“І вякуе дзень даўжэй за век…”

№ 26 (1361) 30.06.2018 - 07.07.2018 г

Менавіта гэтак, у перакладзе Міхася Стральцова на беларускую мову, хочацца згадаць крылатае выслоўе, якое стала назвай рамана Чынгіза Айтматава. Чаму? Таму, што нават асобныя дні і ночы, так ці інакш звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной (не абавязкова, уласна кажучы, з буйнымі баявымі аперацыямі), засталіся для яе ўдзельнікаў, і асабліва для нас, беларусаў — іхніх дзяцей, унукаў і праўнукаў — свяшчэннай Памяццю на вякі. Да такіх падзей хачу аднесці і легендарныя партызанскія парады, якія ў ліпені 1944-га, можна сказаць, нечакана для большасці гараджан, урачыста і на высокім узроўні прайшлі ў Мінску і Віцебску.

/i/content/pi/cult/698/15324/page-14-15-copy-3.jpgЯк вядома, на досвітку 3 ліпеня 1944 года 2-і гвардзейскі танкавы корпус генерала Аляксея Бурдзейнага ўварваўся ў Мінск з паўночнага ўсходу. Неўзабаве да яго далучыліся і часці 5-й гвардзейскай танкавай арміі. З паднёўнага ўсходу ў горад уступіў і танкавы корпус 1-га Беларускага фронту генерала Міхаіла Панова. Так пачалося вызваленне беларускай сталіцы, у якім прынялі ўдзел і іншыя армейскія часці і партызаны. У выніку, яшчэ да канца дня Мінск быў цалкам свабодны ад ворага. Да 10 ліпеня ў горадзе ўжо знаходзілася амаль 5 тысяч
партызан, а яны ўсё прыбывалі і прыбывалі.

І тады на чарговым пленуме ЦК КП(б)Б было прынятае рашэнне арганізаваць у гонар вызвалення рэспублікі не толькі мітынг, але і парад беларускіх
партызан-пераможцаў. Месцам яго правядзення абралі вялікі зялёны луг (былы іпадром) у раёне вуліцы Чырвонаармейскай у лукавіны Свіслачы. Гэтае поле загадзя размініравалі і паставілі пад ахову партызанскага атрада “Буравеснік”. Таксама недалёка размясцілі зенітныя гарматы ў выпадку паветранага налёту “Юнкерсаў”: як вядома, люфтвафэ такія
авіярэйды рабіла.

І тут варта нагадаць, што да поўнай Перамогі было яшчэ цэлых 10 месяцаў! Ды і частка Беларусі дасюль заставалася пад ботам ворага.

Да пачатку парада ў Мінску ўжо назапасілася болей за 30 тысяч партызан. І вось пачалося! Раніца 16 ліпеня, як па заказе, выдалася сонечнай, прыемнай. На цэнтральнай трыбуне — першы сакратар ЦК КП(б)Б і старшыня СНК БССР Панцеляймон Панамарэнка, іншыя кіраўнікі краіны, камандзіры партызанскіх злучэнняў, а таксама ваенные дзеячы Чырвонай арміі на чале с камандуючым 3-м Беларускім фронтам Іванам Чарняхоўскім.

Парад адкрывала
партызанская брыгада “Народныя мсціўцы” імя Васіля Варанянскага. За ёй ішлі разведчыкі, падрыўнікі, кулямётчыкі з брыгад “Беларусь”, “Буравеснік”, імя Сталіна, Шчорса, Чапаева, Чкалава, Кірава і гэтак далей. Ехалі партызанскія коннікі. У руках маладых і старых байцоў — брыгадныя сцягі і плакаты, самая розная айчынная, трафейная і самаробная “лясная” зброя. Каціліся трафейныя гарматы.

А вось і вельмі цудоўная карцінка: у калоне шэсця важна ступае партызанскі казёл па мянушцы Малыш, які ўпрыгожаны стужкай... з нямецкімі ардэнамі. За гэтым бліскучым парадам з вялікім хваляваннем і радасцю назіралі каля 50 тысяч жыхароў! Хіба можна забыць такое?

На наступны дзень, 17 ліпеня, у Маскве адбылася іншая легендарная акцыя: па вуліцах правялі 57 тысяч нямецкіх салдат, афіцэраў і генералаў, якія былі ўзяты ў палон у час Беларускай наступальнай аперацыі.

Гэтыя падзеі агульнавядомыя. Чаго, на жаль, не скажаш пра парад партызан, які адбыўся 23 ліпеня 1944 года ў горадзе Віцебску — амаль праз месяц пасля вызвалення горада часцямі 3-га Беларускага і 1-га Прыбалтыйскага франтоў. Пра той парад пяць гадоў таму ўпершыню расказаў вядомы журналіст і краязнаўца Аркадзь Падліпскі ў сваёй невялічкай кнізе “Партызанскі парад у Віцебску”, прысвечанай менавіта гэтаму ўнікальнаму гістарычнаму факту. І тым самым ліквідаваў яшчэ адну “белую пляму” ў гераічнай гісторыі партызанскага руху ў Беларусі. Даследчык абапіраўся на архіўныя матэрыялы і ўспаміны ўдзельнікаў таго легендарнага парада.

І як жа праходзіла гістарычная акцыя? Вядома, што горад знаходзіўся ў акупацыі 1080 дзён, і за гэты трагічны перыяд фашыстамі было знішчана больш за 60 тысяч мірных жыхароў ды 76 тысяч савецкіх ваеннапалонных, цалкам разбурана каля 40 прамысловых прадпрыемстваў, амаль усе дамы, масты, крамы, вакзал, навучальныя ўстановы, музеі, кінатэатры (акрамя “Спартака”), бальніцы і гэтак далей. Захавалася ўсяго 7% жылога фонду, а з даваеннага 180-тысячнага насельніцтва горада сваіх вызваляльнікаў 26 чэрвеня 1944 года сустракалі толькі 118 ацалелых жыхароў.

І вось, у гэтым шматпакутным горадзе, калі ўсюды яшчэ зеўралі свежыя раны вайны, было вырашана правесці партызанскі парад! Па вялікім рахунку, невядома, каму першаму прыйшла такая думка. Але дакладна можна сказаць, што 12 ліпеня 1944 года дадзенае пытанне абмяркоўвалася на сумесным пасяджэнні бюро Віцебскага абкама і гаркама КП(б) Беларусі з удзелам прадстаўнікоў яго ЦК і гарадскіх улад. Тады і было прынята канчатковае рашэнне.

Свята праходзіла на тагачасным Пралетарскім бульвары (цяпер — вуліца Багдана Хмяльніцкага), дакладней, на яго скрыжаванні з вуліцай Бязбожнай (цяпер — Шубіна). Той раён раней шмат гадоў называўся Сянной плошчай. Чаму было абрана менавіта гэтае месца? Ды таму, што яно ацалела на папялішчах вайны — у адрозненне, скажам, ад цалкам разбураных галоўных плошчаў Свабоды і імя Леніна.

Праз чатыры дні пасля парада газета “Віцебскі рабочы” апублікавала рэдакцыйную справаздачу пра гэтае мерапрыемства на цэлую паласу. А паколькі галоўным рэдактарам (з лістапада 1942 года па кастрычнік 1945-га) быў колішні начальнік штаба разведкі партызанскага атрада імя Варашылава брыгады Канстанціна Заслонава журналіст Аляксей Крушынскі, які з’яўляўся ўдзельнікам парада, то, хутчэй за ўсё, ён і быў аўтарам гэтай перадавіцы.

У мітынгу і парадзе-дэманстрацыі прымалі ўдзел у тым ліку кіраўнікі партызанскіх брыгад і падполля на Віцебшчыне Мінай Шмыроў, Васіль Лузгін, Якім Жылянін ды іншыя — імёны, якія ў тыя часы былі на слыху ва ўсіх, хто так ці інакш звязаны з барацьбой беларускага народа супраць акупантаў. Агульная колькасць удзельнікаў — каля дзесяці тысяч чалавек.

У фінале сваёй кнігі Аркадзь Падліпскі піша: “Мітынг і парад партызан у гонар вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — гэта асобая,
неардынарная падзея ў гісторыі горада. Шкада, што пра яе ведаюць яшчэ далёка не ўсе віцябчане. Вось чаму
неабходна неяк адзначыць на карце горада гэтае першае пасляваеннае свята. Лепш за ўсё — спецыяльным памятным знакам, у крайнім выпадку — мемарыяльнай дошкай”.

Шчыра кажучы, не ведаю, ці з’явіўся такі мемарыяльны знак у гэтым горадзе?

І напрыканцы — вось пра што. Справа захавання гістарычнай памяці — задача не толькі выяўленчага мастацтва, літаратуры, журналістыкі. Гэта клопат усеагульны і шматгранны. Ён непасрэдна звязаны і з захаваннем гістарычных і культурных каштоўнасцей, дзе жыве душа, талент народа. Гэтыя каштоўнасці належаць усім нам разам і кожнаму паасобку, дзе б ён па волі лёсу ні апынуўся.

Барыс КРЭПАК

Выкарыстаны фота з кнігі “Партызанскі парад у Віцебску”