Ляцець, нічога не баючыся

№ 27 (1362) 07.07.2018 - 13.07.2018 г

30 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара з сёлетнімі выпускнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі ў сферы культуры. Мерапрыемства прайшло напярэдадні Рэспубліканскага балю з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

/i/content/pi/cult/699/15329/5.JPGНа сустрэчы прысутнічалі рэктары і выпускнікі ВНУ, а таксама шэраг запрошаных гасцей.

— Беларусь здолела захаваць унікальную сістэму мастацкай адукацыі — у нас функцыянуюць дзіцячыя музычныя і школы мастацтваў, каледжы, цудоўныя творчыя ВНУ, — адзначыў напачатку сустрэчы Юрый Бондар. — Вядома, значная роля ў падтрымцы маладых людзей адводзіцца спецыяльнаму фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі. Яго лаўрэатамі з 1996 года, нагадаю, сталі амаль чатыры з паловай тысячы чалавек.

На думку міністра, у эпоху глабалізацыі, многія народы знаходзяцца пад пагрозай страты нацыянальнай ідэнтычнасці. “Таму задача культуры самабытнасць беларускага народа захоўваць, прымнажаць і перадаваць нашчадкам, — падкрэсліў Юрый Бондар. — Уклад у гэты працэс можа зрабіць кожны грамадзянін Беларусі, у тым ліку і вы — таленавітыя выпускнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі ў сферы культуры.

А яшчэ міністр нагадаў выпускнікам, што на сферу культуры ў Беларусі выдаткоўваецца 0,4 працэнты ўнутранага валавага прадукту, у рамках Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады ладзіцца вялікая колькасць знакавых мерапрыемстваў, у тым ліку і з удзелам беларусаў замежжа, рэстаўруюцца шматлікія аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, а таленавітыя выпускнікі маюць рэальную магчымасць займаць кіруючыя пасады ва ўстановах культуры Беларусі. У якасці прыкладу Юрый Бондар згадаў цяперашняга дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Паўла Сапоцьку, выпускніка БДУКіМ, які таксама прысутнічаў на мерапрыемстве.

Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Дулава пажадала выпускнікам творчага палёту і радасці дасягнення мэт. “Не забывайце пра тое, што ў ВНУ вы атрымалі фундамент, а далей — ляціце па жыцці, нічога не баючыся!” — сказала Кацярына Дулава.

У ходзе сустрэчы Юрый Бондар адказаў і на пытанні выпускнікоў. Напрыклад, што б ён параіў паглядзець у Беларусі замежнаму турысту. Кіраўнік ведамства сказаў, што, мабыць, у першую чаргу варта звярнуць увагу іншаземца на помнікі, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны і ўнесены ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны UNESCO.

Напрыканцы сустрэчы міністр культуры яшчэ раз павіншаваў маладых людзей з атрыманнем дыпломаў і пажадаў ім добрага жыццёвага шляху — як творчага, так і асабістага. У сваю чаргу, былыя студэнты падзякавалі міністру культуры за якасную адукацыю, якую яны атрымалі ў сценах сваіх alma mater, а таксама ўручылі Юрыю Бондару памятны падарунак і кветкі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"