Казачная будзённасць вясковага мастака

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

Неспадзяванак на апошнім “Славянскім базары ў Віцебску” было нямала. Адной з іх для многіх гледачоў стала прымеркаваная да фэсту выстава інсітнага жывапісу мастака Сяргея Каваля з вёскі Якімава Слабада. “Проста шыкоўна!” — коратка выказаў пра яе свае ўражанні небезвядомы ўсім Уладзімір Пракапцоў.

/i/content/pi/cult/701/15383/21.JPGУнутры карціны

Гэты “самавук з правінцыі” ўжо паспеў стаць удзельнікам арт-праекта Zabor, пабываць са сваімі карцінамі ў Парыжы, зладзіць персаналкі не толькі ў светлагорскай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава, але і ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі Румянцавых-Паскевічаў і нават у Нацыянальным мастацкім музеі. Болей за тое — не маючы спецыяльнай адукацыі, ён нядаўна ўступіў у Саюз беларускіх мастакоў. Шчаслівымі ўладальнікамі яго карцін сталі патрабавальныя аматары жывапісу Расіі, Германіі, Бельгіі, Францыі, Англіі. Літаральна надоечы я даведаўся, што некалькі жанравых твораў Сяргея экспануюцца ажно ў Кітаі.

І вось, выстаўка на радзіме Шагала, сціпла названая “Вясковыя фантазіі беларуса Каваля”. Тэматычны дыяпазон яе самы разнастайны — куды шырэйшы за побыт у вёсцы. Меркаваць пра гэта можна нават па назвах карцін: “Ясь і Яніна”, “Старыя Шацілкі. Покліч вясны”, “Стары Бабруйск. Прадаецца хата. Дзяльба”, “Чатыры стыхіі, ці Выкраданне Еўропы”, “Сенажаць. Адпачынак”, “Напалеон і Жазефіна”, “Выпадковая сустрэча Шагала і Пракапцова ў Віцебску”, “Вясковае вяселле”…

Зрэшты, і фантазіямі ўсе 26 выстаўленых работ называць чамусьці не хочацца. Яны рэальныя сваёй казачнай будзённасцю. За сюжэтамі Сяргею Кавалю, можна сказаць, нават з хаты выходзіць не трэба.

І дзіўна чуць, калі гэтую яркую маляўнічасць называюць прымітывізмам, падсвядома думаючы пра прымітыў. Ды і “беларускім Пірасмані” лічыць нашага самабытнага жывапісца наўрад ці варта. А вось вясковым мастаком ён — ці то жартам, ці то ўсур’ёз — нярэдка і сам сябе называе.

Асноўную экспазіцыйную плошчу займаюць чатыры феерычныя і захапляльныя карціны, якія ўжо ўвайшлі ў фонд Нацыянальнага мастацкага музея. Амаль чатырохметровыя па шырыні і двухметровыя па вышыні, яны прысвечаны ўлюбёным у народзе святам — Калядам, Вялікадню, Купаллю… І падаюцца нават яшчэ большымі па сваім маштабе! Быццам само паветра вакол становіцца іх працягам, а ты — унутры прасторы гэтых карцін.

/i/content/pi/cult/701/15383/22.JPGМенавіта так я адчуваў сябе, калі Сяргей упершыню паказваў іх нам у двары сваёй хаты, развесіўшы не толькі на яе сцяне, але і на плоце. Доўга стаяў тады ў велікодным асяроддзі казачных рэалій. Даўнімі знаёмымі адчуў раптам гаспадара і гаспадыню. Па-народнаму ярка апранутыя, яны сядзяць на лаве побач з кошыкам фарбаваных яек, паклаўшы адпачываць на каленах стомленыя рукі. А з двух бакоў набліжаюцца да вяскоўцаў таксама святочна яркія певень і курыца, на якіх упэўнена едуць юнак і дзяўчына, гарэзліва падняўшы над сабой гатовыя сутыкнуцца велікодныя яйкі. Ці не жаніх і нявеста? Людзі, як птушкі, на дрэвах. Кураняты, якія толькі што адкінулі шкарлупіне. Святар, што ляціць асвятляць велікодныя ласункі. Бусел, які нясе ў дзюбе спавітае немаўля. Воблачная царква, якая ўсплывае з аблокаў. Не, дэталёва пераказваць гэта нельга — усё надзіва цэласна і непадзельна.

Прадстаўлены на віцебскай выставе і цыкл “Вясковы мастак”, які належыць адной са сталічных галерэй. Ёсць творы з прыватных збораў. Па іх няцяжка заўважыць творчую ўлюбёнасць Сяргея Каваля ў маляўнічую казачнасць Марка Шагала. Вось чаму ён не хавае сваёй усхваляванай радасці ад выставы на радзіме сусветнавядомага мастака, арганізаванай па ініцыятыве Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і кіраўнічай кампаніі “Зубр Капітал”.

Босх разам з Пікаса

Даўно ведаю Сяргея. І кожны раз, сустракаючыся з ім, міжволі думаю: сапраўдны мастак заўсёды захоўвае вернасць свайму дзяцінству, што надае яго творам тую першаснасць светаадчування, без якой проста немагчыма ўявіць сапраўднае выяўленчае мастацтва. Асабліва гэта тычыцца жывапісцаў, якія выяўляюць яго інсітныя ўласцівасці. Нічога крыўднага ў гэтым азначэнні няма. Менавіта яны сінтэзуюць традыцыйную народную творчасць і тое, што лічыцца наіўным рэалізмам. Імкненне да прастаты, але не да спрошчанасці, лаканізм выяўленчых сродкаў, яркая расфарбоўка, разлічаная звычайна на зрокавы эфект, тлумачальныя надпісы. Гэта далёка не поўны пералік асаблівасцей такой мастацкай творчасці. Да яе нярэдка звярталіся і мэтры прафесійнага мастацтва, творча імітуючы тое, што ім здалося цікавым.

Вось чаму творы Сяргея Каваля адразу ж звярнулі на сябе ўвагу на адной з калектыўных выстаў работ мясцовых мастакоў у галерэі “Традыцыя”. Яго “Дзяўчынка з яблыкамі” і “Хлопчык з дзіцячага дома” глядзелі на нас усёй сваёй існасцю. Мастак здолеў сказаць гэтымі сюжэтнымі партрэтамі нават штосьці большае, чым увасобіў фарбамі. Нешматкаляровым, стрыманым каларытам ён перадаў не толькі вонкавы, але і ўнутраны драматызм маленькіх герояў.

Гэта былі першыя яго творы, з якімі пазнаёміліся светлагорцы. Мне ж давялося бачыць шыкоўны каталог “Святло і цені”, выдадзены міжнародным аўтамабільным холдынгам “Атлант-М”. З яго і даведаўся жыццярыс мастака. А ён зусім нетыповы. Нарадзіўся ў 1960 годзе, вучыўся ў інстытуце народнай гаспадаркі, затым працаваў будаўніком, грузчыкам, шафёрам… Вярнуўся ў родную вёску з Мінска, дзе прайшлі дзве яго персанальныя выставы.

Насуперак агульнаму меркаванню, нібы любімым яго мастаком абавязкова павінен быць Пірасмані, Сяргей сваімі настаўнікамі лічыць Іераніма Босха і Пабла Пікаса. Гэта пры тым, што ён не толькі тэматычна, але і духоўна, усёй сваёй сутнасцю ўвасабляе народнае стаўленне да выяўленчага мастацтва. Таму і нядзіўна, што шматлікія яго творы (а яны вельмі прасторавыя) прысвечаны сялянскаму жыццю, побыту. Неяк сапраўды па-дзіцячаму шчыра перадае ён уласнае адчуванне роднай прыроды, дакладней, гармоніі з ёю.

Яго вясковыя фантазіі вельмі рэалістычныя, хоць і стылізаваныя. Мне даводзілася чуць ад аўтара імёны тых, каго мы бачылі на карцінах. Аднак майстэрства вольнай, нязмушанай кампазіцыі ў кожнай з іх проста захапляе. І, тым не менш, адчуваецца менавіта тая цэласнасць, якую нельга парушыць. Мініяцюрныя героі яго твораў, здаецца, надзелены толькі ім уласцівымі лёсамі, характарамі, — так і хочацца сказаць, ролямі, якія яны “выконваюць” у той ці іншай карціне. Варта штосьці змяніць — і знікне ўся сутнасць задумы і яе ўвасаблення. Пазбаўся аднаго з герояў — і рассыплецца ўсё. А якая непасрэднасць, шчырасць, воля! Быццам не напісана, а выдыхнута чыстымі, адкрытымі фарбамі. Рэдкія ўмоўныя цені толькі пацвярджаюць гэта.

Было б, аднак, наіўным лічыць яго наіўнае мастацтва адсланёным ад усіх і ўсяго. Не толькі Пірасмані, але і шматлікія іншыя знакамітыя мастакі прыгадваюцца, калі гартаеш каталог “Святло і цені”. Гэтага не хавае і сам Сяргей. Вось некаторыя назвы яго карцін, якім ён надае адмысловую асацыятыўную значнасць: “Гутарка з прыяцелем Моцарта”, “Падарожжа ў нікуды” (інтэрпрэтацыя карціны Сальвадора Далі “Аптэкар з Фігероса, які не шукае абсалютна нічога”), “Першы снег. Сон Пірасмані ў “Райскім садзе” Босха”, “Падарожжа Хуана Міро і Пабла Пікасо ў Афрыку”. А таксама згадваюцца такія знакамітыя мастакі, як Сар’ян, Мадзільяні, Суцін. Ён піша копіі твораў Цімура Сюдзана, Масанобы, не забывае Шэкспіра і Хэмінгуэя, прысвячае свае творчыя фантазіі Анры Мацісу. Асацыятыўная маштабнасць відавочная.

Наперадзе —адысея

Майстэрства Сяргея Каваля настолькі натуральнае, што застаецца незаўважным. А гэта яркае сведчанне сапраўднай таленавітасці. Асабіста мне здалося, нібы шматлікія яго карціны існавалі заўсёды. Так я думаў, калі ўзіраўся ў “Калядную ноч”, “Сны майго горада”, “Райскі сад”, эскіз габелена “Венецыя”, “Касмічную адысею”, у партрэты жанчын розных краін свету.

Куратар віцебскай выставы мастацтвазнаўца Ірына Кандраценка кажа пра Сяргея Каваля: “Ён літаральна прасякнуты духам дзіцячай творчасці. На яго палотнах шмат персанажаў, якія могуць быць цікавымі як дарослым, так і дзецям. Хутчэй — апошнім…” Не толькі яна лічыць, што дзякуючы карцінам мастака з Якімавай Слабады патрабавальная віцебская публіка зможа далучыцца да сапраўды шагалаўскага адчування жыцця.

Чамусьці зноў прыгадваю, як разглядалі ў двары яго хаты велізарныя шматфігурныя кампазіцыі. І зноў думаю пра тое, што неймаверна цяжка іх пісаць у сціснутай прасторы сціплага сельскага пакоя. Чаму б не выдзеліць прызнанаму мастаку — і, дарэчы, члену прафесійнага творчага саюза — нейкае прыдатнае для майстэрні памяшканне ў той жа Якімавай Слабадзе?

Але я, здаецца, адхіліўся ад адчування сенсацыйнай радасці за нашага таленавітага земляка, выстава якога адкрылася 12 ліпеня ў Віцебску. Сяргей Каваль жыве планамі на будучае, падзяляючы сваю творчасць на чатыры перыяды: “Забытыя казкі”, “Псіхалогія реалізму”, “Духоўны канібалізм”, “Касмічная адысея”. Куды тая адысея прывядзе — пакажа час. Зрэшты, рэаліі ўжо і цяпер пераканаўча сведчаць, што многія нашы ўяўленні пра “вясковасць” мастацтва і прымітыўнасць прымітывізму не адпавядаюць сапраўднасці.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ