“Залаты Дзюк” для беларускага “Крышталю”

№ 30 (1365) 28.07.2018 - 04.08.2018 г

Бляск і прарыў Адэскага кінафестывалю
— “Крышталь” — найлепшая карціна, якую я бачыла за апошнія гады! — кажа мне кінапракатчыца з Азербайджана ў таксоўцы да аэрапорта. Адэскі міжнародны кінафестываль, які завяршыўся 21 ліпеня перамогай гэтай стужкі беларускай аўтаркі Дар’і Жук, засведчыў дзве важныя рэчы. Па-першае, у сваё кіно варта верыць. Гран-пры аднаго з буйных форумаў Усходняй Еўропы, які прысуджаецца па выніках глядацкага галасавання — нібы званочак для астатняга свету прыглядзецца да беларускага кінематографа. Па-другое — у сваё кіно варта ўкладацца, як гэта робіцца ў той жа суседняй Украіне. Толькі ў нацыянальных конкурсах, якіх у праграме фэсту было два, спаборнічалі за перамогу 5 свежых паўнаметражных стужак і 13 кароткаметражак. Яшчэ два ўкраінскія фільмы ўдзельнічалі ў асноўным міжнародным спаборніцтве. Гэта ўсё — да пытання кінаіндустрыі, якая развіваецца ў суседзяў упэўнена. Жанравы дыяпазон вельмі розны — ад спартыўнай драмы да дакументальнай стужкі пра тэатральны фестываль. Але амаль ва ўсіх украінскіх фільмах пульсуе той нерв, які дае іншае адчуванне навакольнай рэчаіснасці.

/i/content/pi/cult/702/15385/KULTURA-S.jpgРазмах і рытм

Маштаб кінападзеі — першае, што ўражвае на АМКФ. Яшчэ ў аэрапорце ў Кіеве цябе вітаюць вялізныя банеры з сімволікай фестывалю. У самой Адэсе актыўна рэкламуюцца спонсары падзеі, іх удзел адкрыта пазначаецца ў СМІ. Пляцоўкі кінафорума — знакаміты Адэскі тэатр оперы і балета, Тэатр музычнай камедыі на 1260 месцаў (!), кінатэатар “Радзіма”, Адэская кінастудыя… — вядомыя і гучныя месцы. Працуе сетка кавярняў, дзе госць кінафестывалю можа паснедаць са зніжкай. Кожнаму ўдзельніку АМКФ выдаецца адмысловая банкаўская карта, на якую можна закідваць грошы і атрымоўваць пэўныя прэферэнцыі, разлічваючыся на фудкорце. Паміж пляцоўкамі форума ходзіць бусік, які адвозіць наўпрост да патрэбных дзвярэй. Карацей, інфраструктура фестывалю прымушае звярнуць на сябе ўвагу.

Колькасць фестывальных праграм нават складана палічыць. Дзве рэтраспектывы (украінскіх музычных камедый і японскай рэжысёркі Наомі Кавасе), кіно для дзяцей, серыялы, спецыяльныя паказы, праграма ізраільскага кіно, чатыры конкурсныя праграмы, дзве з якіх выключна нацыяныльныя. Запрошаныя зоркі — Эрык Робертс, Жаклін Бісэт, Наомі Кавасе, Рыцеш Батра…

І галоўнае — моцная індустрыяльная платформа, на якой украінскія кінематаграфісты актыўна прасоўваюць свае праекты, шукаюць фінансаванне, абмяркоўваюць з’явы і кантэксты, у якіх нараджаецца кіно. Трапляючы на сустрэчы, пітчынгі, дыскусіі, можна толькі пазайздросціць магчымасцям суседзяў. Пералічу конкурсы індустрыяльнай платформы: конкурс сцэнарыяў драматычных серыялаў краін Усходняй і Заходняй Еўропы, пітчынг паўнаметражных украінскіх праектаў, work in progress — праекты на фінальнай стадыі вытворчасці. Кожнае спаборніцтва ацэньваецца асобным міжнародным журы. Гледзячы на ўсё гэтае буянне, застаецца толькі спытаць сябе: як так адбылося, што ўкраінскае кіно ўжо інтэгравана ў міжнародную кінасупольнасць і актыўна запускае сумесныя праекты, а мы — толькі пачынаем раскачвацца?

 

Цікава бачыць, як праект, што мае падтрымку Адэскай кінастудыі, пітчынгуецца нароўні з маладымі незалежнымі кінематаграфістамі. Пра тое, наколькі далёка пасунуліся гарызонты магчымасцей нашых украінскіх калег, сведчаць хаця б два заяўленыя ў міжнародным конкурсе ігравога кіно фільмы. “Тры з паловай” Дар’і Гаркалавай — прадукт кааперацыі з Індыяй, а “Вулкан” Рамана Бандарчука ствараўся сумесна з Германіяй і Манака. Украінская кінаіндустрыя імкліва і адчувальна набірае моц. І многае з назапашанага ёю досведу можа быць карысным для нас.

Прычым асобныя нашы энтузіясты ўжо гэта робяць. У прыватнасці, па кантакты і супрацоўніцтва ў Адэсу прыехалі прадзюсары кампаніі “Сваё кіно” Наталля Бружнік і Леанід Каліценя. Таксама беларускі голас прагучаў на сустрэчы прадстаўнікоў кінафестывальнай індустрыі краін Усходняга партнёрства і Расіі, зладжанай Адэскім кінафестывалем сумесна з кінафорумам у Котбусе. У дыскусіі ўзяў удзел праграмны дырэктар мінскага кінафестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў. Што ж да прысутнасці ў асноўным конкурсе фільма Дар’і Жук “Крышталь” — гэта выглядае сапраўдным прарывам.

А як у іншых?

Дзеля справядлівасці адзначу, што падобны размах кінаіндустрыі мае месца не ва ўсіх постсавецкіх краінах. Аб гэтым вялася гаворка на вышэй згаданай сустрэчы фестывальшчыкаў і кінапракатчыкаў. Якім чынам забяспечыць стабільную працу кінафестываляў — своеасаблівых інструментаў рэфлексіі для грамадства? Як змяняюць маладыя рэжысёры ландшафт індустрыі? Ці запатрабавана ў сённяшні час кінакрытыка? Каментарыі і адказы экспертаў на гэтыя пытанні часам давалі нечаканую карціну таго, што адбываецца ў краінах Усходняга партнёрства.

Да прыкладу, праграмная каардынатарка Тбіліскага міжнароднага кінафестывалю Ана Сконія адзначыла, што гэты форум цяпер увогуле знаходзіцца пад пагрозай закрыцця праз змены ва ўладных структурах Грузіі. Самайя Асгарава з Азербайджана расказала пра бум азербайджнаскага кіно: “У нашым кінапракаце пануюць фільмы на трох мовах. На турэцкай — азербайджанцы могуць яе разумець, на рускай — яе разумее старэйшае пакаленне, і цяпер актыўна развіваецца напрамак айчыннага кіно на роднай мове. У праекты на азербайджанскай уліваюцца вялікія грошы, на іх ахвотна ідзе глядач”. Пры гэтым, галоўны жанр азербайджанскага кіно — камедыя.

Прэзідэнт расійскага фестывалю “Артдокфэст” рэжысёр-дакументаліст Віталь Манскі паскардзіўся на тое, што пазіцыя яго фестывалю выклікае непрыхаванае раздражненне часткі расійскага грамадства. З-за гэтага фестываль дакументальнага кіно, які прымае фільмы з усяго свету, налета вымушаны пераехаць у Рыгу.

/i/content/pi/cult/702/15385/pages-6-7-copy-2-S.jpg

/i/content/pi/cult/702/15385/pages-6-7-copy-SS.jpg

Рэжысёр-дакументаліст з Малдовы Макс Цёрба прызнаўся, што сістэма фінансавання ў яго краіне вымагае чакаць лепшага. Цэнтр нацыянальнага кіно створаны літаральна пару гадоў таму, і “складана пакуль зразумець, як ён працуе”.

— Сёння ўлады могуць даць на кіно некалькі тысяч еўра, на наступны год — не даць анічога. Таму не даводзіцца казаць пра сістэмную працу, — тлумачыць кінематаграфіст.

У Малдове ў кінапракаце дамінуе галівудская прадукцыя, таму роля фестываляў у такой сітуацыі становіцца вельмі істотнай. У прыватнасці, малдаўскі форум дакументальнага кіно Cronograf — адна з нямногіх пляцовак для асэнсавання рэальнасці, у якой жывуць малдаване.

Кінакрытык і праграмны дырэктар мінскага кінафестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў падкрэсліў, што адна з важнейшых пазіцый беларускага форума — гэта прасоўванне ідэі кінафонду, якога краіна пакуль не мае. Адпаведна пляцоўка фестывалю становіцца месцам кантакту для маладых рэжысёраў, прадзюсараў, агентаў.

На сустрэчы ўздымалася і пытанне ўплыву кінакрытыкі. Ігар Сукманаў на гэты конт быў катэгарычны, падкрэсліўшы, што менавіта крытык выконвае ролю пасярэдніка паміж фільмам і гледачом.

— Але ўсё больш СМІ пачынае граць па правілах аўдыторыі, а не кіно, — дадаў ён. — На жаль, прафесія крытыка сёння знікае. І гэта датычыцца не толькі Беларусі. Многія выданні пішуць пра рэчы вакол кіно, але само кіно — яго мова, гісторыя, культура — рэдка становяцца аб’ектам аналізу.

Ускосным чынам пацвердзіўшы словы Ігара, адваротны бок падыходу да кінакрытыкі агучыла нямецкі прадзюсар Сімона Баўман. Яна прызналася, што яе больш цікавяць лічбы пракату стужкі, чым крытычныя агляды.

Нерв украінскага кіно

Дыскусіі, палеміка, абмеркаванні — тое, што насычае Адэскі кінафестыль не толькі ў межах індустрыяльнай платформы, але і па-за ёю. Ён сапраўды з’яўляецца жывым увасабленнем тых настрояў, што пануюць ва ўкраінскім грамадстве. І ўражвае асаблівым гледачом, які адкрыта выказвае свае думкі і эмоцыі. Форум натхняе сваёй салідарнасцю, калі кожнаму паказу папярэднічае ролік у падтрымку кінарэжысёра Алега Сянцова. Ды і самі стужкі адкрыта і таленавіта распавядаюць пра траўматычны досвед Украіны, пераўтвараючыся ў сродак асэнсавання таго, што адбываецца з ёю і людзьмі. Нядзіўна, што карціна Сяргея Лазніцы “Данбас”, якая сёлета была адзначана за рэжысуру на Канскім кінафестывалі, сабрала ў Адэсе поўную залу.

Дакументальная стужка Алісы Паўлоўскай “Гогаль док” распавядае пра ўнікальны сацыяльны і культурны феномен — міжнародны фестываль сучасных мастацтваў Gogolfest, які не мае аналагаў у Еўропе. Разам з тым, стужка падымае пытанне: у які бок украінскі соцыум будзе рушыць далей? Фільм насычаны развагамі стваральніка фэсту Улада Троіцкага пра тое, як пабудаваць грамадзянскае грамадства, а таксама дэманструе яго непасрэдных прадстаўнікоў — маладых валанцёраў з тэхнічных службаў фестывалю.

Ці, напрыклад, мастацкі фільм “Вулкан” Рамана Бандарчука, аўтара дакументальнай карціны “Украінскія шэрыфы”, якую беларускі глядач мог бачыць на “Лістападзе-2016”. Дзеянне ў ёй адбываецца ў херсонскім стэпе. Перакладчык Лукас у складзе маніторынгавай місіі АБСЕ едзе на мяжу з Крымам, дзе трапляе ў пастку невытлумачальных здарэнняў. Спачатку ў машыне знікае бензін, потым, калі Лукас ідзе па дапамогу, знікае і сама машына з еўракамісарамі. У пошуках машыны і людзей ён апынаецца ў маленькім мястэчку — і там літаральна праз некалькі гадзін губляе грошы і пашпарт. Выратаваннем мужчыны, які сам перажывае крызіс сярэдняга веку, становіцца Вова — мясцовы жыхар, які, па сутнасці, пераўтвараецца ў правадніка маладога чалавека ў дзіўнай прасторы, у якой дзейнічаюць свае законы.

Херсонскі стэп Рамана Бандарчука адсылае да ўлюбёнай Андрэем Кудзіненкам метафары багны, якая можа выратаваць, а можа загубіць. Гэта стэп безуладдзя і адначасова персанальных рашэнняў, прастора бесчасоўя і адначасова пошуку сябе, самаідэнтыфікацыі. Фільм заварожвае моцнымі вобразамі — чырвоны карабель, чорныя сланечнікі, затанулая вёска… Паэтычнае кіно, якое адсылае, у тым ліку, да творчай спадчыны Аляксандра Даўжэнкі. Кіно ўскраіны, якое дэманструе вынікі катастрофы, а не яе непасрэдную яву.

“Данбас” Сяргея Лазніцы ў гэтым шэрагу выступае кіно бязлітасным і жорсткім. Рэжысёр “Кроткай” у сваёй новай стужцы вывучае феномен жыхароў Данбаса, выносячы на гледача сваё бачанне.

Грані “Крышталю”

Я лічу, мне вельмі пашчасціла паглядзець кіно Дар’і Жук менавіта ў Адэсе. Бо іншы кінакантэкст дазволіў убачыць у гісторыі дыджэйкі Велі з 1990-х смелае і чалавечнае кіно.

Фільм, буду шчырай, не без недахопаў: дзесьці ён прасядае па рытме, дзесьці падаецца павярхоўным, але ў ім ёсць шчырасць, запал, абаянне. Актрыса Аліна Насібуліна стварае яскравую гераіню, якая рушыць напрасткі, не звяртаючы ўвагу на ўласны дысбаланс. Падаючы анкету на амерыканскую візу, яе гераіня Веля робіць памылку і вымушана правесці тыдзень у невялікім пасёлку ля Мінска, чакаючы ў незнаёмых людзей тэлефанавання з амбасады. Апазіцыя горада і вёскі ў стужцы абарочваецца канфліктам індывідуальнасці і патрыярхальнага грамадства. Яскравая Веля ўжо сваёй постаццю стварае бунт супраць асяроддзя. (Як прызналася актрыса, яна натхнялася ў падачы гераіні тагачасным абліччам Мадонны).

У цэлым, менавіта мастацкае рашэнне служыць у стужцы не толькі дадатковым трыгерам, які вабіць вока, але і важнай сэнсавай прасторай. “Крышталь” мае шмат візуальных кодаў, якія зразумелыя гледачу і па-за акіянам: хтосьці ўбачыць у стужцы настальгічныя прыкметы, хтосьці — расповед пра амерыканскую мару, хтосьці — апазіцыю горада і вёскі (дакладней месца пры буйным прадпрыемстве).

Фільм Дар’і Жук — жанравае кіно, драма з прыстаўкай “мела-”. Але час 1990-х у мастацкім пераламленні аўтаркі становіцца дзейсным медыумам для паралеляў з сучаснасцю. І гэта, мяркую, здолеў убачыць і ацаніць адэскі глядач.

Фота аўтара і прадастаўленыя прэс-службай АМКФ.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"