Дыверсант, які стаў навукоўцам

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

1 ліпеня 2018 года спаўняецца 100 год з Дня нараджэння прафесара Максіма Болбаса. Свае навуковыя працы ён прысвяціў цікаваму і важнаму аспекту нашай мінуўшчыны — гісторыі беларускай эканомікі. Аднак адметны яго лёс не толькі грунтоўнымі даследаваннямі і руплівай выкладчыцкай дзейнасцю. Перад тым як засяродзіцца на працы ў бібліятэчнай цішы, гэты наш суайчыннік прайшоў праз усе выпрабаванні свайго бурапеннага веку.

/i/content/pi/cult/698/15325/page-14-15.jpgАдзін з найлепшых у атрадзе

Пачатак яго біяграфіі досыць звыклы для свайго часу. Максім Фёдаравіч нарадзіўся ў вёсцы Слабодка Бабруйскага раёна ў сялянскай сям’і. Цягу да асветы меў з дзяцінства, а ўжо ў падлеткавым узросце стаў і сам “сеяць разумнае, добрае, вечнае”. Хлопец пачаў сваю кар’еру настаўніка, калі яму было ўсяго шаснаццаць. Тады, у эпоху паўсюднага “лікбезу”, такіх кадраў вельмі не хапала. Спярша ён працаваў у Клічаўскім раёне, потым — на далёкай Камчатцы, потым ізноў вярнуўся ў родныя мясціны.

А потым наступіла 22 чэрвеня 1941 года. Пасля акупацыі Беларусі педагог па прызванні быў вымушаны займацца зусім не мірнымі справамі — і далучыўся да руху супраціву. Спачатку была рызыкоўная і самаахвярная барацьба ў складзе Брожскага падполля. Затым — сыход у партызаны. Максім Фёдаравіч трывала ўпісаў сваё імя ў гісторыю атрада імя Кірава 37-й брыгады імя Пархоменкі, якая дзейнічала на Міншчыне. Яго аднапалчане ўспаміналі: “Складана было знайсці ў атрадзе больш адважнага хлопца. Ён удзельнічаў у адзінаццаці баях па разгроме варожых гарнізонаў, хадзіў на “жалезку”, падарваў чатыры аўтамашыны з салдатамі, двойчы быў паранены”.

Студэнт у 30 гадоў

Пасля вызвалення роднай зямлі Максім Болбас зноў паспяхова працуе ў сістэме асветы. Кіраўніцтва школамі ў былой Баранавіцкай вобласці спалучаецца з уласнай адукацыяй — вучобай у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які былы партызан скончыць толькі ў 30-гадовым узросце.

Зрэшты, здзіўляцца тут не выпадае. Гэта былі галодныя гады, час вялікіх матэрыяльных нястачаў. За партамі ў тых класах, дзе праводзіў урокі Максім Болбас, сядзелі дзеці вайны, сярод якіх было нямала пераросткаў. Аднак нават у гэтых надзвычай складаных умовах дырэктар змог на добрым узроўні арганізаваць працу педагагічных калектываў.

Яго поспехі былі заўважаныя, і ўжо неўзабаве яму даручылі рыхтаваць будучых настаўнікаў. Максіма Болбаса запрасілі на пасаду выкладчыка Бабруйскага педагагічнага вучылішча. А потым ён перабраўся ў знакамітую Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Там у яго працоўнай біяграфіі наступіў якасна новы этап: не толькі першы вопыт выкладання ў вышэйшай школе, але і пачатак навуковай дзейнасці. Быў зроблены выбар тэмы даследаванняў, якой ён прысвяціў усё астатняе жыццё: сістэмная рэканструкцыя гісторыі прамысловасці Беларусі ў дарэвалюцыйны перыяд.

Колішні сельскі настаўнік адчуваў сябе на навуковай ніве ўсё больш упэўнена. І неўзабаве ён ужо пераязджае ў сталіцу БССР, каб працягваць там свае даследаванні на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка Інстытута эканомікі Акадэміі навук Беларусі. У 1962 годзе Максім Фёдаравіч абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Формы і стадыі развіцця прамысловасці ў дарэформеннай Беларусі”.

Што ж новага ўнёс ён у навуку? Быў капітальна даследаваны працэс перарастання рамяства ў дробную простую кааперацыю. Болбас пераканаўча даказаў, што напярэдадні рэформы 1861 года ў многіх галінах вытворчасці доля капіталістычных суб’ектаў гаспадарання была пераважнай. Аўтар выступіў піянерам у вылучэнні спецыфікі вотчынных мануфактур на беларускіх землях. Ён упершыню дакладна падлічыў, якая ж доля прамысловай прадукцыі выраблялася мануфактурнымі рабочымі ў апошні дарэформенны год — 48%. І ніхто з гісторыкаў дасюль яе не аспрэчыў.

Навуковец адкрыў для чытача гісторыю першых на беларускіх землях фабрык: мукамольна-крупчастай у Магілёве і цукровай у Беліцы пад Гомелем. Праведзена вычарпальнае даследаванне кожнага з 30 прадпрыемстваў з машыннай вытворчасцю, якія існавалі ў дарэформенны час. Папраўдзе ўражвае дэталёвы галіновы аналіз прамысловасці таго перыяду. Скажам, прасочваецца ўзнікненне суднабудавання, запалкавых, фанерных прадпрыемстваў.

50 тысяч картак

З 1968 года пачалася больш чым дваццацігадовая праца Максіма Болбаса ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце (цяпер — Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце). Ён пройдзе тут шлях ад старшага выкладчыка да прафесара. У 1979 годзе ўзначаліць кафедру палітычнай эканоміі, якую папярэдне сам, фактычна, і створыць.

А годам раней выйшла манаграфія Максіма Фёдаравіча пад назвай “Прамысловасць Беларусі, 1860 — 1900 гг.” — праца, папраўдзе этапная ў сваёй галіне. Ядро крынічнай базы складаюць эксклюзіўныя факты, выяўленыя за час шматгадовай працы ў архівах і бібліятэках Мінска, Вільнюса, Масквы, Ленінграда... Пры гэтым, дэманструючы высокую даследчыцкую культуру, аўтар вычарпальна паказваў унёсак у распрацоўку тэмы сваіх папярэднікаў.

Моцнае ўражанне на любога даследчыка робіць аповед Болбаса пра яго “творчую кухню”. З прадмовы можна даведацца, што працуючы над кнігай, аўтар стварыў уласную базу даных з 50 тысяч картак, кожная з якіх прысвячалася асобнаму прадпрыемству ды ўтрымлівала звесткі пра колькасць яго рабочых, магутнасць рухавікоў і гэтак далей. І ўсе яны былі даткліва падзеленыя па паветах і губернях, стаўшы грунтоўным базісам для аналітычнай працы, якая дазволіла аўтару стварыць абагульняльную карціну дынамікі ўсіх форм і галін айчыннай прамысловасці: хатняй, рамеснай, дробнай капіталістычнай, мануфактурнай, фабрычнай.

Тут шмат што зроблена ўпершыню. Выкарыстоўваюцца нестандартныя метады для вызначэння ўзроўня прадукцыйнасці працы. Высвятляецца ўвесь спектр пытанняў, звязаных са спецыялізацыяй і размяшчэннем суб’ектаў гаспадарання. У гэты ж шэраг трэба паставіць таксама разгляд прамысловага перавароту ў кантэксце агульнарасійскіх сацыяльна-эканамічных і тэхналагічных рэалій. Навуковец давёў, што “прамысловы пераварот на Беларусі быў здзейснены прыкладна ў 1898 — 1899 гады — гэта значыць гадоў на дзесяць пазней, чым па Расійскай імперыі ўвогуле.

Дзве грунтоўныя манаграфіі сталі асновай доктарскай дысертацыі Максіма Болбаса “Развіццё прамысловасці на Беларусі (1795 —1900 гг.)”, абароненай у Маскоўскім інстытуце народнай гаспадаркі імя Георгія Пляханава ў 1984 годзе. І тут ён таксама быў першым — першым доктарам эканамічных навук у заходнім рэгіёне БССР.

Здавалася б, грунтоўныя архіўныя даследаванні павінны былі займаць увесь яго час. Аднак разам з даследаваннямі Максім Болбас надаваў немалую ўвагу і прапагандзе тых ведаў, якія былі звязаны з яго навуковымі інтарэсамі. Толькі для беларускай энцыклапедыі ён напісаў дзясяткі артыкулаў. Папулярызацыі гісторыі прамысловасці Беларусі ў дарэвалюцыйны перыяд паспрыялі і яго кнігі, разлічаныя не на вузкае кола спецыялістаў, а на зацікаўленага масавага чытача.

Урэшце, Максім Болбас запомніўся тым, каму пашчасціла яго ведаць, і як узорны сем’янін. Разам з жонкай, якая шмат гадоў працавала ў сістэме аховы здароўя, выхаваў дзвюх дачок.

Ён пайшоў з жыцця 1 красавіка 1997 года, пакінуўшы па сабе добрую памяць, змястоўныя даследчыцкія набыткі і шмат вучняў, якія працягваюць ягоную справу і сёння. Без сумневу, багатае на падзеі жыццё Максіма Болбаса з’яўляецца выдатным прыкладам для сучаснай моладзі — шлях якой да навуковай кар’еры, што ні кажы, куды менш пакручасты.

Міхаіл СТРАЛЕЦ,
доктар гістарычных навук, прафесар