“Як вы тут жывяце?”

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

Наша вёска дзе-небудзь, скажам, на Віцебшчыне трымаецца (фактар № 1) за кошт сельскай інтэлігенцыі: годных фельчара, настаўніка, клубніка ды бібліятэкара. Стрымліваючы фактар № 2 (не здзіўляйцеся) — гэта пенсія састарэлых бабулькі, маці, сястры. Нават калі раз і назаўжды закрыліся ФАП, школка і СДК, сярод насельнікаў такой вёскі можна заўважыць і не надта старых, але кволых прадстаўнікоў моцнага полу з вельмі сярэдняй адукацыяй, стомленых, як пісалі класікі, нарзанам. Жаночыя пенсіі замяняюць ім рабочыя месцы, бо пры правільнай пастаноўцы пытання, калі купляць не хлеб, а віно, можна выжыць пэўны час і на гэтыя капейчыны. Больш моцныя сілай і духам з’язджаюць з вёсак у буйныя гарады, неабавязкова беларускія.

Нашы раённыя цэнтры трымаюцца на блізкасці да цэнтраў абласных. Ці не ўся інтэлігенцыя маёй Веткі штодня скіроўваецца на працу ў Гомель. Выключэнне складаюць хіба што выкладчыкі музыкі, якія нават у лепшыя часіны ездзілі з Гомеля на працу ў Веткаўскую музычную школу. Для астатніх (не надта абцяжараных адукацыяй) рабочых месцаў у маленькіх мястэчках ужо не стае. Былыя і не надта састарэлыя жывёлаводы, трактарысты і паляводы імкнуцца ўладкавацца ў нашых вялікіх гарадах. У іх няма іншага выйсця. Ім цяжка, але яны не саступаюць. Ці не з гэтай прычыны ў Мінску вельмі шмат цяпер пахмурных твараў? Ці не з-за гэтага можна пачуць сёння шмат непрыемнага ад касірак супермаркетаў, а маладыя кіроўцы тралейбусаў так кіруюць сваім транспартам, што пасажыры час ад часу адчуваюць сябе дровамі? Праз год — другі ў лексічны абарот варта будзе ўвесці словазлучэнне “сельскі горад”.

Для чаго я ўсё гэта? Проста аблічча вёскі (якая мяне цікавіць і па абавязку службы, і з-за элементарнай трывогі за лёс роднай краіны) наўпрост залежыць ад аблічча буйнога горада. Адзін з першых публіцыстычных артыкулаў на гэтую тэму я напісаў гадоў дваццаць таму і назваў “Мінскае Палессе”. Паводле яго рэжысёр Алег Дашкевіч зняў тады дакументальную стужку “Простыя гісторыі”. Гаворка там ішла пра перасяленцаў з дробных нашых райцэнтраў: пра бабулю, якая зарабляла на жыццё варажбой, пра дзядулю, які прывёз у Мінск каня, пра маладую жанчыну-філолага, якая гандлявала на мясцовым рыначку. Гаворка ў артыкуле ішла і пра былых даярак і камбайнераў, якія “з дапамогай Чарнобыля” перасяліліся ў мегаполіс ды не надта прызвычаіліся да паверхаў і балконаў.

Нікога ні ў чым не абвінавачваю. Нікога не жадаю пакрыўдзіць. Проста беларускае вялікае перасяленне падобна на сыход. Чаму ніхто з адносна маладых людзей з колішняй сялянскай прапіскай і гэткім жа менталітэтам не пажадаў працаваць на новай зямлі ў новай вёсцы?

У той самы час, можна казаць пра перасяленне інтэлігенцыі з вялікіх гарадоў у вёску. Хоць і няшмат таму прыкладаў, але яны ёсць. Ды наўрад ці калі стануць тэндэнцыяй. Тэндэнцыя — у зваротным.

І вось што характэрна. Пры неўтаймоўным павелічэнні колькасці мінчан, колькасць наведвальнікаў музеяў, бібліятэк, тэатраў за кошт “новапрыбылых” не павялічваецца. Стабільна павялічваецца, як падаецца, толькі колькасць нецвярозых удзельнікаў масавых гарадскіх гулянняў.

Але жыццё ад гэтага святам усё адно не становіцца. Мой аднакласнік, вялікі разумнік і інжынер, жыве цяпер у вёсцы Матыкалы, што на Брэстчыне, Калі заязджае ў госці, пастаянна пытаецца: “І як вы тут жывяце?” Ён мае на ўвазе не высоткі на праспекце Дзяржынскага, не заторы на сталічных вуліцах у пікавы час, не загазаванасць і адсутнасць належнай колькасці парковак для легкавікоў, а спахмурнеласць твараў. Успомнілася куляшоўскае: “Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны...”

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"