Кардыяграма дзіцячай душы

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

Арт-студыя WOSTRAU Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску добра вядомая не аднаму пакаленню гараджан. На першыя творчыя заняткі яна запрасіла дзяцей у 1993 годзе, прыняўшы адукацыйную эстафету ад выяўленчай студыі Мінскага палаца піянераў і школьнікаў, заснаванай яшчэ ў канцы 1930-х гадоў легендарным Сяргеем Катковым. Адпаведна, сёлета “Востраву” — 25 гадоў. На думку яго стваральніка, мастацтвазнаўцы Юрыя ІВАНОВА, слова “юбілей” цяжка выкарыстоўваць у дачыненні да дзіцячай творчасці. Затое, гэта выдатная нагода пагаварыць пра ролю малявання ў жыцці дзяцей і дарослых.

/i/content/pi/cult/699/15336/12.jpg— Якім сёння, праз 25 гадоў, узгадваецца той час, калі адкрылася студыя?

— У сярэдзіне 1990-х адбываліся пэўныя змены ў культурным жыцці, а вось у сферы мастацкага выхавання па-ранейшаму панавалі законы эстэтыкі сацрэалізму. Бясконцыя шматслоўныя развагі пра ролю дзіцячай творчасці ў фарміраванні асобы заўсёды зводзіліся да засваення канонаў акадэмічнага мастацтва ці народных традыцый. Пры гэтым, абаронцы традыцыйнай культуры, якія цалкам справядліва адстойвалі спецыфіку яе мастацкай мовы, чамусьці адмаўлялі ў праве на сваю спецыфіку дзіцячаму мастацтву, не дапускалі, што яно можа існаваць па-за кантэкстам мастацтва дарослага.

— Хочацца адразу перайсці да галоўнага пытання. На вашу думку, якую ролю адыгрывае творчая дзейнасць у працэсе фарміравання і развіцця дзіцяці?

— Дзеці малявалі ва ўсе часы. Сляды дзіцячай творчасці захоўваюць і гліна, і бяроста, і папера. Тым не менш, заўсёды такія малюнкі ўспрымаліся дарослымі хіба няўмелымі спробамі адлюстраваць свет ці рэальныя падзеі. Таму мастацкае навучанне дзяцей доўгі час не адрознівалася ад навучання дарослых, ім давалі маляваць гіпсавыя злепкі ці геаметрычныя канструкцыі. І толькі авангардысты пачатку ХХ стагоддзя, якія катэгарычна адрыньвалі звыклыя ўяўленні пра перайманне прыроды, паспрыялі таму, каб адносіны грамадства да свету дзіцяці змяніліся. Ён стаў прадметам даследавання псіхалогіі, этнаграфіі, мастацтвазнаўства і педагогікі.

У звязку з гэтым цікавыя высновы вядомага псіхолага Васіля Зянькоўскага, які адзначаў, што эстэтычная дзейнасць — аснова жыцця маленькага чалавека. Захапленне і зачараванне дзіцяці навакольным асяроддзем не мае межаў. Такая гульня — гэта прыродны механізм пазнання свету. Як падарожнік рухаецца ў невядомым лесе і робіць засечкі для запамінання маршруту, так і дзіця з дапамогай творчасці даследуе і вывучае свет, і яму не патрэбна спецыяльнае навучанне. Яго ўсхваляваныя выказванні не выглядаюць як сюжэты ці апавяданні, яны маюць форму вобразнага абагульнення, пэўнага знака, сімвала. Інтэлектуальная недасканаласць малечы сцеражэ яго ад унутранага разладу і надае цэльнасць, а эмацыйнасць і спантаннасць штурхаюць да нечаканых адкрыццяў. Свабоднае маляванне — нібы кардыяграма душы дзіцяці, якая перадае гукі, пахі, успаміны.

/i/content/pi/cult/699/15336/13.jpg— Ці можна ўявіць сабе, як гэта адбываецца?

— Як мяркуюць даследчыкі, калі дзіця ўпершыню бярэ ў рукі аловак, для яго гэта такая функцыянальная маторная гульня, падчас якой ён у захапленні пакідае на паперы некалькі энергічных, знешне хаатычных штрыхоў. Пазней яны ўсё шчыльней і дакладней будуць запаўняць аркуш паперы. Паступова ў выніку складанага ўзаемадзеяння прыродных і фізіялагічных рытмаў дзіцяці з такога графічнага хаосу пачынаюць вылучацца простыя геаметрычныя фігуры — як сімвалы навакольнага асяроддзя. Менавіта тут і запускаецца механізм “калектыўнага несвядомага”, ён выштурхне на паперу далёкі гістарычны досвед ці то падарожніка-першапраходца, ці то мараплаўцы, ці то архітэктара-будаўніка. Вось так, блукаючы ў алоўкавых лабірынтах і разважаючы на перакрыжаваннях ліній, дзіця стварае свой уласны свет з першавобразаў-архетыпаў — нібы з кубікаў канструктара. Недзе да шасці гадоў мы ўсе былі самадастатковыя, а знешнія ўплывы прайгравалі захапленню гульнёй. Малеча мочыць палец у фарбу і пачынае маляваць. І мы адразу бачым яго характар, энергетыку. Па сутнасці, тэмай малюнку з’яўляецца сам працэс, стваральнае дзеянне акрыляе аўтара.

— Раскажыце пра прынцыпы вашай дзейнасці. Якой вам уяўляецца роля педагога?

— Галоўны прынцып просты: мы даем дзіцяці безагаворачную свабоду ў тым, што маляваць і як. Яму не трэба стаяць у чарзе, каб атрымаць права і магчымасць гаварыць з дарослымі на роўных. Ён не павінен апранаць адзенне на выраст. Ён заўсёды тут і цяпер! Мы, педагогі, ніколі не выпраўляем яго малюнак, не навязваем тэхнічных прыёмаў, бо ведаем, што ён гэтым валодае. Патрэбны толькі час — і ён здзівіць нас сваімі ідэямі, спалучэннямі колераў, выяўленчай манерай, якую за яго не прыдумае ніводны настаўнік.

Такі працэс можна назваць селекцыяй. І ў ім выкладчык-мастак выступае хутчэй у ролі рэжысёра, псіхолага, які выпрацоўвае тактыку развіцця кожнага вучня з улікам яго ўзросту і індывідуальнасці. Сёння адукацыйнае поле стала больш складаным, і само слова “педагог” атрымала шмат розных сэнсаў. Але галоўнае ў гэтай сітуацыі тое, што настаўнік таксама шукае адказы на свае пытанні, ён не перакладвае ўласны жыццёвы і прафесійны досвед на плечы вучняў, а выкарыстоўвае яго для таго, каб дапамагчы ім рэалізавацца.

Вядома, нешта павінна аб’ядноўваць вучня і настаўніка, і гэта — культурны кантэкст, зразумелы абодвум. Мы арыентуемся ў гістарычнай прасторы з дапамогай вобразаў і сімвалаў, якімі ўзбройвае нас мастацкая культура. Раней на заняткі ў студыю прыходзілі дзеці, якія ў школе даведваліся пра антычную міфалогію, ім былі знаёмы імёны мастакоў, кампазітараў, і гэта таксама станавілася тэмай іх разважанняў і зместам творчых работ. Аднак сямігадовая адсутнасць у школе сусветнай мастацкай культуры не магла не паўплываць на развіццё дзіцяці. І не толькі ў творчай сферы.

— Добра, што гэты прадмет нарэшце вярнуўся ў праграму…

— Галоўнае, каб вяртанне не было фармальным, і мы ўбачылі прыкметныя вынікі. Час не стаіць на месцы! Вяртацца трэба на іншым узроўні. Сёння стаўку належыць рабіць не столькі на інфармацыю пра мастацтва, колькі на ўцягванне вучняў у творчую дзейнасць. Магчыма, гэта блізка да таго, чым займалася праектная педагогіка 1920-х гадоў пад кіраўніцтвам аднаго з чатырох лепшых настаўнікаў свету Антона Макаранкі. Тым больш, матэрыяльнае забеспячэнне сёння не праблема. Смартфон у руках дзіцяці — гэта ўнікальная творчая лабараторыя! З яго дапамогай можна здымаць кіно, рабіць мастацкія і дакументальныя фота, ствараць цэлыя соцыякультурныя праекты — напрыклад, пра свой горад, экалогію, гісторыю сваёй сям’і.

— Але ўсе дзеці адораныя па-рознаму.

— Па-шчырасці, тэма адоранасці і таленту намі ўвогуле не абмяркоўваецца. Усе дзеці любяць маляваць, і кожнаму вельмі важна прайсці гэты шлях! Так, сапраўды, не ўсе яны робяць гэта аднолькава — што залежыць у многім і ад прыродных здольнасцяў. Але такі падарунак прыроды трэба пацвярджаць, адстойваць, а многія неабходныя якасці прыходзяць з часам. Таму вельмі важным з’яўляецца асяроддзе — прастора, у якой фарміруецца дзіця. У тым ліку, школьная адукацыя. І, безумоўна, сям’я, яе культурны капітал, які шмат у чым вызначае развіццё дзіцяці, нават часам насуперак знешнім абставінам. Добра, калі з малымі абмяркоўваюць падзеі, дапамагаюць убачыць, што свет вялікі, цікавы і супярэчлівы. Важна вучыць дзяцей адрозніваць дабро і зло, прывучаць да дыялогу і крытычнага мыслення, выхоўваць пачуццё гумару. Уменне разумець і адчуваць таго, хто побач, — гэта вялікі дар. Мы казалі пра адоранасць, але здараецца так, што дзіця можа быць у нечым, наадварот, абдзелены прыродай. Такіх называюць “з абмежаванымі магчымасцямі”, часам ім прыгатаваны лёс ізгояў. І менавіта заняткі мастацтвам даюць ім магчымасць адчуць сваю сапраўдную прысутнасць у свеце і зразумець, што яны патрэбны іншым.

— Усе выставачныя праекты “Вострава” звернуты да гуманітарных праблем. Адпаведна, роля студыі значна шырэйшая за навучанне маляванню?

— Так. Прыкладам, праект 1999 года “Каўчэг — 21 стагоддзе. Другая спроба” рыхтаваўся на парозе новага тысячагоддзя. Здавалася, што яно павінна цудоўным чынам пераўтварыць наша жыццё, наш свет, які па-ранейшаму недасканалы. А чалавек усё гэтак жа няздольны асэнсаваць ні сябе, ні час, у якім жыве.

Дарослыя прыводзяць дзяцей у няўтульны трывожны свет, дзе часам пераважаюць сумнеўныя жыццёвыя каштоўнасці, якія знішчаюць прыроду, самаго чалавека і цывілізацыю ў цэлым. І чуллівае сэрца малога падказвае яму, што так жыць няправільна, сорамна. Але ў дзяцей няма жыццёвага вопыту, каб прапанаваць нейкае выйсце. І таму ўзнікае такая наіўная форма пратэсту: дзеці будуюць Каўчэг — як сімвал выратавання і перамен — ды сыходзяць, пакідаючы бацькам ліст-пасланне. У гэтым праекце мы выкарысталі інсталяцыю, відэа-арт, перформанс.

— Ці можна казаць, што ён актуальны і сёння?

— Канешне, нашы дзеці ўсё ж такі збеглі ад нас — і не ў далёкія касмічныя сусветы, а ў віртуальную прастору Інтэрнэту. Сёння людзей розных пакаленняў часам раздзяляюць зусім не кіламетры, а міліметры непаразумення.

— Падводзячы вынікі 25-годдзя студыі WOSTRAU, чым вы ганарыцеся, што наперадзе?

— Немагчыма пералічыць поспехі нашых выхаванцаў за гэты час. Але можна ўзгадаць, напрыклад, як у 2008-м і 2009-м яны сталі пераможцамі прэстыжнага конкурсу, які двойчы на постсавецкай прасторы ладзіла сусветна вядомая галерэя сучаснага мастацтва Тэйт Мадэрн (Лондан).

Слова “юбілей” рэжа слых, яно не ўласціва дзіцячаму светаадчуванню. І, тым не менш, прымушае нас асэнсоўваць наш шлях. Сёння ў студыі працуюць педагогі розных пакаленняў — гэта Ірына Сарнацкая, Паліна Юрэвіч, Аляксей Іваноў. Мы аднадумцы, але ў кожнага свае погляды на праблемы выхавання. Мы імкнемся зразумець час і дзіця, каб зрабіць працэс навучання больш цікавым і плённым. Плануем зрабіць каталог і кнігу пра студыю. А яшчэ — марым аб стварэнні Музея дзіцячага мастацтва.