Стыпендыя для чарадзея

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Так, у нас няма багатых месцазнаходжанняў нафты, газу, дыяментаў ды золата. Але ёсць нешта іншае, не менш каштоўнае. Гэта як у вёсцы Гарадная, што на Століншчыне: не было тут спакон веку ўрадлівай зямлі, вось і пачалі весці рэй ганчарных спраў майстры. Так і павялося на нашай зямлі: глінамесаў, саломкапляцельшчыкаў, разьбяроў ды ткачых — што каласоў у полі. І кожны на вагу золата, і кожны ў сваёй справе — чарадзей. Неаспрэчнай заслугай нашых работнікаў культуры з’яўляецца тое, што старадаўнія рамёствы ў большасці сваёй адноўлены і развіваюцца. Пра гэты нялёгкі пакручасты шлях я размаўляў з загадчыкам аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларысай БЫЦЬКО. Нагодай для гаворкі стаў пленэр ткачых, які прайшоў у Маларыце на пачатку ліпеня. Але мы не абмяжоўваліся толькі гэтай тэмай.

/i/content/pi/cult/700/15359/17.JPGКуфэркі ўжо пустыя

— Пачнем з пленэру, бо аналагаў падзеі я не ведаю. Маларыцкія работнікі культуры рэалізуюць унікальны праект “Народная творчасць без межаў”, які з’яўляецца часткай праграмы “Усходняе партнёрства” па тэрытарыяльным супрацоўніцтве Беларусі і Украіны. Ткачыхі Маларыцкага раёна пабывалі ў замежных аднадумцаў. Украінскія ткачыхі прыехалі да нас. Вашы ўражанні?

— Уявіце, у Доме культуры сабрана пятнаццаць кроснаў! Кожная ўдзельніца (чатыры з іх — украінкі) працавала ў сваёй тэхніцы. Гэта не магло не ўразіць. Прынамсі, нідзе такога не бачыла. Цудоўная нагода для абагульнення і пераймання прафесійнага досведу.

— Знакамітая маларыцкая Сцепаніда Сцепанюк была?

— Канешне! Яна ў нас — аблічча і праекта, і пленэру. І была не адна, а з дачкой і васьмігадовай праўнучкай Дашай, якая ўжо таксама тчэ! Вось вам і пераемнасць.

— На Беларусі да нядаўняга часу не было помніка рамесніку. Але год таму ў Маларыце ўсё ж узнік драўляны манумент у гонар 82-гадовай ткачыхі.

— Па заслугах! Да Сцепаніды Аляксееўны сёння едуць з усёй Беларусі. Яна не толькі знакамітая ткачыха, а яшчэ і носьбіт мясцовага фальклору. Нават этнографы-палякі лічаць за гонар сустрэцца з ёю. Натуральна, няма ўжо таго, каб усе жанчыны роду ткалі. Мануфактура значна знізіла запатрабаванасць ткацтва. Памятаю, прыедзеш падчас экспедыцыі да бабулі, яна шафу адкрывае — і адтуль посцілкі валяцца, нікому не патрэбныя. Цяпер сітуацыя іншай становіцца: людзі пачалі ўсведамляць (у тым ліку і за мяжой, у Еўропе), якое багацце хаваецца па бабульчыных куфрах. Дый самі майстрыхі навучыліся цаніць сваю ручную працу.

Рамеснік + дызайнер = інтэр’ер

— Час казаць пра пачатак рэнесансу нацыянальных рамёстваў. Прынамсі, дзеці і ўнукі павыграбалі з бабульчыных шафаў і куфраў усё, што там хавалася, і прывезлі ў горад. Я таксама сваю кватэру спрабую аформіць у нацыянальным стылі (гл. на фотаздымкі). Не ведаю, як прафесіяналы ацэняць, але мне падабаецца. З кожнай глінянай ды тканай рэчы такая гаючая сіла выпраменьваецца!

— Безумоўна, усё гэта грэе душу, бо ў кожнай рэчы захавалася энергетыка аўтара. Але, пагадзіцеся, не кожная старадаўняя сурвэтка і стогадовы глечык удала ўпішуцца ў інтэр’ер нашага жытла. На мой погляд, сучасны рамеснік павінен быць яшчэ і дызайнерам, каб адаптаваць традыцыю да сучасных умоў. У гэтым плане вельмі вынікова, як падаецца, працуе разьбяр Уладзімір Чыквін з Кобрына. Ён здолеў давесці да поўнага паяднання з сучаснасцю старадаўнюю традыцыю беларускай “рэзі”. Тое ж — і з нашым саломкапляценнем, узрост якога вымяраецца вякамі. Я родам з Драгічынскага раёна, дык у вёсцы царква была з саламянай царскай брамай, зробленай яшчэ ў XVIII стагоддзі. І гэтае рамяство дасюль развіваецца, не выглядаючы ў наш век архаічным. Стылёвыя керамічныя рэчы атрымліваюцца ў Віктара і Тамары Тромза з Берасця. У іх ёсць перспектыва.

— Мне вельмі падабаецца выраз Уладзіміра Чыквіна: маўляў, анёлаў бачаць каты і мастакі. Дый анёлы атрымліваюцца ў разьбяра надзвычай характарныя. Ваша сувенірная крама ў абласным цэнтры выглядае вельмі прыстойна. Выбар коштаў і жанраў — багацейшы. Але наведвальнікаў — малавата. Чаму?

— Усё проста: грошай у людзей няма на сувеніры.

Каб захаваць аблічча

— Нашы рамеснікі — проста чарадзеі! Але не сталі яны агульнавядомымі персонамі на Беларусі. Чаго тут не стае? Рэкламы ды піяру?

— Давайце з іншага боку да праблемы падыдзем. Той рэнесанс рамёстваў, пра які вы кажаце, магчымы толькі тады, калі майстры адчуюць увагу да сябе з боку дзяржавы. Большасць з іх — людзі немаладыя, і штогод мы кагосьці з іх губляем. Я, да прыкладу, плаціла б кожнаму народнаму майстру невялічкую дзяржаўную стыпендыю. Няхай ён яшчэ раз адчуе, што з’яўляецца захавальнікам нашай беларускай ідэнтычнасці, і што гэта вельмі адказная дзяржаўная справа, самая сапраўдная нацыянальная ідэалогія. Кожны такі носьбіт — скарб. Дык няхай ён адчуе сваю значнасць. Дарэчы, народных майстроў не так і шмат засталося. Кожны з іх сыходзіць і забірае з сабой частку эпохі: гаворку, песні, прыказкі ды прымаўкі (таленавіты чалавек — ва ўсім таленавіты), чарадзейныя здольнасці пераўтвараць свет.

— Пакуль рэй вядзе папса ды безгустоўшчына.

— Я пра тое і кажу. Бабулі павінны выратаваць свет! Бывае, доўга гляджу на ручнікі, посцілкі — і зразумець іншым разам не магу, адкуль гэта ў нашых жанчын? Пачуццё кампазіцыі, падбор колеру, густ, мера… Адкуль? Яны ж не вучыліся ў акадэміях мастацтваў. Гэта ж падтрымліваць трэба на ўзроўні дзяржавы, песціць ды ашчаджаць. З гэтай нагоды работнікі культуры Маларыты — малайцы: знаходзяць гранты, каб укладаць у развіццё беларускай традыцыі. Праект “Народная творчасць без межаў” — доўгатэрміновы і будзе працягвацца.

Як развівацца?

— Ларыса Мікалаеўна, а як мы, дарэчы, выглядаем на фоне замежжа са сваімі рамёствамі?

— Асабліва нідзе не была, але нямала стасавалася па справе са шведамі. Яны вельмі шмат чаму нас навучылі. Да сваіх рамеснікаў ставяцца надзвычай далікатна. Але такіх носьбітаў традыцый, як нашы, у іх ужо няма. Так што мы — выключна багатыя! Нам пакуль ёсць у каго вучыцца, тым больш, што нашы вяскоўцы — вельмі адкрытыя людзі. Гатовыя перадаць усё, чым валодаюць і што ведаюць.

— Апрача раённых дамоў рамёстваў, сям-там узнікаюць і рамесніцкія школы. Самы першы і яскравы прыклад — школа бондарства ў Іванаве. А ёсць жа яшчэ і дзіцячыя школы мастацтваў. Як вы думаеце, за якімі з названых устаноў — будучыня?

— Сетка РДР — адзін з асноўных набыткаў работнікаў культуры рэспублікі. Прынамсі, на Брэстчыне работа па адраджэнні, развіцці і папулярызацыі традыцыйных рамёстваў даўно вядзецца сістэмна і вынікова. Школы рамёстваў, якія даюць дзецям прафесію, таксама маюць усе правы на жыццё. Няхай яны развіваюцца паралельна. Нічога кепскага ў гэтым не бачу. Згаданае спалучэнне можна сустрэць у нашай Бярозе. У адным будынку эстэтычна-спартыўнага цэнтра паспяхова працуюць дзіцячая школа мастацтваў і раённы дом рамёстваў. Дзеці дасягаюць неверагодных поспехаў.

Ганчароў шмат, а кавалёў…

— Вы цяпер рыхтуецеся да шостага міжнароднага пленэру ганчароў у Гарадной. Чаго дамагліся за гэты час?

— Вельмі многага. У Гарадной на сёння ёсць ужо з паўдзясятка майстроў, якія купілі сабе даражэзныя японскія кругі і спрабуюць з ганчарства зарабляць грошы. Гэта супервынік! 29 ліпеня плануецца вялікі гараднянскі кірмаш з аптовым продажам керамічнага посуду.

— Ці перспектыўны кавальскі фэст у Крошыне, што на Баранавіччыне?

— Не ўсе рэчы прыжываюцца. Але будзем спадзявацца на лепшае. Кавалі раней у кожнай вёсцы былі, і вельмі іх паўсюль шанавалі. Але як пачалі знікаць свойскія коні — зменшылася і колькасць кавалёў. Цяпер кожны з іх — індывідуальны прадпрымальнік.

— Вам не падаецца, што ў будучыні нашы традыцыйныя рамёствы стануць звышзапатрабаванымі, а самі промыслы — паспяхова камерцыйнымі?

— Усё верагодна. Але спачатку я вызваліла б дамы рамёстваў ад планаў па аказанні платных паслуг, бо, лічу, неабходна больш увагі надаваць экспедыцыям, стасункам з носьбітамі традыцыі, пакуль яны жывыя. А ў нас цяпер, акрамя планаў, яшчэ і у розных справаздачных папер мора.

— Якім тады вам бачыцца галоўны акцэнт працы дамоў рамёстваў?

— У вывучэнні і замацаванні ўсіх відаў умельстваў і промыслаў, што ёсць у раёне. Напэўна, больш важнай для іх задачы і няма.