Электронныя ночы Віцебска

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

XVII Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску-2008”, як заўсёды, прынясе нямала прыемных здзіўленняў. Сярод іх і такое: усё дзевяць дзён — з 10 па 18 ліпеня — а 21-ай на плошчы Тысячагоддзя будзе гучаць электронная музыка.

Грандыёзны маладзёжны фестываль “360 Open air: музыка супраць СНІДу” збярэ 25 дзі-джэяў з Беларусі, ЗША, Іспаніі, Расіі і Украіны. Уваход будзе вольны, а ўсе ахвотныя змогуць дапамагчы хворым на СНІД, зрабіўшы дабрачынны ўклад.
Арганізатар мерапрыемства дзі-джэй Вячаслаў Батурчык упэўнены, што фестываль будзе не менш папулярны (прынамсі, сярод моладзі) за асноўныя імпрэзы “Славянскага базару ў Віцебску-2008”, якія адбываюцца ў Летнім амфітэатры. Папярэдне плануецца, што “электроншчыкі” збяруць 40 тысяч гледачоў. У мінулым годзе спрабавалі правесці падобнае свята, і, нават нягледзячы на тое, што ўсе дні ішоў дождж і рэкламы было значна менш, паслухаць дзі-джэйскія эксперыменты прыйшло каля 25 тысяч чалавек.
На сёлетнім мерапрыемстве слухачы змогуць ацаніць кампазітарскія здольнасці нашых і замежных дзі-джэяў, паколькі большасць з іх будуць граць музыку, напісаную асабіста імі. Светлавое шоу, тэатральныя прадстаўленні, модныя танцавальныя кампазіцыі — і ўсё гэта не дзеля прыбытку арганізатараў, а для таго, каб звярнуць увагу моладзі на праблему СНІДу. Вялікую падтрымку мерапрыемству аказала Асацыяцыя “БелСеть АнтиСПИД”, якая спадзяецца, што менавіта такім сучасным і цікавым спосабам лепш за ўсё можна прымусіць маладых людзей задумацца над тым, як бяздумна часам яны могуць загубіць сваё жыццё. Аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама, даведаўшыся пра такую дабрачынную мэту фестывалю, адразу даў згоду на яго правядзенне.Вячаслаў Батурчык (ён жа — DJ S.Coma) запрасіў дзі-джэяў розных краін паказаць сваю творчасць беларусам, прычым тыя адразу пагадзіліся. “Гэта будзе добры старт і для айчынных “калег па вяртушках”,— дзеліцца ён,— бо нямногія сёння могуць выступіць перад такой велізарнай аўдыторыяй, якая складаецца не толькі з жыхароў Віцебска, а і з гасцей з іншых гарадоў і дзяржаў”.
Сачыць за ходам фестывалю тым, хто да Віцебска ўсё ж не дабярэцца, можна будзе ў Інтэрнеце, дзе мяркуецца змяшчаць дзённікі мерапрыемства і фотаздымкі з месца падзей. 

С.Ю.