Гара спраў у “Даліне”

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Журналіст і пісьменнік Андрусь Горват з’ехаў жыць на Палессе, адбудаваў там дзедаву хату, напісаў пра тое кнігу — і зрабіў свой Прудок самай папулярнай вёскай у Беларусі. Вясной у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пра яе паставілі яшчэ і спектакль. У мінулыя выхадныя яго ўпершыню паказалі спецыяльна для палешукоў. Прагляд арганізавалі ў Калінкавічах, але знаёмства гледачоў з гісторыяй пастаноўкі пачалі яшчэ ў Мазыры — у “Даліне анёлаў”, дзе ўпершыню на Палессі быў прэзентаваны ўласна зборнік “Радзіва “Прудок”. Выбар месца невыпадковы, бо кніга — вынік рэканструкцыі мінулага пісьменніка. “Даліна анёлаў” — таксама спроба ўзнавіць мінуўшчыну, толькі не для аднаго чалавека, а для цэлага горада. “К” пазнаёмілася з мазырскім прадпрымальнікам Аляксандрам БАРАНАВЫМ і даведался, навошта той выкупіў былы манастырскі комплекс і стварае на яго тэрыторыі арт-прастору.

/i/content/pi/cult/700/15354/10.jpgМенавіта ў Даліне паміж мазырскімі ярамі і пагоркамі на пачатку XVIII стагоддзя на грошы кашталяна Антонія Аскеркі ўзвялі мужчынскі манастыр цыстэрыянцаў. У канцы XIX стагоддзя ў ім размясцілі запалкавую фабрыку “Молнія”, затым ужо мэблевую, якую закрылі ў 2010 годзе. Акрамя заводскіх навадзелаў савецкіх часоў, тут захаваліся і аўтэнтычныя будынкі манастырскага комплексу — толькі падобны яны больш да руінаў, чым да помніка архітэктуры позняга барока.

“Унутраны голас прымусіў набыць”

У лістападзе мінулага года гаспадаром гэтай тэрыторыі стаў 42-гадовы мазыранін Аляксандр Баранаў.

— Тут увесь час было нейкае жыццё, але яно ніколі не асацыявалася ў мяне з фабрыкай — кажа новы ўладальнік. — Манастыр і вялікі адукацыйны цэнтр — галоўнае, што было на гэтым месцы. Фактычна тое самае хацелася б узнавіць тут цяпер. Я мазыранін, гэта мой горад. Так што мне гэта трэба. Унутраны голас прымусіў усё гэта набыць.

Разам з Аляксандрам ідзем глядзець, у якім стане зараз яго маёмасць. Вывеска “Арт-прастора “Даліна анёлаў” вісіць ля ўвахода на былую заводскую прахадную — пакуль што па-ранейшаму з круцёлкай і месцам для вахцёра. Апынаемся на гаспадарчым двары, адкуль лепш аглядаць увесь комплекс.

— Трэці паверх надбудаваны ў пачатку XX стагоддзя, але ўсё астатняе аўтэнтычнае, — тлумачыць Аляксандр. — Унутры Касцёл Святога Крыжа захаваўся цалкам, проста пад патрэбы вытворчасці перарабілі дах, таму з вуліцы яго не відаць.

Заходзім унутр. Злева па калідоры — былое памяшканне манастырскай сталовай.

/i/content/pi/cult/700/15354/11.jpg— Праз акно сюды падавалі ежу і забіралі брудны посуд, калі манахі закрываліся ад знешняга свету і ніхто не меў права з імі кантактаваць. Цыстэрыянцы — ордэн са строгім укладам жыцця: восемь гадзін сну, восем гадзін работы і восем гадзін малітвы.

На сцяне справа бачым план рэканструкцыі ўсяго комплексу. Кавярня, танцавальныя і канцэртныя залы, галерэя, майстэрня для мастакоў, крамы — стварэнне ўсяго гэтага пакуль яшчэ абмяркоўваецца, але добраўпарадкаваннем тэрыторыі ўжо займаецца вялікая каманда валанцёраў.

— Тут пачынаецца галерэя, якая ўяўляла вялікі квадрат, — працягвае экскурсію Аляксандр. — Унутры яго быў манастырскі сад з экзатычнымі раслінамі. Спадзяюся, мы знясём усё лішняе і адновім сад. Бо, натуральна, ён быў у адкрытай прасторы. Усе перакрыцці з’явіліся потым, калі рабілі дадатковы паверх, каб паставіць станкі.

За галерэяй — уваход у сам Касцёл Святога Крыжа.

— На першым паверсе было пяць келляў, дзе жылі манахі і кандыдаты ў манахі, на другім таксама, але там знаходзіліся яшчэ і вучэбныя класы, — распавядае гаспадар, пакуль адчыняе дзверы ў храм. — Гэта алтарная частка, дзе знаходзіўся самы вялікі іканастас з іконай Божай Маці. У цыстэрыянцаў не было прынята ўпрыгожваць храм, але наш, дзякуючы Аўгусту Другому Моцнаму, быў багата аздоблены. Ацаніце акустыку, якая захавалася, улічваючы дадатковыя перакрыцці. Пад вашымі нагамі замуравана двухпавярховая крыпта, дзе хавалі людзей шляхецкага паходжання.

Уваход з вуліцы ў касцёл таксама захаваўся. Разам з ім — нават некаторыя элементы дэкору.

— У ідэале хацелася б, каб у манастыр вярнуліся манахі, а астатняя прастора далей служыла гораду, — кажа Аляксандр Баранаў. — Плануем аддзяліць будынак касцёла і прысвоіць яму ахоўную катэгорыю.

“Многае мы можам выратаваць самі”

Былы манастырскі комплекс у амаль паўтара гектары мазыранін набыў з аўкцыёна за 13 базавых велічынь. Штогадовая арэндная плата за зямельны ўчастак складае пакуль 12 661 рубель.

— У мяне ёсць аграсядзіба ў Калінкавіцкім раёне, яна мяне корміць. Свае зберажэнні і даходы я цяпер выдаткоўваю сюды, — тлумачыць новы ўладальнік. — Хочацца, каб людзі заставаліся тут, а не з’язджалі адсюль. Таму мы ўжо падрыхтавалі першую частку рэканструкцыі ўсяго комплексу.

Пад “мы” маецца на ўвазе прадпрыемства, на якое аформлена маёмасць — Цэнтр арганізацыі і развіцця турызму “Ніжняя Прыпяць” — і каманда аднадумцаў, што сабраліся вакол “Даліны анёлаў”.

— Чалавек 20 з намі пастаянна, і ўвесь час хтосьці новы далучаецца, — кажа кіраўнік арт-прасторы. — Кожны робіць тое, да чаго ў яго душа ляжыць. Сярод валанцёраў ёсць і архітэктары. Нават не ўсе нашы памочнікі з Мазыра. Гэта проста нераўнадушныя людзі. Іх, на шчасце, хапае.

На тэрыторыі захавалася каля 13 розных будынкаў, амаль у кожнага з якіх за апошняе стагоддзе не раз мянялася прызначэнне. Першапачатковая мэта — ачысціць іх ад смецця і прывесці да ладу сцены і дах. За апошнія восем месяцаў у некалькіх памяшканнях ужо зрабілі невялікі рамонт, правялі туды святло і падключылі інтэрнэт. З’явілася прыбіральня, канцэртная зала. Неўзабаве адкрыецца і бібліятэка.

— Мэты па часе я сабе не стаўлю, бо ўсё мяняецца штодзень, — разважае ўладальнік. — Я думаю, калі не здарыцца нічога звышнатуральнага, то нам спатрэбіцца гадоў дзесяць, каб дарабіць тут усё. Але нічога страшнага ў гэтым няма. Я быў нядаўна ў адным польскім манастыры, які людзі фактычна ад падмурка сваімі рукамі адбудавалі. А ў нас яшчэ ўсё ў больш-менш захаваным стане.

Па папярэдніх разліках на добраўпарадкаванне тэрыторыі спатрэбіцца каля паўтара мільёна долараў.

— Гэта насамрэч не такая вяліка сума, — упэўнены Аляксандр. — У нас па ўсёй краіне ёсць падобныя аб’екты. Калі кожны жыхар не пашкадуе аднаго беларускага рубля і гэтыя грошы ўкладуць у нейкі гісторыка-культурны аб’ект на тэрыторыі сваёй акругі, то будзе росквіт! Нельга спадзявацца ўвесь час на кагосьці. Многае мы можам выратаваць і самі. Інакш потым нічога ўжо не вернеш.

“Людзям не хапае ўражанняў”

Першай падзеяй, якую арганізавалі ў арт-прасторы, стала прэзентацыя кнігі Андруся Горвата “Радзіва “Прудок”.

— Гэта прыцягнула да нас увагу, шмат гараджан ахвяравала грошы на добраўпарадкаванне “Даліны анёлаў”, — расказвае арт-дырэктар пляцоўкі Ганна Палей. — Цяпер у нас праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Вясну мы пачалі з выставы работ творчай майстэрні “Кола”, арганізавалі экскурсію, бо нават мясцовыя жыхары не ўсе ведаюць, што раней тут быў манастыр.

Зараз каманда праекта праводзіць апытанне сярод мазыран, каб даведацца, як яны ставяцца да новай прасторы ў горадзе, увогуле ці ведаюць пра яе.

— Пакуль што ў нас на руках 30 апрацаваных анкет самых розных людзей, але нават па гэтай, здавалася б, невялікай колькасці меркаванняў бачна, як да нас ставяцца, — кажа Ганна. — Вынікі паказваюць, што “Даліна анёлаў” — важны праект. Амаль усе пішуць пра тое, што яна можа вывесці культурнае жыццё Мазыра на новы ўзровень. Апытанкі запоўнены вельмі старанна. Людзі лічаць, што ў горадзе не хапае месцаў для творчага дасугу.

Сама дзяўчына — музыкант, пераехала жыць у Мазыр восем гадоў таму з Брэстчыны.

— Падаецца, што гэта горад з багатым турыстычным патэнцыялам і тут шмат што мусіць быць, але пайсці асабліва няма куды, — лічыць яна. — А мне хацелася б, каб тут развіваўся музычны і мастацкі рух, каб ра-
зам з дачкой я магла пайсці не толькі ў гульнявы пакой. Мы робім нашу прастору не для сябе, а для ўсіх мазыран. Бачым, што гэта важна для людзей, ім не хапае ўражанняў, жывога творчага асяроддзя.

Кожную пятніцу ў арт-прасторы збіраюцца мастакі, якія праводзяць заняткі па скетчынгу. Мясцовыя і прыезджыя калектывы ладзяць канцэрты. Па словах Аляксандра Баранава, ён таксама адчувае, што ад гэтага культурнае жыццё ў Мазыры паступова мяняецца:

— У нас ніколі вулічных музыкантаў не было, а тут раптам з’явіліся — саксафон, гітара, бубен. Цікавыя хлопцы па вечарах выязджаюць на машыне, ставяць калонкі і чытаюць рэп. Магчыма, асаблівай мастацкай каштоўнасці ў гэтым няма, але ў статысячным гарадку ўжо даўно мусіла быць штосьці такое. Па суботах на Замкавай гары цяпер праводзяцца бясплатныя канцэрты. Над якасцю яшчэ трэба працаваць, але гэта іншае пытанне. Галоўнае, што змены адбываюцца. І я бачу ў гэтым сувязь з тым, што ёсць ў “Даліне анёлаў”.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"