— Група Tonqixod — вельмі дзіўная птушачка на нашай сцэне, і таму ўзнікае пытанне: а што гэта наогул было? Як і чаму распачалася гісторыя калектыву?
— Праз пэўны збег акалічнасцяў. Не было такога моманту, калі мы селі і вырашылі стварыць групу. Проста выпадкова сустрэліся людзі, якія любяць падобную музыку, хаця самі пры гэтым — вельмі розныя. У кожнага раней былі свае праекты, і ў маладзейшыя гады мы часта перасякаліся на самаробных рэпетыцыйных кропках у розных гаражных кааператывах. І вось, аднойчы мы з клавішнікам Максімам Субачам дазналіся, што будзе чарговы конкурс “Бардаўская восень”, і вырашылі там выступіць. Хуценька напісалі песні, зрабілі аранжыроўкі. Потым зразумелі, што атрымліваецца сімпатычна, і прапанавалі ў гэтым паўдзельнічаць бубначу Андрэю Аляксеенку. І шляхам некалькіх агульных джэмаў, вельмі лёгка і бадай ненаўмысна, у нас склалася тая праграма, якая потым стала першым альбомам “Прадмова”. Усё гэта вырасла проста з нашага жадання займацца музыкай.
— Але чаму менавіта такой музыкай? Арт-рок — гэта ж нешта з мінулага стагоддзя, яго росквіт быў яшчэ да вашага нараджэння.
— Усё так. Але недарма ў нас з’явіліся пункты судакранання. Мы ўсе любілі ў свой час The Doors і іншыя групы той пары. І ў кожнага быў свой шлях да гэтай музыкі. Да мяне яна прыйшла праз бацьку і яго захапленні. Ён меламан, у 1980-я мяняўся кружэлкамі, маляваў плакаты, размнажаў нейкія фотаздымкі. Мае самыя раннія малечыя ўспаміны — гэта Immigrant Song легендарных Led Zeppelin! А замест калыханкі быў пінкфлойдаўскі Dark Side of the Moon. У Максіма — свая гісторыя. Ён вучыўся ў музычнай школе на класічнага гітарыста, але клавішы прывабілі яго болей. Андрэй — металіст, да нас іграў у розных групах гэтага стылю. Родам ён з Рэчыцы, а ў тых мясцінах моцная металёвая сцэна. Увогуле, мы ўсе слухаем процьму рознай музыкі, і, зразумела, нашы цікавасці значна шырэйшыя за арт-рок. Але калі ўсё гэта зміксавалася, плюс наклаліся мае тэксты, атрымаўся акурат Tonqixod.
— І сапраўды, без іх Tonqixod не быў бы такім. Ці супадаеце вы ў вершах і ў тэкстах песень, або для вас гэта розныя рэчы?
— Часцей за ўсё я іх выразна размяжоўваю: песня — гэта адно, а верш — зусім іншае. Хаця так атрымалася, што некалькі маіх тэкстаў з паэтычнага зборніка “70 працэнтаў вады” пазней патрапілі на запісы Tonqixod. Я разумею, што верш на друкаванай старонцы павінен быць, так бы мовіць, гусцейшым, шчыльнейшым у паэтычным плане, больш насычаным метафарамі.
— Але ж у вас і ў песнях не тое каб пуста ў гэтым сэнсе…
— А гэта я ўжо не магу сябе стрымаць! Агулам, мая пазіцыя такая: сур’ёзная музыка павінна мець і сур’ёзныя тэксты, без зніжак. І ўсё ж, у песнях я часам дапускаю большую разрэджанасць вобразаў, каб не было моцнага перагрузу. Увогуле, для мяне ўся творчасць унутрана моцна звязаная з нейкай тэатральнасцю. Мяне цягне працаваць на мяжы, на стыку жанраў. Магчыма, тэксты вымагалі б і гэтага дапаўнення. Іншая справа, што ў рамках гурта Tonqixod рэалізаваць тэатральнае суправаджэнне не атрымалася.
— Я зараз задам банальнае журналісцкае пытанне — які з вашых двух альбомаў вы лічыце найлепшым?
—Як ні дзіўна, у гэтым выпадку я дам банальны адказ — мне па-свойму падабаюцца абодва. Ёсць другі варыянт банальнага адказу — апошні альбом заўсёды найлепшы, бо мы сапраўды падняліся на нейкі новы ўзровень у плане аранжыровак ды іх прадуманасці. Першы альбом быў шмат у чым спантанны, імправізацыйны, нават трохі “гаражны” ў тым, як мы яго запісвалі. У другім альбоме гэтага менш, ён больш рафінаваны, выкшталцоны, што мне таксама падабаецца. У той самы час, першая плытка была больш лёгкай, дзёрзкай… Таму для мяне яны выглядаюць, як старонкі адной кнігі.
— Якія песні вы лічыце галоўнымі ў гісторыі Tonqixod? У першую чаргу “Насыпаць горы”, зразумела…
— Дарэчы, яе поспех у публікі спарадзіў і праблемку. Маўляў, трэба ж напісаць і другую такую “Насыпаць горы”, каб яна была не горш, каб яе таксама ўсе ацанілі! Іронія ў тым, што песня ўзнікла вельмі нечакана, пад канкрэтнае мерапрыемства, ледзь не з утылітарнай мэтай.
— А скажыце нам простай мовай, не вершаванай: пра што песня “Насыпаць горы”?
— Пра тое, што многім з нас увесь час нешта муляе і перашкаджае жыць, усё нечага не стае. І лезуць думкі — а вось калі б яно было не так, а гэтак… А лепей і наогул вось гэтак! Атрымалася такая спроба іранічнай палемікі з самім сабою і з іншымі людзьмі, якія мысляць падобным чынам.
Што да галоўных песень… Яшчэ нам вельмі важная кампазіцыя “Заратуштра”, тут і Максім бы пагадзіўся. Гэта заключны трэк з апошняга альбома, такая 9-хвілінная эпахальная п’еса, яна мне здаецца ўдалай і ў паэтычным плане, і ў музычным, і ў аранжыровачным. Мы для яе запрасілі сесійных музыкантаў, там ёсць і рок-н-рол, і арт-рок, і трохі авангарда прарываецца. У прынцыпе, усё, што нам падабаецца, мы ў адной кампазіцыі злучылі. Дый іншыя трэкі можна згадваць. І песня пра футра, і песня пра вяселле, і пра лясы, і пра балоты — усе яны маюць свае фішкі. Бо мы не графаманы, кожная кампазіцыя стваралася як апошняя — каб за яе ніколі не было сорамна.
— Вы так цёпла расказваеце пра сваіх былых калег, але ж група распалася, прычым без нейкіх асаблівых тлумачэнняў. Няўжо абышлося без скандалу, даволі звыклага ў такіх выпадках?
— Так, паскандаліць нам нешта не давялося. Наша гісторыя не да канца рок-н-рольная, мы не Макартні з Ленанам, не браты Гэлахеры. У першую чаргу, распад звязаны з творчымі памкненнямі Максіма Субача. Яго пацягнула па-за межы калектыўнай творчасці. Ён вырашыў: “Я хачу быць адзіным гаспадаром той музыкі, якую буду рабіць”. А гранне ў камандзе — гэта заўсёды кампраміс, заўсёды трэба дамаўляцца. Але без Максіма таго гурта, які называўся Tonqixod, ужо не будзе. Бо ў нас з ім утварыўся аўтарскі тандэм, музыку мы пісалі разам, аранжыроўкі таксама разам рабілі.
— Пра спыненне дзейнасці групы вы абвясцілі яшчэ год таму. Але ж на пачатку гэтага лета ўсё ж адыгралі канцэрт, арганізацыя якога была прызам за найлепшы альбом мінулага года ад прэміі “Эксперты”.
— Нам падумалася, што калі андэграундных музыкантаў у Беларусі настойліва просяць сыграць, мы проста абавязаныя скарыстацца такім рэдкім шанцам! Больш за тое — у першы дзень ліпеня мы адыгралі яшчэ адзін сэт — на фестывалі ў Беластоку. Справа ў тым, што калі да адной з арганізатарак Ілоны Карпюк дайшла інфармацыя пра наш развітальны канцэрт, у яе адразу з’явілася прапанова. Маўляў, вы ж усё роўна сабраліся разам, рэпетуеце, будзеце ў форме. Чаму б тады не выступіць заадно і ў Беластоку? Мы паглядзелі на спіс удзельнікаў фестывалю і пагадзіліся. Гэта была яшчэ і нагода для нас паслухаць розных цікавых музыкаў — напрыклад, Orchestre Tout Puissant Marsel Duchamp.
— Плануеце працягваць сваю музычную дзейнасць, або толькі паэтычную?
— Ад пачатку, яшчэ са школьных часоў, мяне вабіла менавіта паэтычнае слова. Але ж я заўсёды любіў і музыку, заўсёды хацеў іграць у гурце. У мяне з падлеткавага ўзросту захаваліся цэлыя сшыткі такіх трохі смешных песенек. Спадзяюся, і зараз музыка не выкіне мяне за борт. Неўзабаве я — ужо з новым складам — маю паўдзельнічаць у конкурсе фестывалю “Басовішча”. Ведаю, што Максім працуе над сваім сольным праектам — інструментальным, студыйным, з даволі складанай музыкай. А наш бубнач Андрэй адразу пасля абвесткі пра спыненне дзейнасці Tonqixod атрымаў процьму прапаноў і цяпер іграе ў групе Irdorath, якая адзін за адным скарае еўрапейскія фестывалі.
— А ці ёсць перспектывы чарговага рэюніёну?
— Думаю, так. Цалкам магчыма, што калі-небудзь нам удасца разам стварыць яшчэ адну праграму або, прынамсі, выйсці на сцэну. Як я казаў, мы, усё ж, не сварыліся.
Гутарыла Надзея КУДРЭЙКА