Ад вішні кругам галава!

№ 29 (1364) 21.07.2018 - 28.07.2018 г

Сёння ў Глыбокім завяршаецца Міжнароднае свята “Вішнёвы фестываль” — ужо шосты па ліку. А пачынаўся гэты праект у 2013-м, годам раней заняўшы ў Мінску другое месца ў фінале Рэспубліканскага конкурсу творчых работ па прасоўванні гарадоў і рэгіёнаў краіны ў рамках III Міжнароднага форуму “Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзейнічаць”. І вось ужо 6 гадоў Глыбокае называюць вішнёвай сталіцай нашай дзяржавы, настолькі і сам горад, і Глыбоцкі край наогул багатыя гэтай смачнай, сакавітай ягадай.

/i/content/pi/cult/701/15370/maxresdefault_opt.jpegСёлета фэст пачаўся ў аўторак, 17 ліпеня. У першы яго дзень — Дзень грамадскіх аб’яднанняў “Вішнёвая энергія” — акрамя ўрачыстага адкрыцця свята і канцэртнай праграмы ў рамках Рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы — разам!”, у горадзе адбыліся шматлікія мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў розных арганізацый, народных майстроў. Усе сродкі, атрыманыя падчас працы такіх тэматычных пляцовак, як, да прыкладу, “Выратавальная вішня”, пойдуць на патрэбы хворых дзяцей (падобныя дабрачынныя акцыі праходзілі і ва ўсе астатнія дні форуму).

18 ліпеня ў Глыбокае прыйшоў Дзень спорту “Алімпійская вішня”. Гарадкі, пляжны валейбол, бодыбілдынг, фотавыстава і віктарына, прысвечаныя гэтай дзейнасці людзей. І разам з аўтарытэтнай III Спартакіядай сярод кіраўнікоў устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый і работнікаў дзяржаўных органаў “Вішнёвая эліта — 2018” — чэмпіянат раёна па бегу сярод “Вішнёвых слімакоў” (спаборніцтва на хуткасць вінаградных прыгажунь — фірмовая “страва” фэсту)!

У чацвер у горадзе панавала “Вішнёвая феерыя” — Дзень моладзі. Таму і забавы былі, у асноўным, адпаведнымі: аўташоу “Моладзь руліць” і дрыфтшоу для ўсіх ахвотных (што прайшлі папярэдні інструктаж) “Вішнёвыя гонкі”, квэсты і музычныя праграмы — танцавальная нон-стоп “Вішнёвая энергія” і “Вішнёвы open air”. Зрэшты, знайшлося месца ў святочным “меню” і такой сур’ёзнай падзеі, як Міжнародны бізнес-форум “Дзелавое партнёрства”, і кулінарнаму конкурсу сярод аграсядзібаў “Вішнёвая гасціннасць”.

Учарашні ж дзень выдаўся не менш сур’ёзным. Тут было і гашэнне паштовай маркі ў гонар “Вішнёвага фэсту” спецыяльным штэмпелем, і навукова-практычная канферэнцыя “Шляхі ўкаранення энергазберажэння і энергаэфектыўнасці на мясцовым узроўні”, і навукова-практычная канферэнцыя па садоўніцтве, і пасадка дубоў у рамках акцыі “Расці мая дуброва”, і выстава-кірмаш работ народных майстроў “Вішнёвы россып талентаў”. Апафеозам жа стала адкрыццё на беразе возера Кагальнае рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы: у гэтым драўляным будынку ў форме кветкі размясціліся музей фэсту, пакой для чаяванняў і бібліятэка. А яшчэ 20 ліпеня адзначылася этна-мерапрыемствамі — вечарынкай “У вішнёвым садзе” (з карагодамі і майстар-класамі па танцах) і дыскатэкай “У коле сяброў”.

Сёння ж Глыбокае развітваецца з удзельнікамі свята з Расіі, Украіны, Грузіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Францыі і іншых краін шэсцем “У гасцях у Вішні”, аглядам-конкурсам падворкаў “Вішнёвы рай”, урачыстай рэгістрацыяй шлюбу “Вішнёвае вяселле”, конкурсам баяністаў, акардэаністаў, гарманістаў “Вішнёвыя найгрышы”, гала-канцэртам “Вішнёвае суквецце дружбы”, цырымоніяй закрыцця “Да пабачэння, фестывальная Глыбоччына!” і, вядома ж, феерверкам.