Незгасальная паходня Памяці

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

Усё далей і далей ад нас той вялікі дзень 3 ліпеня 1944-га, калі вызваленне Мінска, а потым і ўсёй Беларусі стала сапраўдным фактам таго, што наша агульная Перамога не за гарамі. Ужо мінула 74 гады. І што дзіўна: той дзень з часам нібы зноў пачынае набліжацца да нас — праз новыя дакументы, фільмы, архіўныя крыніцы і асабліва праз успаміны ўдзельнікаў вялікай вайны, сівых ветэранаў, хто да сённяшняга часу, на шчасце, застаўся ў жывых і так ці інакш удзельнічаў у вызваленні нашай Радзімы.

Я маю на ўвазе мастакоў Леаніда Шчамялёва, Віктара Грамыку, Мікалая Назарчука, Андрэя Заспіцкага, Аляксандра Салаўёва. Асабіста для мяне іх успаміны асабліва дарагія. Можа таму, што былых франтавікоў-беларусаў ужо амаль не засталося: а ваявала на франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі больш за 150 прафесійных творцаў, якія пасля Перамогі на ўсё жыццё абралі для сябе прафесію жывапісца, графіка ці скульптара, упісаўшы свае імёны ў выяўленчы летапіс савецкай эпохі. Для некаторых ветэранаў Вялікая Айчынная вайна і стала галоўнай Памяццю іх жыцця, потым увасобленай у палотнах, скульптурах, гравюрах, плакатах, малюнках.

І ў гэтым сэнсе 3 ліпеня, якое стала Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і сапраўдным агульнадзяржаўным сімвалам свабоднай краіны, гэта яшчэ адна крыніца, дзе захоўваецца тая самая свяшчэнная Памяць, увасобленая ў мастацтве.

Я добра ведаў многіх ветэранаў, сябраваў з імі. Яны казалі, што многае забываецца: імёны, твары, галасы, адчуванні, перажытыя на палях баёў. Знамянальна, усе яны памятаюць 22 чэрвеня да найдрабнейшых дэталяў, як і 9 мая. 3 ліпеня 1944-га таксама памятаюць, асабліва тыя, хто непасрэдна вызваляў беларускія гарады і вёскі. Існуе, відаць, нейкая ўласцівасць памяці чалавека, якая праз шмат гадоў здольная аднавіць дні, вызначальныя для яго лёсу. Але ніколі не забываецца адно невымоўнае, невыказнае — “пачуццё” вайны.

/i/content/pi/cult/698/15326/page-14-15-copy-4.jpg

Тым, хто не зведаў, што гэта такое, хто ўяўляе вайну толькі па кніжках, фільмах, палотнах і скульптурах, мабыць, цяжка зразумець, чаму тое, што захавалася ў душах былых франтавікоў і партызанаў, нельга візуальна адлюстраваць ні фарбамі, ні гукам, ні словам, ні акцёрскім выкананнем. І тым не менш, яны, былыя воіны, пераможцы, сваім мастакоўскім талентам усё зрабілі для таго, каб дзеці і ўнукі хаця б трошкі ўвайшлі ў тую гераічную і трагічную прастору, у якой іх бацькі і дзяды, тады зусім маладыя і бязвусыя, апынуліся ў гады вайны.

Нястрыманая вера ў тое, што нічога на свеце няма вышэйшага за праўду, любоў і дабрыню, чырвонай ніткай праходзіць у іх лепшых творах пра вайну і мір. Яны свой абавязак перад Радзімай выканалі. І ў мірны час зрабілі ўсё магчымае, каб у створаных імі карцінах, пейзажах, партрэтах, натурных эцюдах з месцаў баявых дзеянняў сумленна была данесена да нашчадкаў маральная сутнасць таго, што адбылося ў “сороковых, роковых, свинцовых и пороховых” гадах і як адраджалася зраненая зямля беларуская.

Мне здаецца, што такія творы, як палотны “Парад партызан у 1944 годзе ў Мінску” і “Вызваленне Мінска” Яўгена Зайцава, “Мінск. 3 ліпеня 1944 года” Валянціна Волкава, “Балада пра мужнасць” Гаўрылы Вашчанкі, “Салдаты” і “Песня аб маім атрадзе” Уладзіміра Грамыкі, “Першы дзень міру” і “Генерал Даватар” Леаніда Шчамялёва, “Капітуляцыя пад Мінскам” Абрама Кроля, “Партызанская мадона (Беларуская)”, “Віцебскія вароты” і “Стратэгі аперацыі “Баграціён” Міхаіла Савіцкага, “Беларусь — маці партызанская” Мая Данцыга, “За родную Беларусь” Уладзіміра Сухаверхава, “За Беларусь. Аперацыя “Баграціён” і “Май. 1945 год” Івана Стасевіча, “Сустрэча партызан з Чырвонай Арміяй” Івана Ціханава, скульптурныя кампазіцыі “Вясна Перамогі” і “Памяць” Анатоля Анікейчыка, партрэты герояў Вялікай Айчыннай вайны Заіра Азгура, Андрэя Бембеля, Аляксея Глебава, Сяргея Селіханава, графічныя серыі “Беларусь — край партызанскі” Мікалая Гуціева, “Партызаны Беларусі” Сяргея Раманава, “Партызаны” Арлена Кашкурэвіча, “Мінскае падполле” Людвіга Асецкага, натурныя эцюды, зробленыя ў першыя месяцы і гады аднаўлення Мінска і шмат іншых твораў, не кажучы пра выдатныя помнікі і мемарыялы, — менавіта для сённяшняй моладзі з’яўляюцца компасам, па якім трэба выбіраць правільны маральны шлях.

Менавіта напярэдадні Дня Незалежнасці маёй краіны хачу ўспомніць толькі некаторыя імёны мастакоў (на жаль, некаторыя ўжо падзабытыя), хто мужна прайшоў са зброяй у руках па франтавых і партызанскіх шляхах вайны, набліжаў вясну вялікай Перамогі: афіцэры — Герой Савецкага Саюза Міхаіл Зялёнкін, Іван Пушкоў, Віктар Вярсоцкі, Ісак Давідовіч, Сцяпан Андруховіч, Манас Манасзон, Уладзімір Мінейка, Уладзімір Сакалоў, гвардыі старшыя сяржанты — Леанід Шчамялёў, Іосіф Белановіч і Іван Ціханаў, радавыя — Міхаіл Савіцкі, Сяргей Каткоў, Іван Стасевіч, Яўген Ражкоў, Фёдар Бараноўскі, Абрам Кроль, партызаны — Віктар Грамыка, Мікалай Гуціеў, Уладзімір Сухаверхаў, Соф’я Лі, Антон Бархаткоў, Сяргей Раманаў, Генрых Бржазоўскі і шмат іншых “кавалёў” Перамогі.

На жаль, пра вайну пакаленне маладых ведае ўжо павярхоўна. Да таго ж, ігнаруючы аб’ектыўнасць фактаў, у некаторых краінах палітыкі прынцыпова і свядома перапісваюць гісторыю тых падзей, прафесійна выкарастоўваючы сучасны кінематограф, СМІ, інтэрнэт. І самае сумнае: некаторыя вераць. А я думаю толькі пра адно: як захаваць, не страціць Праўду? І вось тут на моладзь уся надзея: калі не яна, то хто панясе далей незгасальная паходня Памяці?

Барыс КРЭПАК