Чаму я супраць “чалавека з балгаркай”

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

Адкрыты ліст у рэдакцыю “К”
Канфліктная сітуацыя на сталічных Вайсковых могілках апошнім часам набыла гучны рэзананс. За імклівым развіццём падзей пільна сочаць беларускія СМІ, у тым ліку і “К”, пастаянным аўтарам і чытачом якой я з’яўляюся. Вельмі рады, што вашы матэрыялы вылучаюцца глыбокім аналізам стану рэчаў — чаго не скажаш пра некаторыя іншыя выданні. Таму ў якасці каментарыя да публікацый Ганны Кісліцынай і Генадзя Вохіна я вырашыў накіраваць свой адкрыты ліст менавіта на ваш адрас.

/i/content/pi/cult/702/15390/9.JPGЯк гэтая гісторыя мяне зачапіла?

Усё пачалося 20 чэрвеня, калі ў сеціве з’явілася кароткае відэа, якое апрылюдніў вядомы краязнаўца і экскурсавод, супрацоўнік музея Янкі Купалы Павел Каралёў. Там працоўныя энергічна пілуюць балгаркай унікальную каваную агароджу на магіле знакамітага прафесара медыцыны Максіма Выдрына. Агароджа хоць і з дарэвалюцыйных часоў, але ў выдатным стане захаванасці (як потым высветлілася, магілай апекаваўся Музей медыцыны).

Відэа ўзрушыла мяне і абурыла. Магчыма таму, што трое прадстаўнікоў маёй сям’і звязаны з медыцынай. Бабуля была выбітным хірургам у чыгуначнай лякарні, і ў дзень яе паховінаў ёй “салютавалі” ўсе цеплавозы вакзала. Думаю, яна добра ведала прафесара Выдрына, які заснаваў пры медінстытуце кафедру акушэрства і гінекалогіі.

І раптам у галаве заварушыўся відавочны факт: Вайсковыя могілкі — гэта нацыянальны некропаль, дзе спачываюць далёка не толькі вайскоўцы, але і выбітныя прадстаўнікі беларускай культуры і навукі — медыкі і пісьменнікі, мастакі і навукоўцы, кампазітары і музыкі. І журналісты, між іншым.

І ўзгадаў я свайго дзеда, журналіста саюзнай значнасці, які ўсё жыццё прысвяціў беларускай чыгунцы. Узгадаў, што мае бацькі — прафесійныя музыкі, педагогі. І адразу прыйшло ўсведамленне: я мушу адкласці ўбок усе пільныя справы і стаць поплеч з тымі, хто выступіў супраць “чалавека з балгаркай”.

Ужо зранку 21 чэрвеня я быў ля магілы прафесара Выдрына. І адгэтуль праводжу на Вайсковых увесь вольны час.

Відэа з балгаркай выклікала нечуваную хвалю абурэння сярод мінчан. Таму, акрамя мяне, у першыя дні да стыхійнага супраціву гвалту над памяццю далучыліся і іншыя людзі. Гэта людзі рознай адукацыі і рознага веку: ёсць і студэнты, і пенсіянеры. Але ўсіх нас яднае разуменне недапушчальнасці працягу падобнага кшталту прац, якія былі апрабіраваны ў Крупцах, цяпер перапаўзлі на Вайсковыя, а ў будучыні пагражаюць Кальварыйскім і ўсім астатнім гістарычным могілкам Беларусі.

/i/content/pi/cult/702/15390/10.JPG“Тарнадаўпарадкаванне”

Калі вы бывалі на Вайсковых могілках да пачатку прац, то, верагодна, памятаеце рознакаляровы калейдаскоп металёвых агароджаў, крыжоў, помнікаў і кветнікаў. Яны складалі дзіўны лабірынт, у якім можна было і згубіцца. Але не сваякам спачылых. Магчыма, камусьці “звонку” гэта магло не падабацца, але могілкі — не месца адпачынку грамадзян. Іх прызначэнне ў іншым. І гэтае прызначэнне яны цалкам выконвалі.

Па ўварванні “чалавека з балгаркай” ландшафт змяніўся да непазнавальнасці. Калі вы бачылі стужку “Ратаванне шарагоўца Раяна”, то прыгадаеце амерыканскія вайсковыя могілкі, дзе стройнымі шыхтамі стаяць мармуровыя белыя крыжы жаўнерам. На думку спецыялістаў КБА, мінскія Вайсковыя могілкі павінны выглядаць менавіта так. І спаслаўшыся на рашэнне нейкай таямнічай камісіі (імёны яе членаў я так і не здолеў даведацца, як ні стараўся), яны ўзяліся за справу.

Першымі пайшлі пад нож металічныя агароджы і крыжы, якія людзі ставілі пасля вайны — магчыма, на свае апошнія сродкі — і даглядалі да апошняга часу. Тоны жалеза былі вывезены ў Гатава на “пераплаўку” — у тым ліку і ўнікальныя ўзоры кавальства. Далей прыспела чарга дрэваў, якія нібыта былі “аварыйнымі”.

Кіношных “амерыканскіх могілак”, вядома, не атрымалася. Ды і далёка не ўсе нашчадкі пахаваных прынялі правілы гульні КБА. Не кожнаму былі даспадобы шэра-чорныя тыпавыя “надгалоўнікі” з мармуровага крошыва (трываласць гэтага матэрыяла ўсім добра вядомая). Таму сярод іх, як айсбергі сярод сотняў крыгаў, вытыркаюцца самотныя старыя каменныя помнікі, якія “таямнічая камісія” крануць не наважылася.

Заявы ў міліцыю

Але самае страшэннае тое, што разам з навядзеннем “прыгажосці” некаторыя магілы былі літаральна сцёртыя з аблічча зямлі. Мне асабіста давялося стаць сведкам двух выпадкаў, калі сваякі пахаваных былі вымушаны выклікаць міліцыю і пісаць заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы.

/i/content/pi/cult/702/15390/11.jpgУ першым выпадку Яўгенія Дудзіна, сястра якой памерла ў 1935 годзе, прыйшла дафарбаваць крыжык на яе магіле, не наведваўшы яе ўсяго з месяц. І папросту не знайшла пахавання, бо замест яго была роўная зялёная пляцоўка. У другім міліцыю выклікала грамадзянка Ірына Маркевіч, бо замест крыжоў, кветнікаў і агароджаў на магіле яе дзядулі ляжалі “надгалоўнікі” — прычым са значным зрухам ад рэальнага месца пахавання.

І такіх выпадкаў насамрэч болей. На магіле сваякоў Марыны Негінай, якая першая “ўдарыла” ў трывожны набат у самым пачатку чэрвеня, была спілаваная агароджа. У Аляксандра Гурскага яшчэ ў 2012 годзе (!) была цалкам знесена агароджа і два крыжы на магіле дзеда і дзядзькі. Атрыманы ім шок быў такі моцны, што ў немаладога ўжо чалавека здарыўся інфаркт.

Кантакты пакрыўджаных людзей паціху папаўняюць “чорную кнігу” Вайсковых могілак. Баюся нават уявіць, што адбудзецца налета, калі старыя на Радаўніцу прыйдуць да сваіх спачылых родзічаў.

Сцвярджаецца, што магілы былі недагледжаныя. Але я не раз чуў ад спецыялістаў, што той метал з “раньшага часу” — надзвычай выдатнай якасці, і пры належным даглядзе ён лёгка мог бы перажыць большасць з нас.

Аднойчы падчас нашых валанцёрскіх прац была ачышчана частка крыжа, якая знаходзілася ў зямлі. І стала бачна, што нейкі час таму металічная труба была двойчы надпілаваная балгаркай. Калі б гэта рабілі сваякі, то, верагодна, дапілавалі б да канца. А калі староннія людзі, то з якой мэтай?

Урэшце, чаму супрацоўнікі Спецкамбіната з такім імпэтам былі гатовыя адправіць на металалом шыкоўныя каваныя агароджы на магілах знаных дзеячаў беларускай культуры?

“Дзе вы былі раней?”

Наяўнасць на могілках валанцёраў, якія не зводзілі сваіх вачэй з балгарак і молатаў, сур’ёзна паўплывала на “стаханаўскія” тэмпы работ. А потым і ўвогуле прыпыніла працэс. Бо, як толькі ён набыў нейкае падабенства законнасці, як толькі КБА давялося атрымліваць дазвол сваякоў, каб замяніць арыгінальны помнік на “надгалоўнік”, імклівая плынь пераўварылася ў ручай.

Падчас валанцёрскіх прац нам давялося пачуць даволі цікавыя пытанні з боку кіраўнікоў Спецкамбіната. Напрыклад: “Дзе вы былі раней?” Год, два, тры таму. Адказ быццам бы відавочны. Ніхто не заяўляў праз цэнтральныя СМІ, што могілкам пагражае такое пераўвасабленне. Ды і КБА не запрашаў валанцёраў на дапамогу, і многія проста не ведалі пра існаванне праблемы.

Але гэта не значыць, што грамадзянскай ініцыятывы зусім не было. У прыватнасці, разам з намі на могілках працуе адзін спадар, які ўжо 43 гады, яшчэ са студэнцтва, даглядае магілу амарыканкі Рут Уолер. У 1946 годзе яна выратавала трох беларускіх хлопчыкаў, што танулі ў возеры, але сама захварэла на менінгіт і памерла.

Акрамя дробных упіканняў, якія валанцёры чуюць штодня, ёсць пытанні, якія не падаюцца такімі дробнымі, каб іх можна было б абысці ўвагай. Мінімум ад двух супрацоўнікаў КБА, якія з’яўляюцца дзяржаўнымі чыноўнікамі не самага дробнага рангу, мы пачулі настойлівую просьбу “говорить по-русски”. Для мяне гэта быў першы выпадак, калі мне ў твар беларускі чыноўнік робіць такую заўвагу, прычым у даволі напорыстай манеры.

Здарыўся днямі і яшчэ адзін эпізод, які не назавеш тыповым. Мая спроба высветліць, на якой падставе зруйнавана дзіцячая магіла, а на яе месцы ўсталяваны надгалоўнік, у прысутнасці сведкаў выклікала пагрозу з боку аднаго супрацоўніка дырэкцыі могілак разабрацца са мной пры дапамозе рыдлёўкі. Вядома, сказана гэта было “на эмоцыях”, але тым не менш...

Супрацоўнікі міліцыі, якую выклікаў на нас гэты чалавек, не толькі не знайшлі складу злачынства ў нашых дзеяннях, але і зрабілі яму вусную заўвагу адносна пагрозаў.

Могілкі “ажываюць”

Для мяне кожны выхад на могілкі — гэта як адкрыццё новай старонкі ненапісанай кнігі. У пярэрвах паміж афарбоўкай агароджы ці фотафіксацыяй пахаванняў можна пазнаёміцца з тымі, хто, устрывожаны артыкуламі ў СМІ, паспяшаўся да пахаванняў родных, каб пераканацца, што з імі нічога не здарылася. Людзі не толькі кажуць валанцёрам словы падзякі, але і дзеляцца ўспамінамі пра сваіх продкаў. І могілкі літаральна “ажываюць”.

Адзін з цікавых прыкладаў апошняга часу — знаёмства з Нінэль Ярашэвіч, чый сваяк Рыгор Бабіч быў “першым міністрам культуры Беларусі” (як на сучасны манер гучала б яго пасада). Памёр ён у 1936 годзе на працоўным месцы, наўпрост падчас абеду. Было яму ўсяго 45, на здароўе не скардзіўся… Вось яшчэ адзін гістарычны дэтэктыў, які чакае даследчыкаў.

Дарэчы, “закід” нам, што мы баронім магілы людзей, пра якіх нічога не ведаем, сам па сабе абсурдны. Але і ён растае на вачах.

***

Чым скончыцца ўся гэтая гісторыя, пакуль невядома. Але ёсць надзея, што “тарнадаўпарадкаванне” на могілках усё ж спыніцца. Літаральна днямі яшчэ адзін неабыякавы грамадзянін Зміцер Крымоўскі размясціў у сеціве адказ на свой зварот у пракуратуру за подпісам в.а. старшага памочніка пракурора Мінска А.Шарабайкі. Там, у прыватнасці, сцвярджаецца: “Вызначана, што дадзеныя работы ажыццёўлены з парушэннем патрабаванняў заканадаўства аб гісторыка-культурнай спадчыне, пад выглядам упарадкавання была поўнасцю альбо часткова дэмантавана без узгаднення Міністэрства культуры частка надмагільных крыжоў, збудаванняў і агароджаў, у дачыненні да якіх патрабаваліся толькі работы па фарбаванні альбо ліквідацыі нязначных пашкоджанняў”.

Здаецца, дадаваць тут нешта будзе залішнім.

Зміцер ЮРКЕВІЧ