Хараство з акна пакоя

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

Да 85-годдзя беларускага скульптара і мастака Валянціны Міхеевай
Можа падасца, нібы пра чалавека мастацтва — асабліва прызнанага і рэалізаванага — мы ведаем амаль кожную драбніцу. Але гэта — толькі на наш павярхоўны погляд. Хутчэй за ўсё, у душы творцы ёсць тое, што ўтоена ад знешняга свету: усхваляваны пошук, пачуццё недагаворнасці і недастатковасці створанага. Беларускі і савецкі скульптар Валянціна Міхеева (1933 — 2016) ці не ўсё жыццё імкнулася да прызнання іншага свайго таленту — жывапіснага. Разважанні аб творчым дары i аб супярэчлівай прыродзе мастацтва падштурхнулі мяне з нагоды юбілею Валянціны Мікалаеўны звярнуць увагу і на гэтую іпастась творчай асобы.

/i/content/pi/cult/699/15344/22.JPGАд Скарыны да Харужай

Валянціна Міхеева нарадзілася 12 красавіка ў горадзе Благавешчанску — ва ўскраінным далёкаўсходнім кутку цяперашняй Расіі. Адразу пасля вайны сям’я ўслед за бацькам, інжынерам-пуцейцам Мікалаем Дзям’янавічам, перабралася ў падмаскоўны гарадок Пушкіна, а затым і ў сталіцу СССР. Маці Валянціны, Ганна Міхайлаўна Кірылава, працавала мастаком-афармляльнікам у Вялікім тэатры. І не дзіва, што дачка таксама абрала творчую прафесію.

У 1948 годзе Валянціна паступіла на спецыяльнасць “Архітэктурна-дэкаратыўная скульптура” ў Маскоўскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча — знакамітую Строганаўку. Паспяхова скончыла навучанне і атрымала кваліфікацыю мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У 1956 годзе на адпачынку ў прыбалтыйскім Дзінтары дзяўчына знаёміцца са сваім будучым мужам — мінчуком Генадзем Шлясам, які тады пачынаў кар’еру цяжкаатлета. І, не доўга думаючы ды не зважаючы на пратэст бацькоў, з’язджае да яго ў Мінск.

У беларускай сталіцы яна асвоілася хутка і ўжо праз год стала ўдзельніцай калектыўных мастацкіх выстаў, выступаючы на іх у ролі скульптара. Неўзабаве набывала вядомасць як выбітны аўтар пластычнага партрэта. Іх правобразамі станавіліся самыя розныя постаці — як выбітныя дзеячы беларускай культуры (Францыск Скарына, Якуб Колас, Янка Купала), так і героі савецкага часу — напрыклад, Вера Харужая і Алена Мазанік. Крытыкі таксама высока ацанілі і сюжэтныя кампазіцыі скульптара — “Юнацтва”, “Дружба народаў”, “А. Макаранка з дзецьмі”, “ Салдаты свету”.

У пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь можна ўбачыць выкананы ў мармуры партрэт з сімвалічнай назвай “Мінчанін” (1960). На ім выяўлены муж Валянціны Міхеевай, якому было наканавана стаць чэмпіёнам БССР па цяжкай атлетыцы. Партрэт стаў для мастачкі этапнай, знакавай працай, і менавіта яна прадстаўляе яе творчасць у многіх даведніках і энцыклапедыях па беларускім мастацтве.

/i/content/pi/cult/699/15344/23.JPGНібы ў старым люстэрку

Любімыя дзеці таксама станавіліся мадэлямі і прататыпамі многіх сюжэтных скульптурных кампазіцый, стылістычна заснаваных на традыцыях савецкага манументалізму, але, разам з тым, напоўненых эмацыйна цёплай, даверлівай інтанацыяй. У тэхніках жывапісу, графікі, вясёлкавай акварэлі — такіх асабістых для Валянціны — прыкметнае месца таксама займаюць партрэты дачок Яўгеніі, Таццяны і сына Льва. А яшчэ сярод навыкаў мастачкі — нямала аўтапартрэтаў.

Фрыда Кало казала: “Я пішу аўтапартрэты, таму што так часта бываю ў адзіноце, таму што я — гэта чалавек, якога я ведаю лепш за ўсё”. Валянціна Міхеева пісала аўтапартрэты на працягу ўсяго свайго жыцця — розныя па настроі, тэхніцы, каларыстычным рашэнні. Асабліва вылучаецца сярод іх напісаны на кардоне мініяцюрны аўтапартрэт аголенай з густымі распушчанымі каштанавымі валасамі, успрымаецца як містычнае адлюстраванне ў старым цьмяным люстэрку.

Пейзажы “вялікага свету”

У той самы час, яшчэ са студэнцкіх гадоў Валянціна захоплена пісала пейзажы — пакуль стрыманыя, у строгіх танах і каляровай гаме, традыцыйныя па мастацкай форме, як і належыць руплівай, стараннай вучаніцы. Да жанру краявіда, у тым ліку ўрбаністычнага, яна будзе звяртацца на працягу ўсяго свайго доўгага мастацкага жыцця. Дасягнуўшы творчай сталасці, Міхеева адлюстроўвала Мінск 1960-х гадоў — тыя яго раёны, якія тады яшчэ захоўвалі першародным архітэктурны ландшафт, пазбаўлены сучаснай стылістычнай эклектыкі.

Яе прамысловыя пейзажы, у якіх Міхеева выяўляе здольнасць адметна і па ўсіх мастацкіх законах адлюстраваць нават непрывабную на першы погляд будоўлю, у XXI стагоддзі будуць масава скупляць калекцыянеры жывапісу, у асноўным, для далейшага перапродажу работ у Заходняй Еўропе і ЗША, дзе сёння не згасае цікавасць да soviet art.

Увесну 1989 года па сямейных абставінах Валянціна з сынам Лёвушкам пераехала ў Заслаўе. У старадаўнім гарадку распачаўся новы перыяд яе жыцця — а таксама і творчасці. Пейзажы становяцца незвычайна яркімі, прасякнутымі спрадвечнасцю колеру. Часам яны інсітныя, часам напісаныя а-ля-прыма — але заўсёды пазбаўленыя традыцыйных стылістычных рамак.

За гады жыцця ў Заслаўі яна напісала мноства пейзажаў — заўсёды жыццесцвярджальных. Яны былі для Валянціны Мікалаеўны і самавыяўленнем, і ўнутраным жыццём душы, і своеасаблівай сувяззю з “вялікім светам”. Не менш стракатымі і нечаканымі выглядаюць і яе нацюрморты гэтага перыяду, дзе аўтар нібы канструюе свой непаўторны, часам зразумелы толькі ёй самой матэрыяльны свет.

Апошнія гады мастачкі былі абцяжараныя цяжкай хваробай. Але пра гэта ў яе творчасці сведчыць нямногае. Хіба тое, што кранальныя краявіды, натхнёныя стрыманым хараством беларускай прыроды, яна пісала з той натуры, якую магла сузіраць з акна свайго пакоя.

Памяць

У юбілейны год Валянціны Міхеевай у Заслаўскай дзіцячай бібліятэцы адкрыецца пастаянная персанальная экспазіцыя яе скульптурных і жывапісных работ. Спадзяемся з часам убачыць выставу мастачкі і ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе”. Думаецца, у найноўшай гісторыі ніхто з прызнаных творцаў не захаваў на сваіх палотнах непаўторную фактуру і настрой гэтага ціхага і ўтульнага гарадка так, як гэта змагла зрабіць Валянціна Міхеева.

Сёння многія з твораў Валянціны Міхеевай знаходзяць сваё месца ў прыватных калекцыях як у Беларусі, так і за мяжой. Яе сын, літаратар Леў Міхееў, шчыра рады прызнанню сваёй таленавітай маці. Але ўсё ж ён рупіцца аб захаванні яе твораў на радзіме. І таму ў самай звычайнай аднапакаёўцы, на праспекце Ракасоўскага (калісьці яны з мамай жылі менавіта там), Леў стварыў цудоўны імправізаваны музей Валянціны Міхеевай. Шчыра радуе, што памяць пра гэтага непаўторнага ў сваёй самабытнасці мастака жыве і будзе жыць.

Дзмітрый ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНСКІ, магістр мастацтвазнаўства