Не вядзі свой плуг па костках

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Ёсць такая народная прыпавесць, якая трапіла ў падручнікі па эканоміцы. Пра селяніна, які забіў уласную курыцу, што несла залатыя яйкі. Забіў у парыве раздражнення — курыца несла залатыя яйкі рэгулярна, але па адным у дзень, а гаспадару хацелася хуткага вялікага прыбытку. Любы дасведчаны эканаміст скажа вам, што курыца, якая нясе залатыя яйкі — гэта наш капітал, а залатыя яйкі — гэта прыбытак, які ён можа прынесці пры правільным інвеставанні.

Ёсць такая народная прыпавесць, якая трапіла ў падручнікі па эканоміцы. Пра селяніна, які забіў уласную курыцу, што несла залатыя яйкі. Забіў у парыве раздражнення — курыца несла залатыя яйкі рэгулярна, але па адным у дзень, а гаспадару хацелася хуткага вялікага прыбытку. Любы дасведчаны эканаміст скажа вам, што курыца, якая нясе залатыя яйкі — гэта наш капітал, а залатыя яйкі — гэта прыбытак, які ён можа прынесці пры правільным інвеставанні.

Успомнілася мне гэтая прыпавесць, калі я слухала тых, хто сёння абараняе знос помнікаў і агароджаў на Вайсковых могілках.

Вось адзін чыноўнік, ад Спецкамбіната, кажа: сённяшняе “добраўпарадкаванне” прывядзе да таго, што будзе чыста і прыгожа, “як на амерыканскіх могілках”. Слухаеш і разумееш, што не быў гэты чалавек ні на бруклінскім Грын-Вудзе, ні на парыжскім Пер-Лашэз, ні на лонданскіх Хайгейцкіх могілках, ні нават на старых цвінтарах Масквы, Пецярбурга і Львова. Месцах, куды водзяць экскурсіі для замежных турыстаў. Дарэчы, і на экскурсіях, якія ладзяць па мінскіх Вайсковых могілках, ён, мяркуючы па ўсім, таксама не быў! Іначай разумеў бы, што за каштоўнасць мае гэтае месца і чаму менавіта сюды прыязджаюць турысты.

Прыязджаюць замежнікі не па чысціню і парадак, а па сапраўдную жывую гісторыю і атмасферу — якая на могілках ужо часткова згінула дзякуючы таму, што гістарычныя артэфакты замененыя сучаснымі безаблічнымі падгалоўнікамі! Дарэчы, літаральна нядаўна на свае вочы бачыла двух італьянцаў, якія гулялі па яшчэ не “добраўпарадкаванай”, аўтэнтычнай частцы кладоў. А вось якраз каля гэтых самых падгалоўнікаў, зробленых пад капірку, турыста наўрад ці ўбачыш! Але ж нашто нам турысты, праўда?

Другая чыноўніца, ад архітэктуры, лічыць, што могілкам трэба “дарожная сетка, малыя архітэктурныя формы і лавачкі”, каб “знешняе ўспрыняцце было годным”. Слухайце, ну гэта ж нонсэнс — зносіць сапраўдныя помнікі часу і пры гэтым траціць дзяржаўныя грошы на “твор”, які не будзе мець ніякай культурнай і гістарычнай каштоўнасці! Хто прыедзе глядзець на тыя навюткія архітэктурныя формы, якія б прыгожыя яны ні былі?

Трэці чыноўнік, з гарадской мэрыі, на поўным сур’ёзе сцвярджае, што каштоўнасць маюць адно “магілы Янкі Купалы, Якуба Коласа і яго жонкі Марыі Міцкевіч”. То бок, чыноўнік відавочна не ведае, што на Вайсковых кладах спачывае маці Янкі Купалы — Бянігна Іванаўна Луцэвіч, пісьменнік Кузьма Чорны, паэт Паўлюк Трус, драматург і тэатральны рэжысёр Еўсцігней Міровіч, кампазітар Нестар Сакалоўскі — аўтар музыкі Дзяржаўнага гімна БССР “Мы, беларусы", а таксама аўтар яго тэксту Міхась Клімковіч, агароджу вакол магілы якога, дарэчы, валанцёры пазначылі белай стужкай. Калі хто не ў курсе, такімі стужкамі пазначаюць агароджы магіл вядомых асобаў, каб “добраўпарадкавальнікі” іх выпадкам не знеслі. Бо самі гэтыя людзі, як выглядае, і блізка не ведаюць пра нацыянальную духоўную спадчыну.

Між тым, на Вайсковых могілках знайшлі спачын не толькі вайскоўцы (як шмат хто думае), але і пісьменнікі, артысты, навукоўцы. Нацыянальная эліта Беларусі! Людзі, імёнамі якіх названыя вуліцы Мінска і іншых гарадоў. А яшчэ, калі хто забыў, на Вайсковых могілках налічвалася 547 пахаванняў удзельнікаў Мінскага падполля, партызан і савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні горада ад нямяцка-фашысцкіх захопнікаў. Нашто траціць столькі грошай на новыя помнікі, калі мы і старыя, сапраўдныя не можам захаваць? Каму патрэбнае гэтае марнатраўства?

Па-свойму можна зразумець тых, хто хоча могілкі “як на Захадзе”. Толькі не трэба падмяняць рэчаіснасць сваімі местачковымі ўяўленням пра яе. Бо, насамрэч, і ў Амерыцы, і ў Еўропе (калі ўжо мы на іх раптам сталі раўняцца), хапае месца старым помнікам на пагостах. І, між іншым, стаяць там стогадовыя помнікі не толькі выбітным дзеячам культуры, але і жывёлам, і птушкам: коцікам, сабачкам, папугайчыкам.

Бо памяць — гэта не пра чыста, роўна, гладка. Памяць — гэта пра павагу і любоў.

Ганна КІСЛІЦЫНА, доктар філалагічных навук