Паэт — гэта калі пачуццё і натхненне поруч

№ 27 (845) 05.07.2008 - 11.07.2008 г

1 ліпеня ў мінскім Доме дружбы прайшла вечарына, прысвечаная 60-годдзю паэта, сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоля АЎРУЦІНА. Але сам юбілей, аказваецца, прыпадае якраз на 3 ліпеня...

 /i/content/pi/cult/167/1538/Paet.jpg
— Дзень нараджэння ў Дзень Рэспублікі для
мяне асаблівы. 3 ліпеня праходзяць парад, урачыстыя шэсці і гулянні, адбываецца салют, і мне здаецца, што ўсё гэта адбываецца трошачкі яшчэ і з-за таго, што ў мяне асабістае свята.
А калі сур’ёзна, дык, напэўна, трэба паставіць акцэнты: што ты зрабіў за чатыры дзесяцігоддзі творчай дзейнасці. Вельмі рэдка праводжу творчыя вечарыны. У Дом дружбы 1 ліпеня завіталі прадстаўнікі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў культуры, інфармацыі, артысты, кампазітары, мастакі, вядома ж, пісьменнікі, чытачы, сябры і проста дарагія мне людзі, якіх я хацеў у гэты дзень бачыць. Мне часта задаюць пытанне: на колькі вы сябе пачуваеце? Насамрэч, чалавеку столькі гадоў, на колькі ён сябе пачувае.
— Ведаю, што вашы бацькі працавалі на чыгунцы...
— Мой бацька Юрый Аўруцін, якому пайшоў 93 год, — ганаровы чыгуначнік. У яго больш за 60 гадоў стажу працы там. На ёй працавалі дзед, бацька, жонка. І я пачынаў, натуральна, слесарам-інструментальшчыкам адразу пасля школы ў мінскім вагонным дэпо. А літаратура?.. Друкаваўся мой бацька пад псеўданімам, праўда, нячаста, у газеце “Железнодорожник Беларуси”. Любоў да літаратуры, да паэзіі, мяркую, у мяне ад бацькі, які пісаў і дасюль піша вершы. Дома ў нас была цудоўная бібліятэка, на этажэрцы стаялі Пушкін, Лермантаў, іншая класіка. Маці займалася толькі мной, бо я быў адзіным у сям’і, познім, хваравітым дзіцем. Памяць у мяне была вельмі добрая, усё запамінаў з першага разу. Між іншым, гэтак, на слых, вывучыў па радыё і беларускую мову, бо ў сям’і размаўлялі па-руску.
— А ў школе яе вывучалі?
— Вывучаў. У мяне няма праблем з беларускай мовай. Я семнаццаць гадоў працаваў у беларускамоўным часопісе, і ўсе гэтыя гады пісаў па-беларуску артыкулы, нарысы. Зараз шмат перакладаю з беларускай мовы, пішу публіцыстыку. Але вершы пішуцца па-руску. Пісаць трэба на той мове, на якой бачыш сны.
— Калі вы напісалі першы твор?
— Мама запісала першы верш, калі мне было чатыры гады. Гэта зноў-ткі, дзякуючы рэпрадуктару, і называўся ён “Ода трактару”. А далей пайшло больш сур’ёзна.Пачатак маёй творчай дзейнасці — 18 лютага 1973 года, калі ў “Железнодорожнике Беларуси” надрукавалі ўпершыню маю падборку разам з фота. Хутка я стаў папулярны сярод чыгуначнай аўдыторыі. Неўзабаве мяне запрасілі кіраваць літаратурным аб’яднаннем пры гэтай газеце. Дзесяць гадоў працаваў там літаратурным кансультантам. Шмат пісьменнікаў выйшлі з таго літаб’яднання. Да нас многія вядомыя майстры прыходзілі. Там жа я з народным паэтам Піменам Панчанкам пазнаёміўся. Ён рэкамендаваў маю першую кнігу ў друк. І я дасюль захоўваю дома рэцэнзію, якую ён ад рукі напісаў на рукапіс маёй першай кнігі “Снегапад у ліпені”.
— Як далей складваўся ваш творчы шлях?
— Паступова напісаў 17 кніг. Працаваў у рэспубліканскай прэсе, пачынаў з часопіса “Служба быта Беларуси”, потым працаваў у “Советской Белоруссии”, “Белоруссии”, быў галоўным рэдактарам часопіса “Личная жизнь”, з 1998 года — галоўны рэдактар часопіса “Немига литературная”. Зараз паралельна з “Немигой” загадваю ў “Нёмане” аддзелам паэзіі, у Саюзе пісьменнікаў Беларусі працую на пасадзе сакратара. З’яўляюся членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі паэзіі, адзіным з Беларусі. Гэта з улікам таго, што ў ёй акадэмікі — Міхалкоў, Гарбоўскі і іншыя вядомыя расійскія літаратары. Яшчэ я — член-карэспандэнт Пятроўскай акадэміі навук, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Сімяона Полацкага, імя Мікалая Мінскага, украінскай прэміі імя “Маладой гвардыі”. І вось зусім нядаўна мне прысудзілі сібірскую прэмію “Русь адзіная”, а часопіс “Аврора” — прэмію за лепшую паэтычную публікацыю 2007 года.
— Як і калі да вас завітвае натхненне?
— Натхненне можа прыйсці ў самы нечаканы момант. Яно можа прыйсці ў тралейбусе, метро, цягніку, пад час нарады. Я лічу, гэты працэс шмат у чым некіруемы. Паэт — гэта тое пачуццё, якое ідзе знутры, і тады з’яўляюцца і форма, і памер, і мелодыя. Як у Ахматавай, Блока, Багдановіча.
— Дарэчы, хто вашы любімыя паэты?
— Увесь рускі “сярэбраны век”. Вельмі люблю Пастэрнака, названых Ахматаву, Блока, трохі меней — Мандэльштама, Севяраніна, Бальманта, Юргеса Балтрушайціса, Хлебнікава, Сашу Чорнага.
— Над чым зараз працуеце?
— Такое пытанне паэту задаваць нельга. Ён піша, як я казаў, тады, калі прыйдзе натхненне. Да майго юбілею выйшлі дзве кнігі. Адну выпусцілі ў выдавецтве“Літаратура і мастацтва”, называецца яна “Свет вячэрні” — кніга выбраных твораў, ранейшых і новых. А другая выйшла ў серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі” — таксама кніга выбранага, у ёй і вершы, і пераклады, і проза, літаратуразнаўчыя эсэ.
— Вы — сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі. Якія новыя праекты ажыццяўляюцца пад эгідай СПБ?
— Саюз, як вядома, выдае “Бібліятэку Саюза пісьменнікаў Беларусі”. Яна выпускаецца ў двух варыянтах: проза і больш значныя кнігі выходзяць у цвёрдым пераплёце зялёнага колеру, а паэтычныя кніжкі выходзяць у масавым, танным варыянце, у мяккіх вокладках сіняга колеру. Да кніг бібліятэкі ўзнік агромністы інтарэс, іх заўважыла Міжнародная бібліятэчная супольнасць, яны ёсць у буйных універсітэтах свету.Другая важная справа, якой Саюз два гады займаецца, такая. Сяргей Міхалкоў прапанаваў выпусціць сумесную расійска-беларускую бібліятэку мастацкай літаратуры ў 50 тамах — па 25 тамоў ад кожнай краіны. Серыя будзе фінансавацца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Плануецца выдаць асобныя тамы Быкава, Шамякіна, Караткевіча. Выданне будзе мець наклад 15 тысяч асобнікаў і камплектам распаўсюджвацца па ўсіх буйных бібліятэках Беларусі і Расіі. 

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА