“Абарона — гэта перш за ўсё свята”

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

Фармальна абарона дыпломных работ — падзея лакальная, узроўню толькі пэўнай навучальнай установы. Але абсалютна зразумела, што менавіта гэты экзамен выяўляе канкурэнтназдольнасць выпускнікоў, патэнцыял ВНУ і важкасць яе слова ў развіцці ўсёй галіны. Таму афіша з раскладам абаронаў дыпломных работ на мастацкім факультэце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў была размешчаная пры ўваходзе ў яе ўнутраны дворык, дзе яе маглі пабачыць усе мінакі — і, калі ў іх узнікла цікаўнасць, зазірнуць. Па традыцыі, такія творчыя экзамены ператварыліся ў мастацкія выставы.

/i/content/pi/cult/699/15335/10.jpgНе толькі “для сваіх”

Сёлета на іх гучалі пераважна пахвальныя словы і падзякі. Зрэшты, дыскусіі таксама мелі месца. Выпускнікі яшчэ не ўмеюць трымаць слоўную абарону, а вось мастакі ахвотна ўступалі ў размову. А пачуць словы прызнання ад сапраўдных майстроў — вялікі гонар для моладзі. Таму і не дзіва, што эмоцый у выпускнікоў было аж звыш меры.

Старшыня сёлетняй дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі мастацкага факультэта БДАМ, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Васіль Сумараў падкрэсліў, што стаўленне да выпускнікоў — самае добразычлівае:

— Што такое выпуск, абарона? Перш за ўсё, гэта свята! І таго, хто абараняецца, і наша агульнае, паколькі новае пакаленне працягне далей традыцыі беларускага мастацтва. Для мяне яны не столькі студэнты, колькі дзеці. А ставіцца да дзяцей трэба асцярожна і далікатна. На працягу вучэбнага працэсу даводзіцца быць і жорсткім, і патрабавальным, каб мець вынік. Але на абароне — самым родным чалавекам. І я, як старшыня камісіі, знаходзіў для кожнага добрае слоўца. А выпуск, на маю думку, бліскучы! З вялікай цікавасцю за ім сачыў. Сёлета выразна праглядаецца імкненне выпускнікоў мастацкага факультэта да гармоніі, дыялогу са светам, звароту да гістарычных і сямейных каштоўнасцей.

Чатыры сёлетнія дыпломы ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва разлічаны менавіта для сцен роднай alma mater.Пасля рамонту ў акадэміі праводзіцца мэтанакіраваная палітыка напаўнення прасторы калідораў і сцен творамі мастацтва. І вось, з нядаўняга часу мазаіка “Структура” аздабляе канферэнц-залу першага корпуса БДАМ. Спецыяльна для інтэрната створаны “Лабірынт”. Яшчэ адна дыпломная работа ўпрыгожвае дзверы цэнтральнага ўваходу ў галоўны корпус. Гэта вітраж “Паладзіа”, у тэхніцы “тыфані” з элементамі фьюзінгу.

На другім паверсе першага корпуса БДАМ размешчаная модульная мазаіка “Рух часу”. Ён адлюстраваны ў незлічоных адценнях і формах натуральных камянёў, упісаных у рамбічную структуру.

Астатнія дзве дыпломныя работы манументалістаў скіраваныя, так бы мовіць, на экспарт. Дэкаратыўнае пано “Палёт” прызначана для Музея авіяцыйнай тэхнікі аэраклуба “Баравая”, ляўкаснае пано “Інфармацыйнае поле” — для офіснага будынка IT-кампаніі.

Скульптурныя кампазіцыі выпускнікоў зазвычай узбагачаюць асяроддзе ўнутранага дворыка. Сёлета з пяці дыпломных работ дзве створаны для інтэр’ера і адпаведна тры — для экстэр’ера. Дзве з іх ужо дакладна зоймуць месца ў дворыку.

Новыя тэмы і эфект дэжавю

/i/content/pi/cult/699/15335/11.jpgЧым прыцягваюць увагу абароны дыпломных работ? Не выклікае сумненняў, што маладыя людзі, якія ў сваёй большасці прайшлі па ўсіх прыступках лесвіцы, якая вядзе да вышэйшай мастацкай адукацыі — а гэта і творчыя студыі або гурткі, і мастацкія каледжы ды ліцэі, — а пасля яшчэ пяць гадоў старанна авалодвалі тэхнікай у акадэміі, прадэманструюць свой прафесіяналізм. Але мяркую, што большасці гледачоў, якія прыходзяць на абарону дыпломаў, у першую чаргу цікава не гэта — або, прынамсі, цікава не ў такой ступені, як тыя вобразы, што ствараюць маладыя мастакі. Менавіта яны, як лакатары, ловяць імпульсы сучаснага жыцця, каб потым на прафесійнай мове выкрышталізаваць для нас яго аблічча.

Загадчык кафедры скульптуры БДАМ, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар і член Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі Уладзімір Слабодчыкаў гэтым выпускам цалкам задаволены:

— Цяпер усе дыпломныя работы робяцца ў матэрыялах. І сярод іх не было прамежкавых, няскончаных. Па сутнасці, мы атрымалі гатовыя мастацкія творы. Канешне, студэнтаў цікавяць сучасныя тэмы, і ў скульптуры гэта адлюстравана нават болей, чым у жывапісе. Мы ставілі задачу не толькі засвойваць акадэмічныя прыёмы, але і ўжываць сучасныя кампазіцыйныя рашэнні. Маладая мастакі адлюстроўваюць сваё бачанне, ужываюць зварны метал, пластычныя масы. Асабліва гэта тычыцца работ не фігуратыўных, а ўмоўна-фармальных.

На думку Уладзімра Слабодчыкава, жывапісцы пры абранні тэмы дыпломаў сёлета былі куды больш традыцыйнымі за скульптараў. Дый самі назвы гавораць за сябе: “У восеньскай цішы”, “Аўтапартрэт”, “Сёстры”, “Мая сям’я”, “Паміж наступным і былым. А.Куляшоў”, “Дрэва жаданняў”…

Дарэчы дыпломная работа пад назвай “Рух часу” ёсць і ў намінацыі жывапісу. Студэнты з мастацкімі планшэтамі ў вагоне метро міжволі нагадваюць “Вузаўцаў” Валянціна Волкава і работы іншых савецкіх мастакоў, якія імкнуліся адлюстраваць вобраз юнага творцы свайго часу. Такія фігуратыўныя карціны і партрэты сёння рэдкія на выставах, а тэмы цяжка назваць запатрабаванымі.

Манументальная графіка

Чаго не скажаш пра дыпломныя работы выпускнікоў графічнага аддзялення. Мастак Андрэй Басалыга, узгадаўшы выставу графікі ў Палацы мастацтва, нават пашкадаваў, што тая адкрылася раней за абарону. Высокі прафесіяналізм прадэманстравалі ўсе дыпломніцы, якія дасканала авалодалі складанымі і фізічна цяжкімі тэхнікамі афорта, лінарыта, гравюры на кардоне. Градацыі чорнага, рытм, ідэальныя суадносіны колераў у серыі афортаў “Характары”. Адметная вобразнасць у афортах “Дрэвы і вежы”. Шматзначнасць элементаў дрэў са сваёй унікальнай пластыкай у лінарытах “Знакі вечнасці”, якія можна абвінаваціць хіба што… ў бездакорнасці выканання.

Сёлета графіка нават набыла характар манументальнага твора. Гэта серыя гравюр на кардоне “Непадуладныя і дасканалыя”, прысвечаная мухам і іх крылам. Мастачка адлюстравала вялікае ў малым — і наадварот. Без перабольшвання можна сказаць, што атрымалася работа высокага еўрапейскага ўзроўню.

Дызайнеры на ўсе рукі

Дыскусіі і спрэчкі пры абароне дыпломных работ таксама мелі месца. Напрыклад, па спецыяльнасці “Дызайн (камунікатыўны)”. І справакавалі іх менавіта зацікаўленыя прысутныя. Што вельмі дарэчы, бо прадукт арыентаваны на самага шырокага спажыўца.

Для сваіх дыпломных тэлепраектаў студэнты абіралі маляваную анімацыю, кліпавую нарэзку, сучасную іканаграфію з элементамі дзіцячага малюнка, здымалі відэа, апрацоўваючы яго з дапамогай камп’ютарнай анімацыі. Выпускнікі прадэманстравалі здольнасць зрабіць прэзентацыйны ролік да маладзёжнага музычнага праекта, добры кліп, як напрыклад, да песні “Сонца ўзыйдзе” групы “Без білета”, рэкламны ролік для інтэрнэт-крамы і сацыяльны — для дзіцячага фонда UNICEF. А яшчэ на прыкладзе выдатнай маляванай анімацыі распавесці пра герояў беларускай міфалогіі.

Віртуальны дызайн быў прадстаўлены 3D-увасабленнем Бярозаўскага кляштара картэзіянцаў, стварэннем персанажаў для мабільнай гульні, нагадваў пра сацыяльныя праблемы, апавядаў пра падзеі Першай Сусветнай вайны і творчасць мастачкі Нінэль Шчаснай.

Такім чынам, яшчэ адзін выпуск Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пайшоў у жыццё. Але галоўная інтрыга застаецца — якія імёны з прыгаданых мы яшчэ не раз назавем у будучым, калі будзем казаць пра беларускае мастацтва.