Ён быў настаўнікам мэтраў

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

Са Злучаных Штатаў Амерыкі прыйшла сумная навіна — у апошні дзень чэрвеня на 81-м годзе жыцця нас пакінуў Анатоль Занеўскі. Легендарны прадстаўнік “старой гвардыі” плакатыстаў, стваральнік кафедры графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, называць якога сваім настаўнікам лічаць за гонар многія сённяшнія мэтры.

/i/content/pi/cult/699/15331/opt.jpegЁн прыйшоў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут яшчэ ў сярэдзіне 1970-х гадоў. Да таго часу паспеў атрымаць вучоную ступень кандыдата архітэктуры, папрацаваць на кафедры архітэктуры Беларускага політэхнічнага інстытута. Дык чым жа быў абумоўлены такі піруэт у кар’еры?

Справа ў тым, што Анатоль цэлы год стажыраваўся ў ВНУ Польшчы, сам чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах Варшавы, Кракава, Уроцлава. Польшча ж у той час была адным з еўрапейскіх лідараў у дызайне плаката. Менавіта тая стажыроўка і натхніла Анатоля на ўласную творчасць у гэтай галіне. Пазней ён нават стаў пераможцам міжнароднага конкурсу, стварыўшы вельмі цікавы плакат, які ўяўляў у сябе тэкст напісанай ад рукі біяграфіі самога аўтара — нібы абагульнены вобраз чалавека той эпохі.

У Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце Занеўскі спачатку працаваў у якасці дацэнта кафедры прамысловага мастацтва. Тады дызайнеры-“аб’ёмшчыкі” і дызайнеры-графікі вучыліся разам, а раздзяленне па спецыялізацыі адбывалася толькі на апошніх курсах. Але ўжо наспела неабходнасць іх дыферэнцыяцыі з самага пачатку адукацыі, бо спецыяльнасці вельмі розныя па сваім характары. І менавіта Анатоль Занеўскі стаў ініцыятарам стварэння ў 1977 годзе новай кафедры, якая павінна была рыхтаваць дызайнераў, што спецыялізуюцца ў графічнай галіне. У духу таго часу, гэтая кафедра першапачаткова атрымала назву кафедры нагляднай агітацыі, выставы і рэкламы.

На пасадзе яе кіраўніка Анатоль Занеўскі заставаўся да 1986 года. За гэты час было падрыхтавана больш за сто выдатных спецыялістаў графічнага дызайну. Сярод іх — такія вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі творцы, як Уладзімір Цэслер, Сяргей Войчанка, Андрэй Шалюта. Менавіта ў гэты час беларускі плакат набыў асаблівы росквіт, выйшаўшы на міжнародную арэну — у чым ёсць несумненная заслуга і Анатоля Занеўскага. У сваёй педагагічнай рабоце ён праяўляў сябе неардынарным выкладчыкам, які абуджаў у студэнтаў творчую думку, крэатыў. Умеў зацікавіць іх, скіраваць да нестандартнага шляху рашэння праблем.

У 1986 годзе Занеўскага запрасілі працаваць у Таджыкістан — для ўмацавання тамтэйшага дызайну. На новым месцы Анатоль таксама праявіў сябе найлепшым чынам: плённа займаўся праектнай работай, стварыў факультэт дызайну ў Таджыкцкім тэхналагічным універсітэце, узначаліў рэспубліканскі Саюз дызайнераў.

Але калі распаўся Савецкі Саюз, Таджыкістан пачало ліхаманіць. Ратуючыся ад баявых дзеянняў, Занеўскі быў вымушаны выехаць у ЗША — да свайго сына, які там жыў ужо даволі даўно. Там Анатоль і заставаўся да канца свайго жыцця.

Кафедра ж, ля вытокаў якой стаяў Занеўскі і якая сёння называецца кафедрай графічнага дызайну, жыве і актыўна развіваецца, працягваючы традыцыі, закладзеныя некалі яе стваральнікам і першым загадчыкам. Яго памятаюць шматлікія вучні і калегі. І цяпер, калі Анатоль Занеўскі пайшоў з жыцця, іх сэрцы поўніць жаль і вялікі смутак.

Якаў ЛЕНСУ, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дызайну БДАМ