Люстэркавасць — не сінонім сіметрыі

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Гомель. Гогаль. Дзівакоў
Імя Юрыя Дзівакова ўжо стала культавым — нягледзячы на яго маладосць. Нядаўняя прэм’ера спектакля “Гогаль. Fatum”, ажыццёўленая разам з мастаком Таццянай Дзіваковай і кампазітарам Эрыкам Арловым-Шымкусам у Гомельскім абласным драматычным тэатры, у чарговы раз даказвае таленавітасць гэтага беларускага пастаноўшчыка і яго каманды. І сведчыць пра станоўчыя эстэтычныя змены ў самім тэатры, здатныя прыцягнуць туды новую публіку.

/i/content/pi/cult/700/15355/12.JPGУ той час, калі ледзь не ўсе тэатры жаляцца, што моладзь забывае да іх дарогу, на гомельскім “Гогалі” людзей маладых было многа. Цягам спектакля яны жыва рэагавалі на ўсе яго неспадзяванкі, а пасля зладзілі працяглыя авацыі. Вядома, апладзіравалі не ўсе. Дама побач са мной, якая ўсё дзеянне прасядзела ў вятроўцы (гардэроб улетку не працуе, але ж у зале тэмпература была камфортнай), абуралася: як можна паказваць “такое” на высокай сцэне, у храме мастацтва — хіба што дзесьці на вуліцы. /i/content/pi/cult/700/15355/13.jpgПраўда, якое “такое”, нешта не патлумачыла.

А тэатр, вырашыўшы замацаваць маладзёжную аўдыторыю, паставіў ліпеньскія паказы не толькі на звыклы час, але і на… 23 гадзіны, прычым “у пятніцу 13-га”. Цудоўны маркетынгавы ход! Не менш удалымі ўяўляюцца і выявы на афішах і праграмках: два ружовыя фламінга ў позе “лебедзяў у пацалунку” з шыямі, выгнутымі сардэчкам. Чым не фігуркі на вясельны каравай! І гэта — у дачыненні да гогалеўскага “Шыняля”? Парадокс інтрыгуе. А спалучэнне вясельнай атрыбутыкі (маўляў, зроблена з любоўю) са словам Fatum, прычым наўмысна лацінскімі літарамі, становіцца яшчэ адной “прынадай” для моладзі.

Жанр спектакля азначаны як “летаргія”. Насамрэч, гэта не столькі драматычны ці нават пластычны спектакль у іх класічным сэнсе, колькі цыкл асобных, але звязаных агульнымі дзейнымі асобамі яркіх перформансаў — аўтарскіх рэфлексій на тэму жыцця-творчасці Гогаля і не толькі. Тут можна знайсці дзвюх Панначак адразу, лётанне варэнікаў, казацкі дух, рэаліі жыцця дробнага чыноўніка — з адсылкай на сучасны “офісны планктон”.

Сюжэтныя абрысы “Шыняля” становяцца хіба адпраўным пунктам далейшага падарожжа, адкрываючы роздум пра творчасць любога мастака ў суплёце з ягоным жыццём — жыццём “маленькага чалавека”. Бо кожны творца побач з фатумам і ўсімі, хто імкнецца ім кіраваць, — усё той жа “маленькі чалавек” (ах, колькі тут дзівакоўскага, аўтабіяграфічнага).

Гэтай усеабдымнай філасофскай тэмай, глыбокімі асацыятыўнымі ды інтэртэкстуальнымі спасылкамі спектакль узрастае да сапраўднай тэатральнай сімфоніі, уяўляючы з сябе яшчэ і глыбокае літаратуразнаўчае даследаванне на заяўленую тэму. Прычым яго сцэны могуць існаваць і паасобку, як завершаныя па думцы нумары.

Скрозь усё тэатральнае дзеянне, пачынаючы з “птушынага дуэта” на афішах, праходзіць ідэя люстэркавага адбітку. Героі (Юрый Зайцаў і Андрэй Шыдлоўскі), гераіні (Аляксандра Бычкова і Лізавета Альхоўка), блазны (Дзяніс Сыч і Яўген Пералыгін) падзяляюцца на № 1 і № 2, на “вышэй” і “ніжэй”. Жанчына ў ружовым (Наталля Задорына), на першы погляд, не мае “двайніка”, але ім аказваецца цацачны ружовы фламінга. Дый сама гераіня з усёй замілаванасцю сваёй усмешкі і мяккім поступам паўстае ўвасабленнем то “ружовай мары”, то няўмольнага року, што націскае ды націскае на цынгель (а героі ўсё гінуць ды гінуць — штораз па-рознаму, не паўтараючыся).

І раптам становіцца зразумела, што тая люстэркавасць — зусім не сінонім сіметрыі. Што дзеянне на сцэне — адлюстраванне нас, бо творчасць Гогаля, з яе фантасмагорыяй, містыкай, трагедыямі, гумарам — адбітак сучаснасці.

Шчодра выкарыстоўваючы ўласцівы сваёй рэжысуры сінтэз тэатра лялек і цырка, Дзівакоў зрабіў гэткі “агляд жыцця і творчасці” ў стылістыцы самога Гогаля (калі б класік жыў цяпер). І нарэшце дасягнуў у гэтым спектаклі таго, чаго не хапала яго ранейшым працам. А менавіта — поўнай гармоніі зместу і формы: форма становіцца зместам, а змест выяўляецца праз найбольш прыдатную для яго форму. На гэта працуе ўсё — ажно да музычных цытат, геаграфічна звязаных з жыццём класіка.

Fatum-лёс становіцца гісторыка-філасофскай катэгорыяй. Гогаль-Дзівакоў — мастацка-эстэтычнай. Горад Гомель — найноўша-тэатральнай, бо мае ажно чатыры дзівакоўскія спектаклі: “Fable (басня)”, “Пліх і Плюх” у “ляльках”, Oedipus у Маладзёжным і “Гогаль. Fatum” — у драматычным.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"