Гран-пры атрымаў Пясняр!

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

Напрыканцы чэрвеня ў Душанбэ адбыўся XV Міжнародны конкурс “Мастацтва кнігі” дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Беларускія выдавецтвы атрымалі 11 узнагарод

Свае лепшыя кнігі ў сталіцы Таджыкістана прадставілі “Мастацкая літаратура”, “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, “Беларусь”, “Вышэйшая школа” і іншыя айчынныя выдавецтвы. Агулам у конкурсе ўдзельнічала 107 выданняў з 6 краін СНД: Беларусі, Казахстана, Таджыкістана, Расіі, Кыргызстана і Туркменістана.

Як вядома, беларускія кнігі неаднаразова станавіліся пераможцамі гэтага прэстыжнага конкурсу. Так было і сёлета: айчынныя выдавецтвы атрымалі ажно 11 узнагарод у розных намінацыях. Асабліва прыемна, што Гран-пры конкурсу было прысуджана выдавецтву “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” за анталогію аднаго верша Янкі Купалы “А хто там iдзе?” на мовах свету.

Названая кніга выйшла па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі краіны. Укладальнікамі сталі доктар філалагічных навук Вячаслаў Рагойша і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.

— Гэты праект аб’яднаў пісьменнікаў, перакладчыкаў і людзей з розных кантынентаў, улюбёных у беларускую паэзію, — адзначыла Алена Ляшковіч. — У кнізе змешчаны нават пераклад верша на мову баскаў, зроблены спецыяльна для гэтага выдання пры падтрымцы беларусаў замежжа, якія сёння пражываюць у Іспаніі.

Адкрывае кнігу факсіміле верша “А хто там iдзе?”, якое знаходзіцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Таксама ў анталогіі змешчаны дзясяткі рэпрадукцый карцін беларускіх мастакоў, якія звярталіся да жыцця і творчасці Песняра.

Як адзначыў дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Уладзімір Андрыевіч, усе кнігі-пераможцы конкурсу плануецца прэзентаваць у верасні ў Іванава на юбілейным, дваццаць пятым Дні беларускага пісьменства.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"