Яблонаўка пры дарозе

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Жыхары гэтай вёскі называюць яе па-рознаму — хто Яблонаўка, хто Яблынаўка. “Блытаніне” спрыяюць і дарожныя ўказальнікі: тыя, што па баках трасы М1 (на ўчастку Мінск — Брэст), паведамляюць пра знаходжанне населенага пункта, у назве якога пасля літары “л” ідзе літара “о”; той, што хаваецца на ўездзе-выездзе самой вёскі, абвяшчае, што за “л” — “ы”. Праўда, апошні вельмі пацёрты часам, таму і я буду прытрымлівацца афіцыйнага “ойконiма”.

Куды лягчэй мне было з установамі культуры Яблонаўкi, іх там дзве — Стаўбцоўскі раённы цэнтр народнай творчасці і бібліятэка, што туліцца ў тым жа будынку. Але ў дзень майго знаходжання ў вёсцы храм кнігі і іншых друкаваных выданняў не працаваў — законны выхадны. І мне заставалася толькі даверыцца словам жыхароў гэтага паселішча, якія запэўнівалі, што чытаць тут любяць усе пагалоўна — ад наведвальнікаў установа ломіцца, навінкамі яны распешчаны, кнігавыдачы лепшай не жадаюць. Ну і цудоўна!

Чым прывабіць выпадковага турыста

Сімпатыю адразу ж выклікае і Цэнтр (ён адкрыўся ў Яблонаўцы ў 2016-м — нагадаю, што тое быў Год культуры) — нават яшчэ да таго, як апынешся ў яго “нетрах”. Настрой стварае прылеглая да будынка тэрыторыя, на якой чаго толькі ні размешчана — сячкарня, калёсы, вазок, сані, выразаная з дрэва жыўнасць, нейкі ідал (мо лясны жыхар з тутэйшага гушчару?), грыбы, калодзеж-журавель (дакладней, яго імітацыя) і маленькая хатка на курыных ножках з умацаванай на яе даху фігурай Бабы-Ягі з мятлой і ступай! Адну са знешніх сцен установы ўпрыгожвае карціна з выявай возера, дрэў, неба з аблокамі і пары буслоў. Намалявала гэты мілы мясцовы краявід — сапраўды з натуры — дырэктар Цэнтра Марына Халецкая, яна ж — і аўтар той прыдваровай канцэпцыі.

— Дзякуючы таму, што мы знаходзімся побач з аўтамабільнай трасай, на нас звяртаюць увагу і адтуль, — кажа Марына Генадзьеўна. — Таму “выпадковыя” турысты ў нашай установе бываюць. А калі зацікавіць іх тое, што звонку, яны
абавязкова зазірнуць і ўнутр. Нядрэнна б, вядома, усталяваць па краях дарогі білборды, якія рэкламуюць наш Цэнтр. Думаем, як можна гэта ажыццявіць.

Унутры ж “казачная” тэрыторыя ўяўляе з сябе беларускую хатку: калыска, печ, ткацкі станок (рабочы, між іншым), прадметы старадаўняга кухоннага начыння, посуд, кошыкі, ручнікі на сценах — у цэлым усё тое, што і характарызуе сялянскi побыт.

У Цэнтры працуюць дзіцячы гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Праменьчык” (у ім вучаць саломапляценню, стварэнню аплікацый, лялек-абярэгаў, вырабаў з джутавых нітак, дрэва, гліны, а матэрыял для ўсяго гэтага здабываецца сваімі сіламі і за ўласныя сродкі), фальклорны вакальны калектыў “Яблынька”, аматарскія аб’яднанні — дзіцячае “Краязнаўца” і дарослае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва “Калаўрот”. Наведвальнікаў у іх — спісачна — няшмат: крыху больш за трыццаць чалавек, і гэта на амаль 250 жыхароў Яблонаўкi. Школы ў ёй няма, мясцовыя рабяты вучацца ў вёсцы Коласава, і ў будні, пасля заканчэння ўрокаў, дзятве, што дастаўляюць дадому аўтобусам, ужо не надта хочацца ісці ў Цэнтр. Хіба што на гадзінку якую забегчы. Але не адмаўляюць ва ўдзеле ў дзейнасці фарміраванняў і тым, хто ў “культурныя” кругі ўліваецца час ад часу — насельнікам суседніх вёсак.

/i/content/pi/cult/697/15365/pages-10-11-copy-S-800.jpg

Натуральна, што па сваім профілі СРЦНТ спецыялізуецца на народнай творчасці, рамёствах і промыслах, традыцыі і абрадах, краязнаўстве і гісторыі. Пошукі ў гэтых галінах, прапаганда ўсяго аўтэнтычнага — кірункі для ўстановы першарадныя. І далучаюць тут экскурсіі да вечнага не бясплатна — капейчыну з чалавека (а госці тут пакуль, у асноўным, — школьнікі са Стоўбцаў і бліжэйшых населеных пунктаў) бяруць. Камерцыйным з’яўляецца і вясельны абрад “Тры ручнікі”. Маецца ў Цэнтра дазвол на гандаль і сувенірнай прадукцыяй — той, што і вырабляюць рамеснікі “Калаўрота”. Яшчэ адзін спосаб прыцягнення сродкаў — распаўсюджанне білетаў на канцэрты “зорак”, што зазіраюць у Стоўбцы (як гэта было не так даўно з Ігарам Нікалаевым).

— Дайце час, дык Цэнтр так разгорнецца, так сябе пакажа, што пра яго будуць пастаянна гаварыць у краіне і ставіць у прыклад іншым аналагічным установам! — запэўнівае дырэктар. — А зараз мы яшчэ маленькія, нам трэці год пайшоў, толькі ўключаемся ў працу, усё самае лепшае і гучнае, перакананая, у нас наперадзе.

Даць волю таленту

А аглядальнікам культурнага жыцця вёскі для нашай газеты стала пенсіянерка Зоя Купцова, што доўгі час працавала выкладчыкам пачатковых класаў адной з мінскіх школ. Пятнаццаць гадоў таму яна пераехала ў Яблонаўку, дзе і дала волю яшчэ аднаму свайму таленту — рукадзеллю. Вышываць яе навучыла матуля ў раннім дзяцінстве, але мастацтва гэта так і заставалася для яе хобі на працягу амаль сарака гадоў, пакуль былы педагог не змяніла прапіску на вясковую. Так, у школе яна трошкі выстаўлялася, кіравала гурткамі, гады два вяла ўрокі працы, дзе і перадавала вучням свае навыкі, але ўсе гэтыя заняткі нават ёй самой не ўспрымаліся як нешта фундаментальнае. А ў Яблонаўцы Зоя Паўлаўна сваю працу паставіла на паток — яна часта выстаўляецца ў раёне, яе творы перыядычна экспануюцца ў Цэнтры, але вось толькі майстар-класаў яна, у адрозненне ад іншых тутэйшых умельцаў, чамусьці не дае.

— Здароўе сваволіць, — даверліва паведамляе мне мастачка. — Для дзяцей сваіх — яны ў мяне ўжо даўно дарослыя і жывуць у Мiнску — яшчэ магу нешта зрабіць, але кагосьці вучыць цяжкавата ўжо.

— Мы яе ўгаворым! — абяцае Марына Халецкая. — Я і раней думала пра тое, каб задзейнічаць Зою Паўлаўну яшчэ і такім чынам у працы нашай ўстановы, але пасля вашай заўвагі — абавязкова ўпросім яе.

Працаўніца да гэтага часу захоўвае ледзь ці не першы свой выраб — абрус. На яго і такія вязаныя прадметы, як сурвэткі, каўнерыкі, карціны з вышыўкай крыжыкам, я і змог палюбавацца ў Цэнтры — там акурат праходзіла выстава работ спадарыні Купцовай. Можа, хутка ўбачым там і работы яе вучняў?

Каментарый Зоі КУПЦОВАЙ:

— Людзі ў Яблонаўцы жывуць добрыя. Маладое пакаленне мне
падабаецца. Няма такога, ведаеце, каб пахуліганіць, “выкінуць” штосьці гэткае. І моладзь з задавальненнем наведвае Цэнтр — мерапрыемствы, канцэрты прыезджых самадзейных беларускіх артыстаў. Я ж і сама на іх хаджу, заўважаю, хто сюды прыходзіць. Калі параўноўваць тое, што бачыла 15 гадоў таму ў вёсцы з тым, што ў ёй адбываецца цяпер, не скажу, што з культурай у нас стала неяк горш. Мне нават здаецца, што сёння жыхары больш ахвотна адгукаюцца на нейкія падзеі ў мясцовым культурным жыцці. Мы — старыя, але часам так “запальваем” на танцах, што моладзі за намі і не ўгнацца! Заўсёды з нецярпеннем чакаем новых мерапрыемстваў, няхай бы іх было больш!

Мінск — вёска Яблонаўка Стаўбцоўскага раёна — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"