Афіцыйны погляд

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Калі матэрыял "Мёртвым не баліць..." быў ужо падрыхтаваны да друку, 12 ліпеня ў Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце прайшла прэс-канферэнцыя на тэму “Аб добраўпарадкаванні і рэканструкцыі тэрыторыі Вайсковых могілак”. У пасяджэнні пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Віктара Лапцева ўзялі ўдзел намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, ГАП УП “Мінскпраект”, сябра Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ганна Аксёнава, прадстаўнік Аляксандра-Неўскага храма айцец Зміцер Харошка і дырэктар УП “Спецыялізаваны камбінат камунальна-побытавага абслугоўвання” Мікалай Ракевіч.

 

Па словах спадара Лапцева, у 2015 годзе сіламі Спецкамбіната прайшла поўная інвентарызацыя могілак. З больш чым васьмі тысяч пахаванняў было выяўлена каля трох тысяч, якія знаходзяцца ў занядбаным стане. Менавіта гэтыя надмагіллі было прынята рашэнне дэмантаваць і на іх месцы ўсталяваць так званыя падгалоўнікі. Па словах чыноўніка, ніводнае з гэтых пахаванняў не ўяляе ніякай гістарычнай ці мастацкай каштоўнасці.

Усе надмагіллі, якія знаходзяцца ў прымальным стане, не толькі не падлягаюць замене, але і будуць дагледжаныя, і, нават, у выніку ўзнікнення патрэбы, на іх будуць праведзеныя рамонтныя работы, працягнуў сваю думку Віктар Лапцеў.

Дырэктар Спецкамбіната спадар Ракевіч дадаў, што перад тым, як пачаліся работы, прайшло ўжо нават больш, чым вызначаныя законам два гады пасля ўведамлення пра неабходнасць прывядзення пахавальных комплексаў да ладу. Па яго словах, падчас работ будуць улічвацца не толькі стан захаванасці ці мастацкія якасці помнікаў, але і пажаданні сваякоў і блізкіх.

Як адзначыў падчас прэс-канферэнцыі намеснік міністра культуры спадар Яцко, самі па сабе Вайсковыя могілкі ў Мінску з’яўляюцца менавіта помнікам гісторыі, а таму для іх захавання як гісторыка-культурнай каштоўнасці перадусім важна ўсведамляць моманты, звязаныя з увекавечваннем мемарыяльнага комплексу, а не яго візуальны складнік — памятным з’яўляецца само месца пахавання, а не формы надмагільных збудаванняў і іх вонкавы выгляд. На думку намесніка міністра, тут важная гісторыя месца, а не яго архітэктура.

Згодна са спадаром Яцко, работы па добраўпарадкаванню Вайсковых могілак цалкам адпавядаюць дзеючаму беларускаму заканадаўству. Па яго словах, у Кодэксе аб культуры вызначаны агульныя прынцыпы арганізацыі рэжыму захавання і дагляду. Уласна ж рэгламент утрымання помніку гісторыі павінен быць адлюстраваны ў праекце зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і ён не парушае норм заканадаўства.

— Тое, што адбываецца зараз на гісторыка-культурнай каштоўнасці, ніякім чынам не пярэчыць прапісанаму рэгламенту. — адзначыў спадар Яцко.

Спадарыня Аксёнава адзначыла, што не ўсё так проста і адназначна з выкананнем работ на аб’екце “Вайсковыя могілкі”. Як паведаміла архітэктар, на дадзены момант існуе два падыходы да канцэптуальнага вырашэння далейшых работ па рэканструкцыі некропалю. Адпаведна, дзве працоўныя групы падрыхтавалі два праекты, на базе аднаго з якіх і будуць у далейшым весціся работы па рэканструкцыі ўжо добраўпарадкаваных могілак.

У выніку адміністрацыяй горада і прадстаўнікамі рэспубліканскай улады журналістам было даведзена, што работы, якія вядуцца на цяперашні момант на Вайсковых могілках Мінска, не толькі цалкам адпавядаюць беларускаму заканадаўству, а яшчэ з’яўляюцца і падрыхтоўчым этапам для далейшай рэканструкцыі. У будучыні падобная рэканструкцыя чакае і другі старадаўні цвінтар Мінска — Кальварыйскія могілкі. Мяркуемы пачатак работ на якіх — ужо блізка.