“Оскар” як сімулякр далучанасці

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

Блытаная вестка пра “беларускі Оскар” вось ужо каторы тыдзень вярэдзіць айчынную медыяпрастору ды розумы яе карыстальнікаў. Паводле ўсіх законаў жанру, топавая навіна спараджае пышныя парасткі размаітых варыянтаў развіцця сюжэта — ад захопленага “Крышталь” едзе на Оскар!” (цікава толькі, на чым, на якім відзе транспарту) да нейкіх зусім ужо дзіўных журналісцкіх даследаванняў з намёкам на карупцыйную схему.

/i/content/pi/cult/702/15392/_MG_8589-44444444_opt.jpegІ асабіста мяне бянтэжыць не тое, што фільм быў вылучаны (здаецца, усё ж быў… але, прызнаюся, я настолькі заблытаўся, што ўжо ні ў чым не ўпэўнены) на тую самую прэстыжную прэмію. Вельмі файна, што імпэтная ды па-амерыканску мэтанакіраваная рэжысёрка сама ўзняла гэтую хвалю. Іншым, пэўна, было лянотна.

Лічу, які-кольвек айчынны культпрадукт трэба высоўваць на ўсе магчымыя міжнародныя конкурсы — будзь то Оскар альбо прэмія Дарвіна. Бо ў кожным разе гэтыя захады спрыяюць піяру таго прадукту ўнутры краіны — а як пашчасціць, дык і не толькі. А ўсё, што можа дадаць айчыннаму фільму хаця б пару-тройку гледачоў, павінна выклікаць у нас прынамсі спагаду — хай нават з прычыны “кваснога патрыятызму”.

Мяне бянтэжыць зусім іншае: пра фільм сталі казаць, пісаць і спрачацца выключна з такой дзіўнай інфармацыйнай нагоды. Бо, здавалася б, ёсць процьма іншых — куды цікавейшых ды больш грунтоўных. Прыкладам, сама гісторыя з’яўлення “Крышталю”, якая была падрабязна апісана на старонках “К” пару нумароў таму. Думаецца, яна не нашмат менш драматычная за сюжэт фільма.

І пакуль саму стужку амаль ніхто з нашых суайчыннікаў не бачыў (за выключэннем, напрыклад, Дар’і Амяльковіч), бо ў нас яе ні разу яшчэ не паказвалі, можна пагаварыць пра беларуску, якая ўвасобіла амерыкансую мару, застаўшыся пры гэтым беларускай. Дый шмат пра што можна пагаварыць з гэтай нагоды. Але толькі не пра “беларускі Оскар”.

Ну, мяркуйце самі. Сваіх намінантаў на гэтую прэмію высоўвае прыблізна кожная трэцяя з краін свету, і звычайна штогод іх набіраецца недзе каля 90 (дзяржаваў на глобусе агулам 252). Адпаведна, калі сёлета намінантаў будзе 91, ад самога гэтага факту нічога на планеце не зменіцца. І ў беларускім кіно таксама. І наогул нічога не зменіцца. Дый нават сама рэжысёрка шчыра прызнаецца: патрапіць хаця б у лонг-ліст, дабрацца ўсяго толькі да другога паверха гэтай Вавілонскай вежы — і тое ўжо вялікая ўдача!

Дык чаму ж тады так “стрэліў” у медыяпрасторы гэты “Оскар”? Напэўна, менавіта з той прычыны, чаму ў ёй вельмі рэдка “страляе” той ці іншы беларускі культпрадукт сам па сабе, проста праз факт свайго з’яўлення на свет.

Думаю, справа нават не ў айчыннай мадыфікацыі культу карга, пра які вы ўжо, магчыма, падумалі. Не, карга — гэта недзе на ціхаакіянскіх выспах, а ў нас тут зусім іншы бэкграўнд.

Памятаю, у піянерскім маім дзяцінстве мы вельмі ганарыліся кожным артэфактам, які прыналежыў да вялікага, прывабнага і зусім тады недасяжнага для нас заходняга свету — хай гэта будзе “лэйба” ад джынсаў, абгортка ад жуйкі або парожняя бляшанка ад “Кока-колы”. Любы такі прадмет — пры ўсёй сваёй функцыянальнай нікчэмнасці — здаваўся матыльком, які прыляцеў з раю на зямлю.

Часу прайшло ўжо шмат, жалезную заслону здалі на металалом, джынсаў і жуек на паліцах колькі заўгодна. А вось той піетэт у нас чамусьці застаўся. Усё, што тут, — нейкае малое і нязначнае, а вось усё, што там… І айчынная поп-зорка з гонарам піярыцца праз сваё фота з пасівелым бітлом. Факт таго, што яны некалі недзе стаялі разам, адразу ўзбуджае СМІ — болей за ўсе песні зоркі разам узятыя. Бітл, які падпусціў пэўнага беларуса на адлегласць сэлфі, — гэта для нашых СМІ куды лепшая інфармацыйная нагода, ніж якаясьці песня, араторыя ці сімфанічны цыкл нашага суайчынніка. Нават калі тое сэлфі рабілася з дапамогай фоташопу.

Зрэшты, наколькі я магу меркаваць, усё гэта ў нечым адпавядае сюжэту фільма “Крышталь”. Адно што дзеянне там адбываецца ў дзевяностыя. А мы, здавалася б, жывем трохі пазней. І таму-сяму павінны былі ўжо навучыцца.