўскага камітэта ўвогуле не галоўнае. Куды важней тое, што ў нас хранічна бракуе добрага кіно. Моладзь больш працуе з кароткім метрам. Таму лепей падбаць пра стварэнне ўмоваў для з’яўлення тых фільмаў, якія здольныя ўразіць гледача не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Мы ўсе добра памятаем “Вайну і мір” Бандарчука (“Найлепшы фільм на замежнай мове — 1969”) і “Масква слязам не верыць” Мяньшова (“Найлепшы фільм на замежнай мове — 1981”). Гэта выдатнае кіно. Шмат што змянілася ў свеце, а вось “Оскара” па-ранейшаму хочуць усе. Але прэтэндаваць на яго могуць толькі таленавітыя работы, якія з'яўляюцца часткай сусветнай кінаіндустрыі. Дзе яны? Пакуль мы гаворым усяго пра адзін фільм.