Літаратура як індыкатар нацыі

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Не так даўно ў выдавецтве “Беларуская навука” выйшла кніга “Літаратура. Гісторыя. Свядомасць”, падрыхтаваная акадэмікам Уладзімірам Гніламёдавым і загадчыкам аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі Мікалаем Мікулічам.

/i/content/pi/cult/700/15363/ikon_opt.jpegДзякуючы аналітычнаму погляду і ўменню навукоўцаў заглыбіцца ў найбольш важныя пытанні літаратурнага і — шырэй — мастацка-гістарычнага дыскурсу, даследчыкамі выбудоўваецца адмысловая сістэма фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларускага народа.

Аўтары выдання ставяць перад сабой звышактуальную сёння задачу: даследаванне нацыянальнай свядомасці ў літаратуры, нацыянальных вобразаў-этнатыпаў у шырокім сацыяльна-гістарычным кантэксце іх складвання. Прыцягвае ўвагу міждысцыплінарны характар даследавання, што адлюстравана ў саміх назвах яго раздзелаў: “Этнічны ўзровень”, “Прырода. Ландшафт. Клімат”, “Язычніцтва. Мова”, “Гісторыя. Дзяржаўнасць. Хрысціянства”, “Тыпы і характары”, “Рэнесанс”, “Люблінская унія і яе наступствы” і інш.

У цэнтры ўвагі вучоных — фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў. Менавіта гэтае пытанне становіцца кутнім каменем даследавання. На думку навукоўцаў, нацыянальны тып свядомасці “абумоўлівае прадуцыраванне і функцыянаванне ў літаратуры тых ці іншых ідэйна-мастацкіх канстант і стылявых ліній”.

Жанр сваёй кнігі самі аўтары вызначылі як “гісторыка-літаратурны нарыс”, што абумовіла разнастайнасць крыніц і матэрыялаў і раскаванасць аўтарскага аповеду. Даследаванне ўмоўна падзяляецца на дзве часткі: гістарычную і літаратуразнаўчую. У першай з іх асвятляюцца асноўныя этапы развіцця беларускай дзяржаўнасці, уплыў гістарычных падзей на фарміраванне этнасу і нацыянальнай самасвядомасці. Другая, па сутнасці, паказвае спосабы адлюстравання нацыянальнай свядомасці на старонках мастацкіх твораў.

Значнасць даследавання заключаецца найперш у тым, што ў ім у кандэнсаваным выглядзе аглядаецца ўся гісторыя развіцця беларускай літаратуры: ад яе вытокаў, пачынаючы ад Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, да станаўлення і сталення ў ХХ стагоддзі. Не застаецца па-за ўвагай аўтараў і літаратурны працэс на мяжы новага стагоддзя, з характэрным для яго абнаўленнем жанравай парадыгмы. Назіраецца скрупулёзны падыход да адбору матэрыялаў — мастацкіх і публіцыстычных тэкстаў, — на аснове якіх робяцца ўзважаныя абагульненні. Такімі матэрыяламі становяцца знакавыя для развіцця беларускага мастацкага слова творы, дзе найбольш ярка рэпрэзентаваны вопыт таго ці іншага пакалення пісьменнікаў або цэлай эпохі.

Каштоўнасць нарысаў “Літаратура. Гісторыя. Свядомасць” — у падкрэсленым сістэмным падыходзе да аб’екта вывучэння, у пошуку своеасаблівага літаратурнага інтэграла, той велічыні, што ўвабрала ў сябе асноўныя складнікі нацыянальнай літаратуры. Працэс узаемадзеяння грамадска-гістарычнага і мастацка-літаратурнага жыцця разгледжаны аўтарамі не выбарачна, не эскізна, а ўсеахопна, як з’ява цэласная — ад старажытнасці да сучаснасці. А таксама і як працэс рознаскіраваны і ўзаемаабумоўлены. Паказана, як у залежнасці ад гістарычных, грамадска-палітычных абставін мянялася грамадская роля літаратуры, як яна ў розныя эпохі ўплывала на нацыянальную самасвядомасць грамадства.

Людміла ІКОННІКАВА